20 дзень галадае рэдактар “Местной газеты”Андрэй Шантаровіч – стан яго здароўя значна пагоршыўся

2004 2004-11-08T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

(Радыё Свабода)

На дваццаты дзень галадоўкі стан здароўя рэдактара незалежнай ваўкавыскай “Местной газеты” Андрэя Шантаровіча значна пагоршыўся. Мясцовыя й цэнтральныя ўлады, нягледзячы на пратэсты спадара Шантаровіча й ягоных калегаў, не зьвяртаюць на галадоўку ўвагі. Кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў накіравала Андрэю зварот з просьбай спыніць галадоўку.

8 лістапада пайшоў дваццаты дзень галадоўкі рэдактара ваўкавыскай “Местной газеты” Андрэя Шантаровіча. Ён патрабуе, каб Міністэрства інфармацыі аднавіла выхад прыпыненай на месяц газэты, а мясцовыя ўлады далі дазвол на афіцыйнае разьмяшчэньне тыднёвіка ў Ваўкавыску. Карэспандэнт Радыё Свабода зьвязаўся з Андрэем Шантаровічам і вось, што ён паведаміў пра стан свайго здароўя:

(Шантаровіч: ) “Значна пагоршыўся, адчуваю сябе ня вельмі добра. Кружыцца галава, ляжу больш, чым хаджу. Такая агульная слабасьць, і ўвогуле ня вельмі добра пачуваюся”.

Галоўны рэдактар “Местной газеты” гаворыць, што і міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч, і мясцовыя ўлады проста ігнаруюць усе яго пісьмовыя звароты.

Кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў Эдуард Мельнікаў, Тацяна Мельнічук, Міхаіл Пастухоў і галоўны рэдактар газэты “Народная воля” Іосіф Сярэдзіч 8 лістапада спрабавалі сустрэцца зь міністрам інфармацыі Ўладзімерам Русакевічам.

Але сустрэча не адбылася. Памочнік міністра спадар Казлоў сказаў, што Ўладзімер Русакевіч заняты й ня можа іх прыняць. Міністэрства інфармацыі таксама не зьбіраецца даваць адказ на пісьмовы зварот БАЖ у справе галадоўкі Андрэя Шантаровіча.

Таму кіраўніцтва журналісцкай асацыяцыі накіравала рэдактару “Местной газеты” зварот з просьбаю спыніць галадаваньне. Гаворыць намесьнік старшыні БАЖ Эдуард Мельнікаў:

(Мельнікаў: ) “Мы зьвяртаемся да Андрэя… Ён патрэбны як прафэсійны журналіст, як чалавек, жыцьцё якога й здароўе патрэбныя гэтай прафэсіі. А калі мы бачым, што ўлады наогул не зьвяртаюць на гэта ўвагі, то нам трэба думаць, каб нашыя калегі былі ў страі”.

У Ваўкавыску таксама працягвае галадоўку пэнсіянэрка Валянціна Салдатава. Яна галадае адзінаццаты дзень, пратэстуючы супраць фальшаваньня вынікаў галасаваньня ў Ваўкавыску, і сказала, што спыняць галадоўку не зьбіраецца.

8 лістапада на свабоду пасьля 7 сутак арышту за арганізацыю пікету супраць уціску незалежных СМІ выходзіць гарадзенскі журналіст Павал Мажэйка. Увесь час знаходжаньня ў турме ён таксама трымаў галадоўку.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international