КДБ супраць «Белсата»
27.11.2007.
Тэгі: журналісты, перасьлед, КДБ, Белсат.
Крыніца: Хартыя'97.
З 10 снежня пачынае сваю дзейнасць першы недзяржаўны тэлеканал для беларусаў – “Белсат”. Гомельскае КДБ спрабуе высветліць, хто з мясцовых журналістаў збіраецца супрацоўнічаць з незалежным тэлебачаннем.
Трансляцыя спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” на Беларусь будзе ажыццяўляцца з Варшавы. Для аб’ектыўнага асвятлення беларускіх падзей незалежнае тэлебачанне падрыхтавала сетку карэспандэнтаў ў кожным рэгіёне краіны. Менавіта ў рэгіёнах спецслужбы і пачалі вылічаць магчымых супрацоўнікаў “Белсата”. Сярод першых ахвяраў апынуўся жыхар Гомеля Сяргей Падсасонны, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Сяргей Падсонны распавядае “Нямецкай хвалі”, што цікавіцца ягонай асобай “органы” пачалі з нядаўняга часу. Аднойчы на кватэру да журналіста завіталі міліцыянты і паведамілі, што "насупраць майго пад’езду ў двары пабілі чалавека, таму яны апытваюць сведак падзеяў. Яны папрасілі прайсці ў кухню паглядзець, куды выходзяць вокны. Потым прайшлі ў мой пакой, паглядзелі там выгляд з вокнаў".
На гэтым міліцыянты развіталіся і сышлі. А на наступны дзень да маладога чалавека зноў прыйшлі нечаканыя госці.
"Я быў дома адзін. Быў званок у дзверы і зноў сказалі, што міліцыя. Але гэта былі прадстаўнікі КДБ. Першае, што сказалі – апранайся, калі хочаш, каб усё было добра".
Сяргею ўсё гэта нагадала сітуацыю 30-х гадоў. Яго спроба патэлефанаваць была адразу ж спынена. У выпадку супраціўлення кадэбэшнікі пагражалі Сяргею абвінавачваннем ў крымінальным злачынстве.
І бізуном, і пернікам
На службовай машыне Сяргея Падсасоннага прывезлі ў будынак Гомельскай управы КДБ. У кабінеце журналіст здолеў датэлефанавацца да Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Але калі прадстаўнікі БАЖа, у сваю чаргу, патэлефанавалі ў прэс-службу КДБ, ім адказалі, што такога чалавека не затрымлівалі.
"А мне ў гэты час сказалі, што мы вас не затрымлівалі, а вы сюды самі прыехалі дабраахвотна. А ўсім мы скажам, што вы самі сюды прыйшлі і захацелі нам распавесці пра “Белсат”.
Калі Сяргей Падсасонны адмовіўся размаўляць з чэкістамі, тыя пачалі пагражаць, што распаўсюдзяць чуткі, што журналіст з’яўляцца іх сталым супрацоўнікам. Калі і пагрозы не дапамаглі, "..яны перайшлі да прапановаў: вось ты працаваў ва універсітэце, мы дапаможам табе аднавіцца на працы – толькі з намі супрацоўнічай і распавядай пра “Белсат”.
Урэшце, без складання пратакола Сяргея Падсасоннага вызвалілі.
Чарговае парушэнне правоў
Кіраўнік гомельскай філіі БАЖа Анатоль Гатоўчыц эмацыйна ацэньвае сітуацыю, якая здарылася з сябрам ягонай арганізацыі:
"Я лічу, што дзеянні такога кшталту парушаюць усялякія існуючыя у Беларусі законы, правы чалавека".
Анатоль Гатоўчыц паведаміў, што Беларуская асацыяцыя журналістаў з нагоды інцыдэнту падрыхтавала заявы ў пракуратуру і іншыя інстанцыі.
Нагадаем, што Гомельскі рэгіён з’яўляецца лідэрам па пераследу журналістаў, падазраваных у дзейнасці на замежныя СМІ без акрэдытацыі. На дадзенай падставе ўжо тры незалежныя журналісты атрымалі ад абласной пракуратуры афіцыйныя папярэджанні.
Навіны па тэме
03.12.2008 Аляксандар Сілкоў чакае рашэння па сваёй справе (адноўлена)
03.12.2008 Актывіст нечакана даведаўся, што знаходзіцца ў вышуку
03.12.2008 Перасьлед апазыцыянэраў працягваецца
01.12.2008 Сарваная вечарына, прысьвечаная Слуцкаму збройнаму чыну
28.11.2008 Супраць актывіста пачалі крымінальную справу
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








