Вернікі-пратэстанты часова ня будуць пускаць чыноўнікаў у свой храм

2007 2007-11-23T15:12:32+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вернікі пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” Аб’яднаньня суполак хрысьціян поўнага Эвангельля прынялі рашэньне часова прыпыніць наведваньне свайго храма менскімі чыноўнікамі. Рашэньне было прынятае на сходзе вернікаў з мэтай не дапусьціць захопу будынку на час, пакуль ня будзе вырашана пытаньне вернікаў у Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка паведаміў “Свабодзе”, што ён накіраваў ліст кіраўніку аддзела ў надзвычайных сытуацыях Маскоўскага раёну Менску Мікалаю Бараноўскаму. Ён папярэдзіў чыноўніка, што часова прадстаўнікам яго ўстановы будзе абмежаваны доступ у будынак, пакуль ня будзе судовага рашэньня ў справе вернікаў.

Нагадаем, у 2002 годзе вернікі набылі на ўскрайку Менску былы калгасны кароўнік і адрамантавалі за свае грошы. У 2005 годзе менскія ўлады забаранілі ладзіць там набажэнствы, а ў 2006 – пералічылі на рахунак царквы каля 17 тысяч даляраў кампэнсацыі за будынак. За гэтыя грошы вернікі не змаглі б набыць нават аднапакаёвай кватэры. 9 кастрычніка яны, паводле пастановы ўладаў, мусілі вызваліць будынак.

На знак пратэсту вернікі распачалі 23-дзённую галадоўку. У выніку справай вернікаў заняўся Вышэйшы гаспадарчы суд. Ён адмяніў ранейшыя пастановы аб высяленьні вернікаў і пазбаўленьні іх зямельнага надзелу, але канчатковае рашэньне дагэтуль не прынятае.

Пастар Вячаслаў Ганчарэнка гаворыць:

«Сытуацыя крыху нас насьцярожвае. Папросту хацелася б вырашэньня пытаньня. Не хацелася б напружаннасьці, бо гэта патрабуе шмат рэсурсаў. Урэшце рэшт, 21 стагодзьдзе. Настаў час зьмяняць сваё мысьленьне ў нашай краіне».

Юрыст царквы Сяргей Луканін паведаміў «Свабодзе»:

«Цягам тыдня было некалькі нечаканых візытаў прадстаўнікоў розных службаў. Гэтая сытуацыя нам вельмі нагадала тое, што адбылося летась, калі ў нас ледзь не адабралі наш будынак. Вось і цяпер яны прыехалі на чатырох машынах: мікрааўтобус з міліцыяй і «джып» зь нейкімі двума маладымі людзьмі ў цывільным з відэакамэрай. Усе яны спрабавалі ўвайсьці ў наш будынак. Для нас гэтая сытуацыя відавочная. Мы й далей будзем пільна сачыць за ўсім гэтым, каб наш будынак застаўся ў нашых руках».

У леташняй галадоўцы ўдзельнічалі вернікі іншых пратэстанцкіх цэркваў. Яны пільна сочаць за сытуацыяй вакол будынку на вуліцы Кавалёва, каб у выпадку новых спробаў пазбавіць вернікаў храма, праявіць сваю салідарнасьць з вернікамі царквы «Новае жыцьцё».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international