Канцэрт «Нейра Дзюбеля» забаронены
15.11.2007.
Тэгі: забарона, канцэрт.
Крыніца: Хартыя'97.
Прэзентацыя новага альбома вядомага рок-гурту «Нейра-Дзюбель», якая павінна была прайсці сёння ў менскім клубе «Фартуна», забароненая. Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр групы Аляксандр Кулінковіч, «у клуб патэлефанавалі з выканкама Партызанскага раёна, а пасля прыйшлі людзі з КДБ».
«Я сам нічога не ведаю. Спачатку быў званок з адміністрацыі Партызанскага раёна, потым прыйшлі тры чалавекі з КДБ. Ведаю толькі, што забаранілі канцэрт. Апаратуру ўжо дэмантуюць. Канцэрту не будзе», – паведаміў Аляксандр Кулінковіч.
Звяртаючыся да людзей, якія сёння збіраліся прыйсці на канцэрт, Кулінковіч сказаў: «Не хвалюйцеся. Якім чынам мы будзем выступаць – не ведаю. Будзем жыць. Працаваць. Дакладна не здохнем. Няма такіх планаў. Як бы яны не імкнуліся», – сказаў музыка.
14 лістапада ў Менску павінна была прайсці канцэртная прэзентацыя новага альбома "Stasi" беларускага рок-гурту "Нейра Дзюбель".
Як паведаміў лідэр групы Аляксандр Кулінковіч, у альбом увайшлі 19 песень, з якіх шэсць на расейскай мове, астатнія – беларускамоўныя. Па традыцыі ў альбом таксама ўключаныя сем кароткіх вершаў. "Як і ўсе папярэднія альбомы, гэты будзе самым лепшым", – заявіў А.Кулінковіч, адзначыўшы, што ў параўнанні з папярэднім дыскам – "Tanki" – новы альбом "цяжэйшы".
Было некалькі варыянтаў назвы альбома, але ў выніку спыніліся на "Stasi". Так называлася выведка былой ГДР, растлумачыў лідэр гурту, структура, "якой нібыта няма, але насамрэч яна ёсць". Гэта адлюстроўвае рэальнае становішча "Нейра Дзюбеля" ў Беларусі, лічыць Кулінковіч.
Нагадаем, праблемы з арганізацыяй канцэртаў і з'яўленнем у тэле- і FM-эфіры ў "Нейра Дзюбеля" і некаторых іншых беларускіх музыкаў узніклі пасля іх удзелу ў 2004 годзе ў канцэрце пасля апазіцыйнага мітынгу, прымеркаванага да дзесяцігоддзя знаходжання Лукашэнкі ва уладзе.
Навіны па тэме
30.09.2008 Мінск адмовіў журналістам у перадачы тэлеінтерв’ю з Мілінкевічам
26.09.2008 Акцыя 28 верасня забаронена
17.09.2008 Улады Барысава забаранілі хрысьціянскі фэстываль
04.09.2008 Пікеты аб зніклых забароненыя
04.09.2008 Друкарня адмовілася рабіць улёткі на “тарашкевіцы”
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма











