Віталь Супрановіч: Музыкам далі час. Час выбіраць.

2007 2007-11-23T15:18:27+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Мне звоняць людзі і пытаюцца што адбываецца… Нехта выкідвае дыскі, нехта кажа што, ніколі ня пойдзе на канцэрты… Ніколі не кажыце ніколі, кажуць мудрыя.

Пазыцыя ўладаў не зьмянілася. Яны па‑ранейшаму ня могуць згадзіцца з тым, што у грамадзтве можа існаваць паралельная ідэалёгія, што людзі могуць разважаць, думаць, памыляцца, кахаць, любіць, ненавідзець… Адным словам проста СВАБОДНА жыць. Жыць для Беларусі, як калісьці проста жыла для Беларусі Ларыса Геніюш.

Выступайце, але не займайцеся палітыкай… Палітыка аказваецца у нас таксама ёсьць правільная і няправільная. Дарафеева і кампанія, агітуючы за пэўнага кандыдата, атрымліваецца, не займаюцца палітыкай? Мо і іх варта забараніць? А рок‑музыкі на канцэрце «Песьні свабоды» ўжо займаюцца. Мы ня ведаем, як адбывалася гэтая сустрэча, хто, што каму абяцаў ці не абяцаў. Але што значыць палітыка для ўладаў? Немагчыма ў нашай краіне быць нэўтральным. Удаецца тое адзінкам. Ці ты пад чырвона‑зялёным ці ты пад бел‑чырвона‑белым. Таму калі ты ня там і ня там, ты усё роўна супраць іх. І ты ня маеш права на сваю думку! Палітыка для ўлады гэта і «Басовішча», і канал «Белсат» (цікава што з тымі кліпамі што зьнялі музыкі), і нават як бачым «Рок‑Кола». Пайсьці на гэтую сустрэчу для ўладаў таксама пэўны крок. Адзінае мы ня ведаем, што стаяла за гэтым крокам. Хочацца верыць — ШЧЫРАЕ жаданьне разабрацца і спыніць маразм і тэрор у адносінах да музыкаў. Гэта адно разважаньне.

Шэф лэйблу БМА‑груп, арганізатар рок‑канцэртаў і аўтар фэсту «Права быць свабодным» Віталь Супрановіч выклаў на просьбу "Тузін Гітоў" свае думкі, што да сустрэчы музыкаў у адміністрацыі прэзыдэнта.

Другое гэта музыкі. Якія 3 гады як у рэзэрвацыі жывуць. Музыка мусіць мець сувязь са сваім слухачом. Калі няма канцэртаў і ратацыі на фм‑станцыях, то на хера тады пісаць новыя песьні, шукаць грошы на запіс і гэтак далей? Я іх разумею…

Пакуль нічога ні добрага ні дрэннага не адбылося.

Адзінае ясна, што ні заўтра, ні празь месяц N.R.M. не загучыць на дзяржаўным радыё і ня дасьць канцэрт у Палацы Спорту.

Музыкам далі час. Час выбіраць. Калі улады ўбачаць, што яны прыслухаліся, то магчыма будзе палёгка. Калі ж не, то ужо другой сустрэчы ня будзе. Ясна дадзена зразумець ці вы з намі, ці супраць нас. Нэўтралку ці дурня ня ўключыш. І мне цяжка паверыць, што Вольскі адмовіцца ад удзелу ў праекце да 90‑ых угодкаў БНР, Варашкевіч ня дасьць кампазыцыю на «Песьні свабоды», Кульлінковіч не сустрэнецца з фанатамі на Ўправе БНФ, Хаменка ня выступіць, як некалі на фоне бел‑чырвона‑белага на канцэрце беларускай дыяспары ў Расеі… Бо гэта пакуль яшчэ для ўладаў палітыка! Палітыка варожая, ня правільная.

Трэба час, каб улады зразумелі, што у грамадзтве жывуць людзі з рознымі думкамі, поглядамі, якія слухаюць розную музыку, але разам з гэтым гэта ня ворагі, а яны ўсе жыхары АДНОЙ краіны і маюць на гэта права. Гэтая сустрэча‑паўкрокі да гэтага разуменьня. ЯНЫ мусяць успрыняць НАС сваімі жыхарамі, а МЫ — што яны НАША ўлада. Цяжка. Ведаю… Законная‑незаконная, добрая‑дрэнная, правільная‑неправільная, але рэальная ўлада. Кажу не пра пэрсаналіі, а пра саму фактуру.

Мы б з радасьцю правялі наступны фэст «Права быць свабодным» у Беларусі, дзе былі б і чырвона‑зялёныя і бел‑чырвона‑белыя, дзе б выступілі і дазволеныя і забароненыя. А сярод слухачоў былі б амніставаныя палітвязьні, адміністрацыя ў поўным складзе… КДБ б не забірала сьцягі, а разам зь міліцыяй ганяла п’яных і забірала фашыстоўскую сымболіку…

І гэта б быў першы крок да прымірэньня, бо ад супрацьстаяньня стаміліся усе. Найбольш музыкі. Прычым розных лягераў музыкі… і фанаты. Таму бяз панікі. Усё будзе добра, як сьпявае Сьвета Сугака! Хочацца верыць што усе людзі мяняюцца і што калісьці усё стане на свае месцы.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international