viasna on patreon

Прадстаўнікі афіцыйных структураў ігнаруюць дыскусію па выбарчым заканадаўстве (RR)

2002 2002-11-14T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтар "Вясна" правёў навукова-практычную канфэрэнцыю "Прававыя асновы выбарчага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь".У навукова - практычнай канфэрэнцыі ўзялі ўдзел вядомыя юрысты Валянцін Бараўцоў і Мечыслаў Грыб, былыя судзьдзі Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў і Валеры Фадзееў, прадстаўнікі палітычных партый і праваабарончых арганізацый. Запрошаныя прадстаўнікі Цэнтарвыбаркаму і іншых афіцыйных структураў адмовіліся ад удзелу ў канфэрэнцыі. Як гаворыцца ў лісьце старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, "прадстаўнікі Цэнтральнай камісіі не бяруць удзелу ў мерапрыемствах грамадскіх аб'яднаньняў і палітычных партый".
Цэнтарвыбаркам адмовіўся таксама прадаставіць праваабаронцам свае мэтадычныя рэкамендацыі па правядзеньні выбарчай кампаніі. Як сьцвярджае Лідзія Ярмошына, доступ да гэтых дакумэнтаў маюць толькі арганізатары выбараў. "Паколькі грамадскія аб'яднаньні не арганізуюць правядзеньне выбараў, то няма падставаў для забесьпячэньня іх такімі матэрыяламі." - сьцвярджае старшыня ЦВК. Камэнтуючы такі адказ Цэнтравыбаркаму, удзельнікі канфэрэнцыі заявілі аб парушэньні базавага права грамадзянаў на атрыманьне інфармацыі.
Удзельнікі канфэрэнцыі спыніліся на асноўных патрабаваньнях да дзейнага выбарнага заканадаўства, датычных працэсу вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты, фармаваньня выбарчых камісій, правядзеньня галасаваньня і грамадскага кантролю за выбарамі. Пасьля выступу на канфэрэнцыі "Прававыя асновы выбарчага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь" доктар юрыдычных навук, прафэсар, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь Міхаіл Пастухоў адказаў на пытаньні Рацыі.
RR - Вы спыніліся ў сваім выступе менавіта на працэдуры вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты, чаму?
М.П. - На мой погляд гэта адно з галоўных пытаньняў усёй выбарчай кампаніі. Ад таго, каго вылучаць кандыдатамі ў дэпутаты залежыць і праца ўсёй прадстаўнічай уоады. Таксама важна як можна выоучыцца кандыдатам у дэпутаты, ці ёсьць перашкоды на гэтым шляху. Аналіз выбарчага кодэкса сьведчыць аб тым, што ў ім шмат такіх перашкодаў. Самая вялікая перашкода зроблена на шляху прадстаўнікоў ад палітычных партый. Фактычна гэта цэлая бюракратычная піраміда, якую патрэбна прайсьці. Тым жа часам, вельмі простым з'яўляецца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты ад так званых "працоўных калектываў", якія знахлдзяцца пад значным кантролем і уздзеяньнем адміністрацыі і выканаўчай улады. Цяжкасьці ёсьць і са зборам подпісаў на карысьць таго ці іншага кандыдата. Гэты працэс кантралюецца ўладамі і яны могуць у любы момант прыпыніць працэс вылучэньня кандыдата ці знайсьці іншыя легальныя магчымасьці, каб зьняць яго з выбарчага маратону. У тым ліку яны могуць выбраць 15 працэнтаў несапраўдных подпісаў і прызнаць, што чалавек не можа быць зарэгістраваны як кандыдат. Вельмі дыферанцыраваны падыход да вылучэньня кандыдатаў. Для партый фактычна перакрыты доступ да гэтых выбараў у мясцовыя органы ўлады. Фактычна будуць дамінаваць вылучэнцы ад працоўных калектываў і можа нейкая частка кандыдатаў будзе зарэгістравана шляхам збору подпісаў.
RR - На канфэрэнцыі выказаны шэраг прапаноў па зьменах у выбарчае заканадаўства, але ці ёсьць спадзяваньні, што гэтыя прапановы ўлады прымуць да ўвагі?
М.П. - Унесьці зьмены да намечаных на вясну выбараў у мясцовыя саветы немагчыма.Такія пытаньні не стаяць на парадку дня палаты прадстаўнікоў і занадта кароткі тэрмін, каб падрыхтаваць такія зьмены. Я думаю, што ўлады нават не будуць разглядаць пытаньні аб унясеньні зменаў і трэба сканцэнтраваць увагу на тым, як удасканаліць выбарчы працэс у рамках ужо дзеючага выбарчага кодэкса. Трэба ўносіць практычныя прапановы: можа, як сказаў Алег Трусаў зрабіць празрыстыя ўрны для бюлетэняў ці можа павысіць гарантыі абароны выбарчых бюлетэняў ад падробак, альбо ўзмацніць грамадскі кантроль за гэтымі выбарамі, забяспечыць выкананьне ўсіх палажэньняў дзейнага кодэкса і максімальна абмежаваць ціск выканаўчай улады на выбарчы працэс.
RR - Як вы прагназуеце, ці паўторыцца тая ж самая гісторыя, якая была і ў часе папярэдніх парламенцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў?
М.П. - Вялікія шансы, што паўторыцца. Выканаўчая ўлада трымае ў сваіх руках увесь выбарчы працэс, пад пільным кантролем знаходзяцца ўсе этапы і асабіста ўсе кандыдаты, якія будуць вылучацца на гэтых выбарах. Можна прагназаваць, што каля 80 працэнтаў пройдуць на гэтых выбарах прадстаўнікі вызначаныя выканаўчай уладай і вылучаныя працоўнымі калектывамі.
Удзельнікі дыскусіі выказаліся за неабходнасьць далейшай дэмакратызацыі выбарчага працэсу і за ўдасканаленьне выбарчага заканадаўства. Нагадаем, што мэтазгоднасьць гэтых зьменаў замацавана ў дакумэнтах БДІПЧ АБСЭ, Асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, якія назіралі за ходам выбараў у Беларусі ў 2000 - 2001 гадах. Перад мясцовымі выбарамі, як адзначыў прадстаўнік цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч, неабходна засяродзіць увагу на праграме мінімальных зьменаў Выбарчага кодэкса РБ. Дарэчы, гэтыя мінімальныя патрабаваньні прапанаваныя таксама кансультацыйнай радай апазіцыйных палітычных партый. Як адзначыў старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, ёсьць сэнс паспрабаваць правесьці праз палату прадстаўнікоў не ўвесь комплекс зьменаў да выбарчага заканадаўства, а хаця б тыя,, якія рэальна можа прыняць цяперашняя палата прадстаўнікоў. Праваабаронцы мяркуюць перадаць свае прапановы ў Нацыянальны сход. Працэс грамадскай дыскусіі па праблемах выбарчага заканадаўства, які стартаваў пад дахам "Вясны" мяркуецца працягнуць у часе міжнароднай канфэрэнцыі з удзелам замежных экспэртаў на пачатку сьнежня гэтага года.
Алесь Дашчынскі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства