Вярхоўны суд пакінуў у сіле папярэджаньні, вынесеныя апазіцыйным партыям

2007 2007-11-06T17:31:38+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Канец жніўня стаў для беларускіх апазіцыйных палітычных партыяў ня толькі часам актыўнай перадвыбарчай дзейнасці, але і адстойваньня (на жаль, беспасьпяховага) сваіх правоў у судзе. З 23 па 25 жніўня ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь праходзіў разгляд скаргі Партыі БНФ аб адмене вынесенага Мінюстам папярэджаньня, 25 і 26 жніўня – аналагічны працэс па скарзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 27 жніўня – Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, 31 жніўня пачаўся працэс па скарзе Партыі камуністаў Беларускай. Усе справы падобныя адна на адну як блізьняты і зьвязаныя з аднымі і тымі ж падзеямі.

1 ліпеня Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньні чатыром вышэйзгаданым партыям – Партыі БНФ, АГП, БСДГ і ПКБ. У папярэджаньнях, складзеных па адным узоры і насычаных як элементарнымі граматычнымі, так і сэнсавымі памылкамі, гаварылася, што “на падставе прадстаўленай у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь інфармацыі ўстаноўлена, што Народная кааліцыя “5+” (...) праз два нумары газеты “Народная воля” незаконна заклікала грамадзянаў Беларусі да ўдзелу ў правядзеньні 10 чэрвеня 2004 г. у 18 гадзінаў на плошчы Кастрычніцкай рэвалюцыі (такой плошчы ў Менску няма – аўтар.) несанкцыяніраванага пікета “Ланцуг неабыякавых чытачоў” у абарону газеты, апублікаванага праз газеты “Народная воля”. У вызначаны час несанкцыяніраваны пікет адбыўся, у якім удзельнічала і партыя (для кожнай партыі тут была напісаная яе назва - аўтар).”.

Адначасова чатыры гэтыя партыі атрымалі лісты з Мінюсту з патрабаваньнем “юрыдычна аформіць (інстытуцыяналізаваць) дзейнасьць “Народнай кааліцыі “5+”, паколькі “згодна тлумачальнага слоўніка рускай мовы С.І. Ожэгава і Н.Ю.Шведавай, кааліцыя – гэта аб’яднаньне, саюз (дзяржаваў, партыяў) дзеля дасягненьня агульнай мэты. Аналагічнае тлумачэньне даецца і ў іншых слоўніках”. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь, гаварылася ў лісьце Мінюсту, дазваляе ствараць саюзы (асацыяцыі) партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і іншых юрыдычных асобаў., а дзейнасьць незарэгістраваных саюзаў (асацыяцыяў) забароненая. “Адначасова прапануем прыпыніць свой удзел у дзейнасьці незарэгістраванага фармаваньня да вырашэньня пытаньня аб ягонай рэгістрацыі ва ўсталяваным парадку. У адваротным выпадку Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь будзе разглядаць удзел партыі ў дзейнасьці вышэйзгаданага аб’яднаньня як грубае парушэньне заканадаўства аб палітычных партыях”.

Ніяк інакш, як палітычнай замовай перад восеньскімі парламенцкімі выбарамі з мэтай “падвешваньня” найбольш моцных палітычных партыяў былі расцэненыя гэтыя дзеяньні Мінюсту, але ўсё ж партыі вырашылі абскарджваць вынесеныя папярэджаньні ў судзе. Вядома, не занадта спадзеючыся на незалежнасьць судовай сістэмы ў краіне і адпаведна – на станоўчы вынік.

