Невядомыя зьбілі 18-гадовага сына віцебскага апазіцыянера Яна Дзяржаўцава

2007 2007-11-02T16:44:42+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сябар КХП БНФ спадар Дзяржаўцаў мяркуе, што напад на ягонага сына цалкам маглі здзейсьніць тыя, хто 15 жніўня даслаў яму ліст ад імя "Віцебскай філіі РНЕ" – прафашыстоўскай апрганізацыі " Русское Национальное Единство".

– У лісьце, які прыйшоў на маю хатнюю адрэсу і які чамусьці пачынаўся зваротам "Мірон", былі такія словы:  "Калі ты яшчэ раз вывесіш у нашым горадзе сваю бел-чырвон-белую анучу, мы цябе пакараем". І мой сын быў зьбіты літаральна праз паўтары гадзіны пасьля таго, як у Віцебску чарговы раз зьявіўся бел-чырвон-белы сьцяг – позна ўвечары 29-га кастрычніка. Тыя, хто зьбіваў, напалі ззаду, павалілі сына на зямлю, зьбілі, і сказалі перад тым, як зьбегчы: "Вось нарэшце мы цябе й злавілі!", – дзеліцца сваімі думкамі Ян Дзяржаўцаў.

Ён не бярэцца патлумачыць, чаму аўтары ліста зьвярнуліся да яго як да легендарнага Мірона – тае асобы, якая цягам апошніх год вывешвае бел-чырвон-белыя сьцягі ў Віцебску, пакідаючы цыдулкі са сваім подпісам. Дарэчы, лісты такога самага зьместу – з пагрозамі расправы і сьцвярджэньнем таго, што "Наш карны меч можа спасьцігнуць цябе ў любым месцы і ў любы час", атрымалі яшчэ трое віцебскіх актывістаў - распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда, Сягей Каваленка, а таксама  старшыня абласной арганізацыі КХП БНФ Ян Таўпыга. Але спадар Дзяржаўцаў быў адзіны, хто падаў з гэтае нагоды скаргу ў раённую пракуратуру. Ён запатрабаваў, каб супраць тых, хто рассылае лісты ад імя незарэгістраванай у Рэспубліцы Беларусь грамадзкай арганізацыі, была распачатая крымінальная справа.

Пракуратура пераслала ягоную скаргу ў Чыгуначны райаддзел міліцыі. Аднак там вырашылі, што крымінальную справу заводзіць ня будуць. Яну Дзяржаўцаву адказалі так: "РНЕ дзейнічае без афіцыйнае рэгістрацыі, і таму сяброўства ў ёй даказаць немагчыма. А пагрозы ўвогуле  адрасаваныя нейкаму "Мірону", таму ў грамадзяніна Яна Дзяржаўцава няма падстаў для хваляваньня".

Апазыцыянэра гэтыя аргумэнты не пераканалі, і ён паскардзіўся вышэй – у абласную пракуратуру. Адказу адтуль Ян Дзяржаўцаў так і не атрымаў. Але ўжо рыхтуе наступную заяву, якую мяркуе даслаць сёньня разам з вынікамі судова-медычнай экспертызы.

– Там напісана, што ў майго сына зафіксаваныя сьляды ад удараў, – распавядае Я.Дзяржаўцаў. –  Крывападцёк у вобласьці левага вока і носа, паверхневая рана сьлізістай абалонкі верхняе губы, драпіна на левай кісьці, далоні, драпіна на  правым перадплеччы". Калі ён прыйшоў дахаты зьбіты,  у мяне адразу такая думка і ўзьнікла: раз я атрымаў ліст з пагрозамі, то вось фашыстоўцы з РНЕ ўжо й  перайшлі ад пагрозаў да дзеяньняў.

Юрыдычную дапамогу ў зносінах з міліцыянтамі да пракурорамі сябру КХП БНФ Яну Дзяржаўцаву прапанаваў праваабаронца Леанід Сьвецік. У ягонай практыцы гэта ўжо ня першы досьвед, калі з нагоды лістоў ад РНЕ даводзілася зьвяртацца з пракуратуру, міліцыю й нават КДБ: за апошнія паўтара гады  падобныя лісты  атрымлівалі  старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залесская, рэдактар недзяржаўнай газэты "Витебский курьер" Уладзімер Базан і кіраўніца літаратурнага аддзелу тэатра "Лялька" Вікторыя Дашкевіч.

– Куды б мы не пісалі, крымінальнай справы не ўзбудзілі ні разу, – гаворыць Леанід Сьвецік. – Паўсюль адказвалі, што знайсьці аўтараў лістоў немагчыма, і ўвогуле РНЕ ў Віцебску нібыта няма. Цяпер зьбіты 18-гадовы хлопец. Нельга сказаць напэўна, што яго зьбілі РНЕ-шнікі. Але, мажліва, такога б не здарылася, каб да пагрозаў ад імя прафашыстоўскай арганізацыі міліцыя паставілася больш адказна і прынцыпова. Між іншым, ва ўсіх астатніх, хто атрымаў лісты з пагрозамі, таксама ёсьць сем"і, дзеці, і цяпер яны тым болей ня могуць пачувацца ў бясьпецы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international