Дэпутаты збіраюцца забараніць следчыя эксперыменты да вясны

2007 2007-11-27T16:46:21+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be
Хабарнікаў яны прапануюць не саджаць за краты, а “прапісваць” у газетах і пажыццёва пазбаўляць магчымасці займаць кіруючыя пасады.

За краты сёлета села на 10 адсоткаў больш людзей, чым выйшла на волю. Нягледзячы на тое, што колькасць злачынстваў, па афіцыйных звестках, у краіне скарачаецца. Падчас выязной вучобы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Іваноўскі прапанаваў пабудаваць 3 новыя калоніі на 2 тысячы чалавек кожная. Каб выправіць сітуацыю.
 
Па словах кіраўніка прэс-службы Генпракуратуры Міхаіла Вавулы, такім чынам пракуратура клапоціцца пра тое, каб умовы ўтрымання зняволенага адпавядалі еўрапейскім стандартам. У межах эканамічнай здольнасці дзяржавы.


Міхаіл Вавула: “Сістэма павінна быць пабудавана такім чынам, каб забяспечыць прынцып непазбежнасці пакарання. Па-другое, каб ізаляваць асабліва небяспечных злачынцаў ад грамадства. І каб быў баланс паміж інтарэсамі грамадства і асуджанага чалавека. Мы павінны, у межах эканамічных здольнасцяў дзяржавы, забяспечыць адбыццё зняволеным пакарання”.


Нават у Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС лічаць, што неабходна змяншаць колькасць артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць. Намеснік начальніка Дэпартамента Віталь Стуканаў сцвярджае, што кодэкс у нас вельмі жорсткі, і лічыць, што некаторыя злачынствы можна пераводзіць у склад адміністрацыйных.


У адказ дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касцян прапанаваў вызваліць ад крымінальнай адказнасці хабарнікаў. На яго думку, іх трэба не ў турму саджаць, а прапісаць імёны ў газетах і прымусіць выплочваць штраф. У 10-кратным памеры ад сумы хабару.


Сяргей Касцян: “Хабарнікаў і тых, хто хабар дае, трэба публікаваць у газетах. І каб у залежнасці ад сумы хабару пазбаўлялі магчымасці займаць кіруючыя пасады ад 5 гадоў да пажыццёвага тэрміну. Далей: узяў хабар у 100 долараў – у 10-кратным памеры вярні ў дзяржаўную казну”.


Дэпутат не хавае таго, што пытаннем пакарання хабарнікаў ён стаў цікавіцца пасля таго, як за хабар у 100 долараў на 8 гадоў зняволення была асуджана яго знаёмая старшыня сельсавету. Пра неадпаведнасць злачынства і пакарання ён нават казаў на абмеркаванні праекта Закона “Аб амністыі”. Як варыянт магчымасці выйсці на волю жанчыне прапанавалі папрасіць аб памілаванні прэзідэнта, але яна катэгарычна адмовілася.


Сяргей Касцян:
“Яна заявіла, што будзе сядзець да канца жыцця, але не будзе прасіць аб памілаванні, бо хабар быў справакаваны. Дазволены быў эксперымент. Але праваахоўныя органы аформілі гэты эксперымент як злоснае хабарніцтва. І людзі апынуліся за кратамі. А яны павінны былі толькі псіхалагічна праверыць, як гэта спрацоўвае, а не адпраўляць гэтага чалавека за краты”.


Яшчэ да завяршэння восеньскай сесіі дэпутаты павінны разгледзець папраўку ў закон аб забароне следчых эксперыментаў. Ахвярамі іх, па словах сенатара Савета Рэспублікі Мікалая Чаргінца, становяцца не толькі “хабарнікі”, але і “наркаманы”.


Мікалай Чаргінец: “Я разыходжуся ў меркаваннях з высокапастаўленнымі чыноўнікамі з праваахоўных органаў, якія лічаць, што за любую колькасць наркотыкаў трэба караць жорстка і без размоў. Відаць, яны ніколі не сутыкаліся з трагедыяй, калі дзіцё, якое ніколі не мела спраў з наркотыкамі, выпадкова стала саўдзельнікам продажу альбо набыцця часткі грама нейкага наркотыка”.


Мінімальны тэрмін пакарання такім “наркаманам” – 8 гадоў. А за хабар у 100 долараў адпраўляюць у калонію на 6. Мікалай Чаргінец кажа, што пасля столькіх гадоў у калоніі чалавек не выпраўляецца, а, хутчэй, становіцца рэцыдывістам.


Мікалай Чаргінец: “Я добра ведаю, што малады чалавек, які адбыў пакаранне ў 6, 7, 9 гадоў, не выпраўляецца, а прыходзіць з “акадэмічнай” адукацыяй, і яго псіхалогія зменена”.


Людзей, якім прысудзілі пакаранне ад 5 гадоў і вышэй, у Беларусі больш 18 тысяч. Міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў сцвярджае, што злачыннасць у краіне скарачаецца. Але сёлета трапіла за краты на 10 адсоткаў больш людзей, чым з калоній выйшла.


Дэпутат Сяргей Касцян кажа, што мяняць Крымінальны кодэкс у бліжэйшым часе не будуць. Але некаторыя яго артыкулы, магчыма, зробяць больш мяккімі і ліберальнымі. І забароняць урэшце праводзіць следчыя эксперыменты, якія нават дэпутаты называюць не інакш, як правакацыяй. На пытанне, чаму адразу нельга было зрабіць Крымінальны кодэкс больш ліберальным, дэпутат Касцян адказаў, што ўсе робяць памылкі. Толькі з-за гэтых памылак, па словах старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы, за краты патрапіла сёлета больш за 5 тысяч чалавек, якім можна было прызначыць больш мяккае пакаранне. Але закон не дазволіў суддзям гэтага зрабіць.


Даведка Еўрарадыё

Па афіцыйных даных, на 1 лістапада ў Беларусі асуджана 120.000 чалавек. Больш за 30 тысяч адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях; 6700 – у папраўчых установах адкрытага тыпу; 1170 – у арыштных дамах; 3600 – у ЛПП. Больш за 7000 чалавек знаходзяцца ў следчых ізалятарах і больш за 10000 пакараныя без абмежавання волі.


17% асуджаныя за крадзеж; 13% -- за забойства, 9% -- за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі; 8% -- за рабаванні і цяжкія цялесныя пашкоджанні. 35% асуджаных адбываць пакаранне тэрмінам ад 5 да 10 гадоў; 30% -- ад 1 да 3 гадоў; 17% -- ад 3 да 5; 10% -- ад 10 да 15; 4% -- звыш 15 і 1% -- звыш 20 гадоў.


У Беларусі 27% ад агульнай колькасці прысудаў звязаныя з пазбаўленнем волі. Да прыкладу, у Швецыі і Японіі прысудаў з пазбаўленнем волі выносіцца не больш 3%.


Па колькасці асуджаных на 100.000 чалавек – 36.000 – Беларусь займае 2-е месца ў Еўропе. Першае -- Расія.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international