Прадпрымальнікі зьбіраюцца мітынгаваць і страйкаваць

2007 2007-11-28T12:59:51+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ад 1 студзеня пачынае дзейнічаць прэзыдэнцкі ўказ №760, згодна зь якім права выкарыстоўваць наёмную працу застанецца толькі ў юрыдычных асобаў — дзяржаўных і прыватных. Аднак стаць юрыдычнай асобай у выглядзе прыватнага ўнітарнага прадпрыемства нават на льготных умовах не пажадалі больш за 90% індывідуальных прадпрымальнікаў. Ці будуць яны працаваць пасьля Новага году, якія настроі пануюць у прадпрымальніцкім асяродзьдзі?

З васьмі тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, зарэгістраваных у падатковай інспэкцыі аднаго з раёнаў Менску, перарэгістраваліся 360 чалавек.

Гаспадар некалькіх шапікаў Мікалай Рамашын выказаў “Радыё Свабода” такое меркаваньне:

“Дзяржава выставіла ўльтыматум. Пачала размаўляць са сваім народам ультыматумамі. Пасьля Новага году, паводле крыніцаў у Саўміне, пачнуць па поўнай праграме, выбачайце за выраз, “дручыць” прадпрымальнікаў. Да прыкладу, тыя дакумэнты, якія проста не працавалі, кшталту “кніг уліку і прасоўваньня тавараў”, будуць правяраць цалкам”.

Але агульная колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў расьце. На сёньня вядома, што толькі каля пяцісот чалавек у Менску ліквідуюць свой бізнэс, сьцьвярджае старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа.

“Калі ўлічыць, што цяпер па Менску больш за тысячу ў месяц рэгіструецца індывідуальных прадпрымальнікаў, то агульная колькасьць вырасьце. У асноўным гэта зьвязана з тым, што яны рэгіструюць сваіх наёмных працаўнікоў у якасьці ІП.

То бок, дзяржава потым можа адрапартаваць, што “геніяльным” указам №760 яно стымулявала рост індывідуальнага прадпрымальніцтва”.

Але частка дробных прадпрымальнікаў, якія трымаюць пару шапікаў ці палатак і маюць некалькі наёмных працаўнікоў, вымушаная будзе згарнуць свой бізнэс, кажа Мікалай Рамашын:

“Скароціцца, канечне. Па-другое, сыдуць у цень. Цыгарэты на рынках забаранілі прадаваць? Цяпер ходзяць па Ждановічах, Чэрвеньскім рынку, па ўсіх рынках Менску зьявіліся “цыгарэтнікі”, якія былі дзесяць гадоў таму. Цяпер яны зьявіліся зноў.

Цяпер піва забараняюць на рынках прадаваць — атрымаецца, што зьявяцца людзі, якія носяць. Толькі беларусы могуць наступаць на адны і тыя ж граблі пяць-дзесяць разоў запар”.

Прадпрымальнікі зьбіраюць подпісы супраць прэзыдэнцкага ўказу №760.

Распавядае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Цацура:

“Мы падалі заяўку на правядзеньне 10 сьнежня а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы агульнарэспубліканскага мітынгу прадпрымальнікаў.

У пятніцу зьбіраюцца прадстаўнікі з рэгіёнаў, будзем абмяркоўваць, як падцягнуць максымальную колькасьць людзей з рэгіёнаў у Менск. Ну і з 1 студзеня зьбіраемся арганізаваць рэспубліканскі страйк прадпрымальнікаў без уплаты падаткаў”.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць:

“Асяродзьдзе супраціўляецца, як можа. Але для прадпрымальнікаў крытычным будзе 2008 год. Да канца 2008 году зьбіраюцца наагул усе льготы забраць ва ўсіх індывідуальных прадпрымальнікаў — незалежна ад таго, зь якой колькасьцю людзей яны працуюць”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international