Першы судовы працэс адбыўся па скарзе Партыі БНФ. Старшынствавала на судовым паседжаньні судзьдзя Жукоўская з удзелам пракурора Мазоўкі, а Міністэрства юстыцыі прадстаўляла Неаніла Фішкіна. Прадстаўлялі Партыю БНФ юрысты Уладзімір Лабковіч і Юры Чавусаў. Яны даводзілі, па-першае, што “Ланцуг неабыякававых чытачоў” ніякім чынам не з’яўляўся несанкцыянаваным сходам: падчас яго не было ніводнага затрыманьня, ніхто не папярэджваўся аб удзеле ў несанкцыянаванай акцыі і не панёс адказнасьці. Па-другое, палітычныя партыі, у тым ліку і Партыя БНФ, не заклікалі ад свайго імя да ўдзелу ў дадзенным мерапрыемстве – гэта быў заклік ад Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс”, а партыя, як цэльная арганізацыя не ўваходзіць у дадзеную кааліцыю – у яе ўваходзяць грамадзяне, якія з’яўляюцца сябрамі партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Гэта ўсё было дадведзена юрыстамі ў судовым працэсе, былі прадстаўлены доказы – пратаколы кіруючага органу партыі, у якіх не было згадак ні пра ўваходжаньне ў Народную кааліцыю “Пяцёрка-плюс”, ні пра рашэньне аб арганізацыі “Ланцуга неабыякавых чытачоў”.
Такія ж доказы былі прадстаўленыя і падчас судовага разгляду скаргі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дзе быў прадстаўлены цэлы пакет дакументаў, прынятых АГП за апошнія паўгады. Гэтыя дакументы таксама пацьвярджалі, што партыя, як юрыдычная асоба, не прымала рашэньня аб уступленьні ў Народную кааліцыю “Пяцёрка-плюс” і не заклікала да ўдзелу ў “Ланцугу неабыякавых чытачоў”.

Міністэрства юстыцыі і пракуратура будавалі свае доказы на матэрыялах, якія, па меркаваньні юрыстаў, у нармальнай судавытворчасьці ня маглі б нават быць прынятыя да разгляду – раздрукоўкі з Інтэрнэту і публікацыі ў СМІ. У гэтых матэрыялах паведамлялася пра стварэньне і дзейнасьць “Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс”, а таксама інтэрвью і лідэраў партыяў, дзе яны выказваліся ад імя кааліцыі. Па меркаваньні Мінюсту, палітыкі ў дадзеных выступах выкладалі не асабістую пазіцыю, пункт погляду партыяў. Таму і не дзіўна, што суд, напрыклад, падчас разгляду скаргі Партыі БНФ выказаў меркаваньне, што партыя павінна была адмежавацца ад свайго старшыні Вінцука Вячоркі, які некалькі разоў выступаў ад імя кааліцыі. Такім чынам, гавораць юрысты, суд пакараў Партыю БНФ за тое, што яна ня ўмешвалася ў жыцьцё сваіх сябраў, у прыватнасьці, старшыні, хаця ў законе напісана, што партыя ня можа адказаваць за ўчынкі сваіх сяброў.

Разам з тым, Закон “Аб палітычных партыях”, не ўтрымлівае патрабаваньняў аб неабходнасьці дзяржаўнай рэгістрацыі асацыяцый (саюзаў) палітычных партыяў. Новы законапраект гэтага закону не быў прыняты Палатай прадстаўнікоў напярэдадні выбараў. Выдадзены ж 11 верасьня 2003 году Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які ўнёс зьмены ў Дэкрэт ад 26 студзеня 1999 году “Аб некаторых мерах па ўпарадкаваньні дзейнасьці палітычных партыяў, прафесійных саюзаў, іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”, прадугледжвае дзяржаўную рэгістрацыю саюзаў (асацыяцыяў) палітычных партыяў. Як відаць, дадзены Дэкрэт таксама не ўтрымлівае тэрміну “кааліцыя”. І што датычыць разуменьня супрацоўнікамі Мінюсту тэрміну “кааліцыя”, то ім варта было б зазірнуць у тлумачальны слоўнік не філолага Ожэгава, а ў сьпецыяльны -- паліталагічны. Так, экцыклапедычны слоўнік “Паліталогія” пад рэдакцыяй Аверьянава Ю.І. 1993 году выпуску дае наступнае тлумачэньне: “Кааліцыя – пагадненьне, выпрацаванае партыямі ці грамадзкімі дзеячамі, дзеля ажыцьцяўленьня сумесных дзеяньняў”. Такім чынам, “кааліцыя” ня мае ніякіх прыкметаў “саюзу (асацыяцыі)” – не ствараюцца надпартыйныя органы, не прымаецца агульная праграма, няма статута, ніякіх правілаў агульнага ўзаемаядзеяньня. Гэта пагадненьне аб узаемадзеяньні падчас выбараў, а гэта ні ў якім разе, нават па нашым заканадаўстве, не павінна падлягаць рэгістрацыі. Таму слова “кааліцыя” няма ў Дэкрэце, ёсьць “асацыяцыя, саюз”, якія сапраўды павінны рэгістравацца.

