Маніторынг выканання права на справядлівае судовае разбіральніцтва падчас разгляду спраў аб адміністратыўных правапарушэннях

2007 2007-11-06T17:13:50+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Уводзіны

Адным з асноўных інстытутаў дэмакратычнага грамадства і прававой дзяржавы з’яўляецца справядлівы суд. Права на справядлівы суд належыць да фундаментальных правоў чалавека і замацавана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Згодна з Міжнародным пактам аб правах чалавека, кожны абвінавачаны мае права на справядлівы і публічны разгляд яго справы кампетэнтным і незалежным судом, створаным на падставе закону.
Разгляд беларускімі судамі спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях - недастаткова даследаваная галіна. Афіцыйная статыстыка дае няшмат інфармацыі пра стан рэчаў у гэтай сферы. У той жа час сотні тысяч беларускіх грамадзянаў штогод прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці, штогод у судах краіны адбываецца каля трохсот тысяч пасяджэнняў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, на якіх прысуджаюцца пакаранні ў выглядзе арыштаў і вялікіх штрафаў. Аднак пытанні выканання правоў чалавека падчас гэтых працэсаў, у прыватнасці, права на справядлівы суд, застаюцца на перыферыі ўвагі грамадскасці.
Праваабарончыя арганізацыі шляхам маніторынгу павінны прыцягваць грамадскі інтарэс да гэтай праблемы і дамагацца паляпшэння становішча з выкананнем права на справядлівы суд. Адным з крокаў у гэтым накірунку з’яўляецца праграма маніторынгу выканання права на справядлівы суд, здзейсненая актывістамі Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў перыяд з 22 сакавіка па 2 красавіка 2004 года. Дадзеная брашура з’яўляецца вынікам гэтай працы.
Аўтары спадзяюцца, што вынікі назірання за 533-ма адміністрацыйнымі працэсамі ў дванаццаці судах пяці гарадоў краіны і распрацаваныя на іх падставе прапановы дадуць матэрыял, які будзе скарыстаны беларускімі судамі дзеля паляпшэння працы пры разглядзе спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Таксама аўтары разлічваюць, што атрыманыя ў выніку маніторынгу дадзеныя стануць падмуркам для ўнясення ў праект Працэсуальнага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях дадатковых гарантый выканання правоў чалавека. Некаторыя прапановы па замацаванні гэтых палажэнняў змешчаны ў дадзенай брашуры ў раздзеле “Рэкамендацыі па паляпшэнні становішча”.

Вынікі гэтага даследавання павінны паспрыяць больш поўнаму выкананню правоў грамадзянаў і патрабаванняў закону падчас ажыццяўлення разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Каардынатар праграмы маніторынгу Юрый Чавусаў

Выдаўцы выказваюць падзяку ХЕЛЬСІНКСКАМУ ФОНДУ ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА (Варшава, Польшча) за ласкава прадастаўленыя метадычныя матэрыялы і кансультацыі, а таксама ўсім удзельнікам групы па маніторынгу, рэгіянальным каардынатарам і валанцёрам, без чыёй самаадданай працы дадзенае даследаванне не было б рэалізавана.

Над выданнем працавалі:
Юрый Чавусаў, Уладзімір Лабковіч, Яўгенія Місілевіч, Алесь Кастыка
Пераклад: Вольга Сакалоўская, Андрэй Саротнік
Рэцэнзент: Барыс Звоскаў, выпускнік Вышэйшага міжнароднага курса па правах чалавека
Брашура падрыхтавана на базе Выканаўчага бюро Рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі

1. ПАСТАНОЎКА ПРАБЛЕМЫ І МЭТЫ МАНІТОРЫНГУ

Апісанне сітуацыі з выкананнем права на справядлівае судовае разбіральніцтва падчас разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях

Грамадскае аб’яднанне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” мае грунтоўны вопыт назірання за адміністрацыйнымі, крымінальнымі, грамадзянскімі працэсамі ў судах Беларусі. У штогадовых аглядах-хроніках парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, якія выдаюцца ПЦ “Вясна”, неаднаразова адзначалася, што падчас судовых працэсаў парушаюцца асноўныя правы чалавека. Гэта адбываецца не толькі ў выніку парушэння судамі норм працэсуальнага заканадаўства, але таксама з-за недахопаў у самім заканадаўстве, якое часам не ўтрымлівае дастатковых гарантый для ажыццяўлення справядлівага судовага разгляду.

Парушэнні патрабаванняў закону і парушэнні права на справядлівае судовае разбіральніцтва асабліва характэрныя для адміністрацыйных судовых працэсаў, у якіх вырашаюцца справы аб дробных правапарушэннях. Прадстаўнікі ПЦ “Вясна” штогод прымаюць удзел альбо назіраюць за сотнямі судовых пасяджэнняў па адміністрацыйных правапарушэннях і фіксуюць падчас іх правядзення парушэнні права абвінавачанага на абарону, парушэнні тэрмінаў разгляду справы, незаконнае правядзенне таемных працэсаў, адначасовы разгляд у адным працэсе справы ў дачыненні да некалькіх правапарушальнікаў, парушэнні правілаў ацэнкі доказаў і недастатковую ўвагу да доказаў з боку абароны, парушэнні прэзумпцыі невінаватасці і інш. У выніку гэтага судовы разгляд адміністрацыйных спраў вельмі часта з’яўляецца неаб’ектыўным і несправядлівым.

Часцей за ўсё ў гэтых справах не прымаюць удзел адвакаты, што таксама спрыяе парушэнням закону. Узровень пракурорскага нагляду за разглядам спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях застаецца вельмі нізкім: пракуроры даволі рэдка ўдзельнічаюць у судовых пасяджэннях па гэтай катэгорыі спраў. У Беларусі склалася заганная практыка, калі адміністрацыйныя працэсы адбываюцца па спрошчанай працэдуры, не прадугледжанай заканадаўствам. Суддзі збольшага ставяцца да гэтых спраў як да другарадных, што з’яўляецца недапушчальным. У выніку суды ніжэйшага ўзроўню не выконваюць патрабаванні працэсуальнага заканадаўства і парушаюць асноўныя правы абвінавачаных, у тым ліку права на справядлівае судовае разбіральніцтва, зафіксаванае ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Пры гэтым пакаранне за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння можа складаць да 15 сутак адміністрацыйнага арышту, таксама прадугледжаны велізарныя штрафы памерам да некалькіх тысяч долараў. Парадаксальна, але штрафныя санкцыі за адміністрацыйнае правапарушэнне могуць перавышаць памер штрафу за некаторыя крымінальныя злачынствы ажно ў дзесяць разоў. Гэта азначае, што адміністрацыйная адказнасць з’яўляецца дастаткова сур’ёзным сродкам прававога ўздзеяння, звязаным з істотным абмежаваннем правоў. Таму прыцягненне да гэтага віду адказнасці мусіць адбывацца ў адпаведнасці з законам і толькі ў межах справядлівай працэдуры. У тым ліку гэта датычыцца і тых выпадкаў, калі адміністрацыйныя справы разглядаюцца судом.

За сем год дзейнасці грамадскай прыёмнай ПЦ “Вясна” да юрыстаў арганізацыі звярнуліся сотні грамадзянаў, якія скардзіліся на парушэнне іх правоў падчас разгляду адміністрацыйных спраў. Штогод юрысты ПЦ “Вясна” складаюць дзесяткі скаргаў у вышэйстаячыя суды на рашэнні па адміністрацыйных справах - шмат якія з гэтых скаргаў задаволеныя вышэйстаячымі судамі.

Сітуацыя пагаршаецца тым, што пастановы судоў па адміністрацыйных справах набываюць моц адразу пасля іх абвяшчэння - яны не падлягаюць касацыйнаму альбо апеляцыйнаму перагляду. Падача нагляднай скаргі можа стаць падставай для перагляду справы толькі пры наяўнасці бясспрэчнага юрыдычнага абгрунтавання - напісанне такой скаргі не абавязкова цягне за сабой спыненне выканання рашэння і перагляд справы. Такім чынам, грамадзяне Беларусі пазбаўлены эфектыўнага сродку прававой абароны ад парушэння іх правоў падчас адміністрацыйных працэсаў.

Яшчэ адной умовай, якую трэба ўлічваць пры ацэнцы выканання працэсуальных патрабаванняў падчас разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, з’яўляюцца кепскія матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы працы судоў. Кепскае забеспячэнне судоў і недастатковая ўвага судовай адміністрацыі да пытанняў належнай працы па адміністрацыйных матэрыялах часта пазбаўляюць грамадзянаў магчымасці абараніць свае правы. У прыватнасці, адсутнасць доступу ў суды для інвалідаў, адсутнасць у будынках суда дастатковай інфармацыі пра расклад працы суддзяў, пошук адвакатаў і іншых неабходных звестак, адсутнасць элементарных умоў для працы грамадскага будынка (агульнадаступных гардэробаў і прыбіральняў, буфетаў альбо кавярняў, магчымасцяў паркоўкі аўтамабіляў), неабгрунтаваныя абмежаванні ў доступе да судовых пакояў, нястача неабходнага абсталявання ствараюць перашкоды грамадзянам у доступе да суда.

Вынікам уздзеяння ўсіх адзначаных фактараў з’яўляецца тое, што падчас разгляду адміністрацыйных спраў суды Беларусі стала і сістэматычна парушаюць нормы працэсуальнага заканадаўства і права грамадзянаў Беларусі на справядлівае і адкрытае судовае разбіральніцтва.

Мэты маніторынгу і шляхі іх дасягнення ПЦ “Вясна” неаднаразова звяртаў увагу дзяржаўных органаў на парушэнні, што дапускаюць суды падчас разгляду адміністрацыйных спраў, выказваў пратэст адносна практыкі, якая склалася ў судах краіны пры іх разглядзе. Аднак дзяржаўныя органы і прадстаўнікі судовай сістэмы не прызнаюць наяўнасць гэтай праблемы. Па іх меркаванню, нават калі закон і парушаецца падчас разгляду асобных спраў, у цэлым судаводства па адміністрацыйных справах адбываецца без парушэнняў і адпавядае міжнародным нормам у галіне правоў чалавека. Афіцыйная статыстыка не фіксуе парушэнняў правоў чалавека падчас судовых працэсаў і ўвогуле надае мала ўвагі справам аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Такім чынам, каб давесці да дзяржаўных органаў наяўнасць пазначанай праблемы і патрабаваць змянення сітуацыі, было вырашана правесці сістэмны маніторынг разгляду беларускімі судамі спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях і дакладна зафіксаваць маштабы парушэнняў, прынамсі, у межах асобных судоў. У якасці аб’екта маніторынгу былі абраныя 12 судоў Мінска, Брэста, Віцебска, Полацка, Наваполацка. Яны з’яўляюцца дастаткова рэпрэзентацыйнымі, прадстаўляюць сталіцу, абласныя цэнтры, гарады раённага падпарадкавання і вясковыя тэрыторыі (раёны).

Наяўнасць вынікаў маніторынгу, у якіх дакладна зафіксаваныя маштабы парушэнняў правоў чалавека падчас разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, дазваляе звярнуцца ў судовыя органы з прапановамі аб змяненні судовай практыкі. Гэтыя змены мусяць быць скіраваныя на выкананне права абвінавачанага на справядлівы разгляд яго справы ў межах аб’ектыўнага і ўсебаковага працэсу і вызначанай у законе судовай працэдуры. Судаводства павінна адбывацца з поўным выкананнем правоў грамадзянаў на абарону, на прадастаўленне доказаў на сваю карысць, з дакладным інфармаваннем грамадзянаў пра іх правы ў межах адміністрацыйнага працэсу. Таксама існуе неабходнасць паляпшэння доступу грамадзянаў да суда, павышэння культуры працы суддзяў і стварэння спрыяльных матэрыяльна-тэхнічных умоў для ажыццяўлення правасуддзя.

Акрамя таго, зараз у беларускім Парламенце разглядаецца праект новага Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які будзе цалкам рэгуляваць усе пытанні прыцягнення грамадзянаў да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку працэдуру судовага разгляду адміністрацыйных матэрыялаў. Гэты фактар стаў дадатковым штуршком для рэалізацыі дадзенага даследавання, паколькі з’явілася магчымасць паўплываць на змяненне ўмоў разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у беларускіх судах праз прапановы да зместу новага адміністрацыйна-працэсуальнага заканадаўства.

Наяўнасць вынікаў маніторынгу з зафіксаванымі маштабамі парушэнняў правоў грамадзянаў і дадзенымі пра адхіленні ад устаноўленай працэдуры разгляду адміністрацыйных правапарушэнняў дазваляе патрабаваць унясення ў гэты законапраект норм, якія б прадухілілі парушэнні правоў грамадзянаў падчас разгляду адміністрацыйных спраў, сталі б гарантыяй выканання права на справядлівы суд.

Аб’ектам даследавання, якое ладзілася ў межах маніторынгу, было выкананне працэсуальных правоў грамадзянаў, а таксама тыя праблемы, што маюць месца ў арганізацыі і ўмовах працы раённых судоў. Пры гэтым у мэты маніторынгу не ўваходзіла ацэнка сутнасці рашэнняў, што прымаліся судамі па выніках разгляду спраў - увага была скіраваная толькі на працэсуальны момант.

Мэта маніторынгу была вызначана наступным чынам:
правесці аналіз выканання права на справядлівае судовае разбіральніцтва падчас разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях і ўнесці прапановы па прывядзенні працэсуальнага заканадаўства і судовай практыкі ў адпаведнасць са стандартамі правоў чалавека.
У межах дадзенай мэты былі вызначаны наступныя аператыўныя задачы маніторынгу:

- ажыццявіць назіранне за выкананнем права на справядлівае судовае разбіральніцтва падчас судовых працэсаў па адміністрацыйных справах у дванаццаці судах базавага ўзроўню Мінска, Брэста, Віцебска, Полацка, Наваполацка;

- давесці вынікі праведзенага маніторынгу да ведама прэсы, грамадскасці і суддзяў;

- распрацаваць па выніках маніторынгу рэкамендацыі па ўнясенні змен у заканадаўства і выпраўленні судовай практыкі, перадаць гэтыя рэкамендацыі адпаведна ў Парламент Рэспублікі Беларусь і ў суды.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international