Прадпрымальнікі выйдуць на мітынг

2007 2007-11-15T11:21:04+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Менгарвыканкам дазволіў прадпрымальнікам правесці 19 лістапада 2007 года мітынг у сталічным парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор. Заяўку на яго правядзенне 1 лістапада падалі актывісты рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва".

Як паведаміў БелаПАН старшыня савета РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка, мэта мітынгу – стварэнне ўмоў для актыўнага і шырокага дыялогу паміж дзяржаўнымі органамі ўлады і прадпрымальніцкімі структурамі Беларусі ў мэтах паляпшэння эканамічных умоў для развіцця прадпрымальніцкага патэнцыялу ў краіне.

А.Шумчанка нагадаў, што асноўныя праблемы прадпрымальнікаў сёння звязаныя з дзеяннем указу прэзідэнта № 760. Паводле гэтага дакумента з 1 студзеня 2008 года індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) не могуць прыцягваць наёмных працаўнікоў, за выключэннем членаў сям'і і блізкіх сваякоў. Пры гэтым застаецца ў сіле абмежаванне колькасці працаўнікоў у ІП да трох чалавек.

"Мітынг, які мае адбыцца 19 лістапада, – гэта фактычна апошні шанец сёлета для прадпрымальнікаў публічна заявіць пра свае праблемы. Гэтыя праблемы павінны быць бачныя праз лёс кожнага чалавека, які прыйдзе на мітынг. Ад таго, наколькі наш голас апынецца сапраўды моцным і гучным, будзе залежаць, ці пачуюць нас органы дзяржаўнай улады і ці пойдуць яны, нарэшце, на нейкія саступкі прадпрымальніцкаму руху", – заявіў лідэр РГА "Перспектыва".

Паводле яго слоў, прадпрымальнікі маюць намер дамагацца перамоўнага працэсу з вышэйшым кіраўніцтвам краіны. "Калі ўлада не ўсвядоміць неабходнасць гэтага, наперадзе нас чакае канфрантацыя і рост напружанасці ў прадпрымальніцкай супольнасці. Пры такім развіцці падзей прайграе ўся краіна", – дадаў А.Шумчанка. Ён растлумачыў, што гаворка ў дадзеным выпадку ідзе пра развіццё ценявога сектара эканомікі, а таксама рост сацыяльнай напружанасці ў сувязі з скарачэннем і звальненнем людзей, якія працуюць у ІП.

Нагадаем, актывісты РГА "Перспектыва" праводзілі мітынг на плошчы Бангалор у Менску 10 верасня. Тады на акцыю ў падтрымку патрабаванняў прадпрымальнікаў прыйшлі каля тысячы чалавек.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international