КДБ шукае арганізатараў акцыі пратэсту школьнікаў у Мазыры

2007 2007-11-23T10:27:15+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mozyr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Супрацоўнікі КДБ у Мазыры наведваюць школьнікаў і студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту 16 лістапада. Яны патрабуюць назваць прозьвішчы арганізатараў акцыі. У той дзень міліцыянты затрымалі дваццаць пяць чалавек на плошчы Леніна, сярод якіх былі 12-гадовыя школьнікі. У затрыманых знайшлі расьцяжку “Не — скасаваньню льготаў!”.

Супрацоўнікі Мазырскага КДБ цікавяцца імёнамі арганізатараў акцыі.

Нагадаем, 16 лістапада, у Дзень салідарнасьці, міліцыянты затрымалі некалькіх чалавек у цэнтры Мазыра — на плошчы Леніна.

Некалькіх школьнікаў затрымалі на падыходах да плошчы. У затрыманых знайшлі расьцяжку “Не — скасаваньню льготаў!”. У пастарунку міліцыі затрыманыя патлумачылі, што хацелі выказаць стаўленьне да праблемы скасаваньня льготаў сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва.

Мікола Жукоўскі быў сьведкам тых падзеяў, а потым сам трапіў у пастарунак, дзе правёў чатыры гадзіны.

“Я меў там размову з палкоўнікам КДБ. Ён спачатку са мной размаўляў па-беларуску, казаў: “О, мы любім беларускую мову...” Потым пачалі крычаць, ціснуць, казалі, каб я быў мужыком і прызнаўся, што ішоў на акцыю”, -- рапавёў актывіст для “Радыё Свабода”.

Студэнта пэдагагічнага ўнівэрсытэту Хведара Чаранкова супрацоўнікі КДБ наведалі пасьля таго, як паразмаўлялі зь ягонымі сябрамі.

“Мяне выклікалі да прарэктара. Я туды зайшоў, а там сядзелі двое супрацоўнікаў КДБ. Прапанавалі мне “чыстасардэчна” прызнацца. Перад тым, як мяне выклікаць, яны выклікалі маіх сяброў і запытвалі ў іх пра мяне”, -- кажа хлопец.

Бацька Хведара Юрась Чаранкоў лічыць, што ягонага сына спрабуюць запалохаць. Ён апавёў, што на яго таксама спрабуюць ціснуць праз адміністрацыю на працы.

“Супрацоўнікі КДБ у школах у дзяцей пыталіся, ці ведаюць яны Хведара Чаранкова. Прасілі іх сказаць, што ён быў арганізатарам акцыі. Дзеці казалі, што, наагул, яго ня ведаюць. Пасьля гэтага супрацоўнікі КДБ прыйшлі ва ўнівэрсытэт і выклікалі майго сына. Казалі пра яго, што ён “прапашчы” чалавек, а сябра ягонага “прэсавалі” паўтары гадзіны. Хлопец ужо разгублены ходзіць. Ня ведае, што рабіць. Маральна хочуць дзяцей зьнішчыць”, -- кажа Юрась Чаранкоў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international