Сёньня будуць судзіць удзельнікаў Хэлоўіна

2007 2007-11-02T12:55:29+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Удзельнікі сьвяткаваньня Хэлоўіна Таццяна Лашкарова, Андрэй Кім, Валянцін Сакалоўскі і Юры Шалін былі затрыманыя ўвечары 31 кастрычніка, ноч і наступны дзень яны правялі ў РУУС Савецкага раёна. 1 лістапада пасля 21.00 іх даставілі ў спецпрыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсціна, суд прызначаны на 2 лістапада.

Як паведамляе Хартыя’97, маладых людзей без суду пратрымалі такі працяглы тэрмін пад вартай толькі за ўдзел у нявіннай забаве, у жартоўным сьвяце, які адзначае ўвесь сьвет!

Група маладых людзей (прыкладна 15–20 чалавек), надзеўшыся ў карнавальныя касцюмы, збіралася павіншаваць жыхароў Менска з Хэлоўінам. Акцыя не мела ніякага палітычнага падтэксту.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі чацвярых удзельнікаў акцыі, апранутых у касцюмы мумій, а таксама журналіста "Нашай Нівы" Яраслава Сцешыка, які здымаў тое, што адбываецца на фотакамеру. Паводле сведчання Я.Сцешыка, міліцыянты заявілі, што маладыя людзі ў касцюмах мумій падобныя на злачынцаў, якія нібыта знаходзяцца ў вышуку. Журналісту, у сваю чаргу, заявілі, што ён не мае права весці фотаздымку і таксама падобны на фотаробат злачынца.

Пасля разгляду Сцешыка вызвалілі без складання пратаколу. У дачыненні чатырох удзельнікаў карнавальнай акцыі – Шаліна, Сакалоўскага, Кіма і Лашкаровай – складзеныя пратаколы па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).

У пратаколе, па словах журналіста "Нашай Нівы", запісанае, што маладыя людзі раскладвалі на прылаўках бінты і не рэагавалі на заўвагі прадаўцоў, тым самым выказаўшы "непавагу да грамадства". Аднак затрыманыя заявілі, што ўсё было зусім не так. Напрыклад, яны не раскладвалі бінты на прылаўках, а наадварот намотвалі іх адзін на аднаго, ператвараючыся ў мумій. У выніку яны не згадзіліся з пратаколамі і адмовіліся іх падпісваць. Пасля чаго ім было абвешчанае, што яны застануцца ў аддзяленні да раніцы.

Нагадаем таксама, што 31 кастрычніка з Кастрычніцкай плошчы Менска былі груба выцесненыя супрацоўнікамі АМАПа ўсе, хто выйшаў у свята Хэлоўіна на вуліцы Менска ў карнавальных касцюмах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства