Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень талерантнасьці

2007 2007-11-16T13:55:31+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Генэральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў заснавала яго ў 1995 годзе з мэтаю пашырэньня ў сьвеце ідэяў цярпімасьці і паразуменьня, культурнай і гістарычнай разнастайнасьці народаў. Ці застаецца талерантным беларускае грамадзтва?

Навукоўцы заяўляюць, што характарыстыка беларусаў як нацыі талерантнай і памяркоўнай склалася гістарычна. Падставаю для такой характарыстыкі – менш агрэсіўнае і менш ваяўнічае стаўленьне да суседзяў у параўнаньні зь іншымі народамі.

Ці лічаць сябе талерантнымі сучасныя жыхары Беларусі, цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах сталіцы:

Спадар: “Калі паглядзець на гісторыю, то беларусы заўсёды ведалі гора, галечу. Таму яны заўсёды са шкадаваньнем ставяцца да іншых людзей. Разумеюць іх цяжкасьці і патрэбы. А таксама жадаюць дабра”.

Юначка: “У нашай дзяржаве, вядома, ёсьць людзі, якія добра ставяцца, паважаюць адзін аднаго. Я лічу, што так было, ёсьць і будзе”.

Спадар: “Мне падаецца, што калі ў сёньняшнім грамадзтве мы няшмат дазваляем сабе публічна абмяркоўваць нейкія надзённыя праблемы, то гэта нейкая квазіталерантнасьць, нават абыякавасьць”.

Максымальнай адзнакаю паводле дзесяцібальнай шкалы ахарактарызавала талерантнасьць беларускага грамадзтва намесьніца старшыні камісіі па правох чалавека Палаты прадстаўнікоў Іна Пчэльнік: “У Беларусі 140 нацыянальнасьцяў – мы ж паважаем іхнюю культуру. Паводле Канстытуцыі, кожны мае права самастойна вызначаць сваё стаўленьне да рэлігіі. Вось таксама прыклад таго, што ў нас талерантнае грамадзтва. У нас дзяржава дзьвюхмоўная – таксама талерантнасьць. А калі ўжо размаўляць усім па-беларуску, то на сапраўднай беларускай мове, а ня тое, што нам прапануе наша апазыцыя, каверкаючы беларускую мову”.

Пытаньні талерантнасьці беларускага грамадзтва былі тэмаю дасьледаваньня праваабарончага цэнтру “Вясна”. Беларускія і швэдзкія праваабаронцы на пачатку 2000-году канстатавалі факт: у краіне высокая ступень нецярпімасьці, асабліва ў пытаньнях нацыянальных, рэлігійных, сэксуальных і палітычных.

Як зьмяняецца гэтае становішча, гаворыць праваабаронца Алесь Бяляцкі: “Мы бачым з боку дзяржавы непаважлівае стаўленьне, як яны пішуць, да нетрадыцыйных рэлігіяў. Тыя ж крышнаіты, пратэстанты ўспрымаюцца як сэкты і цярпяць перасьлед. Тое ж тычыцца і міжнацыянальных адносінаў. З аднаго боку, улады кажуць, што ў нас усё добра. А зь іншага, разьвіцьцё нацыянальных культур знаходзіцца на прымітыўным узроўні. Цалкам адсутнічае нацыянальнае беларускае выхаваньне, пачынаючы ад садка і заканчваючы ВНУ. Адначасна, калі людзі пачынаюць адстойваць свае правы ў галіне адукацыі, мовы і нацыянальнага разьвіцьця, адразу навешваюцца зусім іншыя ярлыкі. Разуменьне шматлікай палітры сёньняшняга сьвету ў беларускіх уладаў, мне падаецца, адсутнічае”.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international