 Нягледзячы на ўсе доказы і відавочную некампетэнтнасьць супрацоўнікаў Мінюсту, скаргі Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады не былі задаволены – папярэджаньні засталіся ў сіле. І тут няцяжка прадугадаць, якім будзе вынік разгляду скаргі Партыі камуністаў Беларускай.

Свае ўражаньні ад удзелу ў працэсе выказваюць прадстаўнікі Партыі БНФ:
Уладзімір Лабковіч: “Гэтае рашэньне відавочна палітычна матываванае. Яно даказвае, што ў краіне адсутнічае незалежная судовая сістэма, незалежная пракуратура. Можна лічыць, што ўлады пачалі правовое зьнішчэньне палітычных партыяў перад выбарамі і гэта -- наступны крок у гэтым накірунку пасьля ліквідацыі Партыі працы. Як паказваюць сацыялагічныя дасьледваньні, Народная кааліцыя “Пяцёрка-плюс” з’яўляецца адной з самых уплывовых і папулярных альтэрнатываў адміністратыўнага сьпісу Лукашэнкі на выбарах у парламент. З гэтага моманту любая згадка пра “Пяцёрку-плюс” аўтаматычна перакладаецца на палітычныя партыі, якія прызнаныя ў судзе ўваходзячымі ў кааліцыю. Можна ўжо і не выносіць папярэджаньняў -- партыі можна ў судовым парадку ліквідоўваць -- выкарыстаць практыку, апрабаваную нашымі судамі падчас ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, калі прыцягваецца артыкул 57 Грамадзянскага кодэксу, які дае падставвы для ліквідацыі юрыдычнай асобы за “грубыя і сістэматычныя” парушэньні заканадаўства. Што з’яўляецца”грубым” парушэньнем, нідзе ў заканадаўстве не тлумачыцца -- суды самі трактуюць як ім захочацца. І Мінюст ужо папярэдзіў, што калі надалей партыі будуць выступаць ад імя “Пяцёркі-плюс”, не рэгіструючы яе, то гэтым самым яны будуць зьдзясьняць “грубае” парушэньне заканадаўства, што дастаткова для ліквідацыі партыі. Таму ня выключана, што наступным крокам у нашай краіне можа стаць ліквідацыя легальгай демакратычнай апазіцыі і шматпартыйнасьці”.

Юрый Чавусаў: “Апошні выпадак, калі суд адмяняў папярэджаньне, вынесенае Мінюстам, быў некалькі год таму. Зараз ніякіх ілюзіяў не было, асабліва калі ўлічыць, што гэта яўна перадвыбарчая замова з мэтай прымусіць партыі карэктаваць уласную дзейнасьць, прынамсі, не афішаваць дзейнасьць шырокай кааліцыі, аб’яднаньне дзеля дасягненьня адзінай мэты – перамогі на выбрарах. Папярэджаньне не адмененае, аднак можам казаць, што Міністэрства юстыцыі гэтым папярэджаньне сваіх мэтаў не дасягнула, паколькі ўсе партыі выступілі кансалідавана і па-ранейшаму актывісты партыяў уваходзяць у адзіную грамадзянскую ініцыятыву па ўдзелу ў выбарах. Сутнаснага зьмяненьня дзейнасці не адбудзецца, будзем працаваць выкарыстоўваючы больш гнуткія фармулёўкі, каб было меней падставаў для вынясеньня новых папярэджаньняў ці ліквідацыяў”.

Тацяна Рэвяка

P.S. Першы выпадак аб прыцягненьні да адміністратыўнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі – Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс” (арт. 167.10 КаАП РБ) -- не прымусіў сябе доўга чакаць. 31 жніўня судзьдзя Жлобінскага раённага суда Ярмольчык вынес спагнаньне ў выглядзе штрафу памерам 30 базавых велічынь намесьніку старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміру Кацору.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international