Вінцук Вячорка: Беларускую гуманітарную навуку заганяюць у рэзэрвацыю

2007 2007-11-26T14:07:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Улада пайшла-такі на крок, пра які даўно хадзілі пагалоскі. Гвалтам, насуперак думцы навуковае грамадзкасьці, зьлітыя ў адно два акадэмічныя інстытуты – Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа ды Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы. Фактычна ж зьнішчаюцца абодва як паўнавартасныя навуковыя пляцоўкі для фундамэнтальных дасьледзінаў беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў.

Хто ведае гісторыю беларускай акадэмічнай навукі, адразу прыгадае, што такая аб’яднаная структура існавала толькі на самым пачатку станаўленьня беларускае гуманістыкі – у 20-я гады, а потым працавалі самастойныя галіновыя інстытуты. У аўтаномных нацыянальных рэспубліках Расейскай Фэдэрацыі, дзе пасьлядоўна й пасьпяхова здзяйсьняецца плян русыфікацыі, нацыянальная гуманістыка даўно загнаная ў такія “інстытуты мовы, літаратуры й фальклёру”.

Задачы, якія стаяць перад двума інстытутамі, аб’екты дасьледзінаў – блізкія, але розныя. Падобных гібрыдаў няма й быць ня можа ўва ўсіх суседніх з намі краінах, бо там дбаюць пра сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, культуру, мову, а тым самым пра рэальны патрыятызм.

Спасылкі на фінансавыя праблемы гучаць недарэчна на фоне папулісцкага выдаткаваньня сродкаў на “прэстыжныя” будоўлі кшталту бібліятэкі ці лядовых падацаў, на фоне велізарных заробкаў блізкіх да ўлады сілавых структураў.

Я разглядаю гэты крок уладаў як чарговае пацьверджаньне іх курсу на зьнішчэньне беларускае культуры й мовы, прыхаванага за дэмагогіяй пра патрыятызм і незалежніцкай рыторыкай. Палітычную, эканамічную й культурную незалежнасьць Беларусі, якая зноў апынулася пад пагрозай, уратуе толькі сьвядомы народ. Беларускі народ, які шануе сваю непаўторную мову, багатую літаратуру, гістарычную памяць, што сягае тысячагодзьдзя.

Даклярую, што Беларускі Народны Фронт чынна падтрымае захады дзеля абароны беларускае гуманістыкі, дзеля будучыні нашае навукі. Заклікаю саміх навукоўцаў не маўчаць. Бо калі скарыцеся цяпер – будуць заганяць у рэзэрвацыю далей.

Вінцук Вячорка 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international