У Ваўкавыску КДБ спрабаваў сарваць сход Партыі БНФ

2007 2007-11-12T16:26:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

11 лістапада ў Ваўкавыску адбыўся сход Партыі БНФ па вылучэньні дэлегатаў на Зьезд, які заплянаваны на 8-9 сьнежня 2007 году. На сходзе прысутнічалі лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, яго намесьнік Алесь Міхалевіч, кіраўнік гарадзенскай абласной арганізацыі Сяргей Мальчык, кіраўнік Ваўкавыскай арганізацыі Мікалай Кавальчук, сябра Ўправы Партыі БНФ Уладзімер Кішкурна.

Перад пачаткам мерапрыемства на сходзе выказаў жаданьне прысутнічаць кіраўнік мясцовай ідэалягічнай вэртыкалі. Аднак удзельнікі сходу вырашылі яго не пусьціць. “Юрыдычна яны мелі поўнае права так зрабіць, - кажа Вінцук Вячорка, - Ідэалягічная вэртыкаль ня мае паўнамоцтваў кантраляваць, правяраць дзейнасьць палітычных партыяў”.

Сход праходзіў пад безупынны грукат у бляху дзьвярэй супрацоўнікаў міліцыі, якіх было 4 чалавекі. Пільнаваць сход ім дапамагала некалькі чалавек у цывільным. Пасьля заканчэньня мерапрыемства, калі фронтаўцы пачалі выходзіць з будынку, супрацоўнікі міліцыі зрабілі спробу перапісаць пашпартныя зьвесткі.

Вінцук Вячорка выказаў неразуменьне з нагоды прысутнасьці ідэоляга. “Гэта ня першы сход Партыі БНФ у Гарадзенскай вобласьці, на які прыходзяць супрацоўнікі ідэалягічнай вэртыкалі. Пры гэтым яны ня маюць ніякага накіраваньня на ўдзел у сходах. Сёньня ў Ваўквыску я запытаўся ў ідэоляга, адкуль яму сталася вядома пра правядзеньне сходу. Нічога ўцямнага ён не адказаў. Улічваючы, што ідэоляг дзейнічаў салідарна зь міліцыянтамі і супрацоўнікамі ў цывільным, я раблю выснову, што такія візыты каардынуюцца сілавымі структурамі”.

Вінцук Вячорка лічыць, што такімі захадамі сябраў Партыі БНФ напалохаць ня ўдасца. “Ваўкавыскіх фронтаўцаў гэта не запалохала, а наадварот распаліла жаданьне працаваць”, - кажа лідэр Партыі БНФ.

Непрыемны сюрпрыз па прыезьдзе дадому, у Горадню, чакаў кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргея Мальчыка. Замок на дзьвярах яго кватэры быў адмыслова паламаны. “Гэта ўжо трэці выпадак, калі мне псуюць замок на дзьвярах. Зараз я не магу трапіць у кватэру, - сказаў Сяргей Мальчык. – лічу, што гэта прэвэнтыўная помста КДБ. Ім не ўдалося сарваць сход у Ваўкавыску, дык хоць такім чынам нашкодзілі”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international