Андрэй Бастунец: «Ужо сёньня ўлады адсочваюць публікацыі ў інтэрнэце»

2007 2007-10-31T17:24:43+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міністар інфармацыі Беларусі Ўладзімер Русакевіч заявіў, што інтэрнэт-вэрсіі пэрыядычных выданьняў павінны рэгістравацца як сродкі масавай інфармацыі. Цяпер у краіне створана адмысловая група, якая аналізуе сусьветную практыку па гэтым пытаньні. Калі група зьбярэ адпаведныя матэрыялы, то ўнясе свае прапановы аб прававым рэгуляваньні дзейнасьці інтэрнэт-СМІ – адзначыў Русакевіч.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец зьдзіўлены, што міністар спасылаецца на міжнародны досьвед, паколькі ў дэмакратычных краінах назіраецца тэндэнцыя адмовіцца ад рэгістрацыі нават друкаваных выданьняў.

-- Русакевіч спасылаецца на міжнародны вопыт. А міжнародны вопыт наадварот - такі, каб нават друкаваныя выданьні не рэгістраваць. Відаць, Беларусь вывучае вопыт іншых краін. Магчыма, гэта вопыт Кітая. Намесьнік міністра інфармацыі некалі казаў пра вопыт іншых краінаў, і ў першую чаргу ён узгадаў досьвед Кітая, які, на яго думку, заключаецца ў кантролі за інтэрнэтам з улікам нацыянальных уласьцівасьцяў гэтай краіны, -- сказаў Бастунец “Польскаму Радыё”.

На думку галоўнага рэдактара “Нашай Нівы” Андрэя Скурко, сам закон аб інтэрнэт-вэрсіях друкаваных выданьняў няшкодны. Галоўнае, што ў беларускіх умовах ён мог бы пераўтварыцца ў інструмэнт націску на незалежныя парталы.

-- Закон аб рэгістрацыі інтэрнэт-сайтаў можа быць. Галоўнае, каб ён не пераўтвараўся ў дадатковы мэханізм адміністрацыйнага ўзьдзеяньня на незалежныя СМІ, паколькі інтэрнэт на сёньня зьяўляецца адной з апошніх пляцовак, дзе яшчэ пануе свабода слова й свабода выказваньня ў Беларусі, -- лічыць Скурко.

Улады шукаюць спосабаў уплыву на інтэрнэт-парталы й кантролю гэтых рэсурсаў. А закон аб неабходнасьці рэгістраваць інтэрнэт- вэрсіі друкаваных СМІ ня вырашыць гэтай праблемнай для ўладаў справы.

-- Калі гэтая норма будзе прынятая, то шэраг інтэрнэт-рэсурсаў вымушаныя будуць рэгістравацца як сродкі масавай інфармацыі, што ня вельмі проста. Шэраг будзе шукаць іншыя магчымасьці працаваць, адкрываць новыя рэсурсы, у першую чаргу ў іншых дамэнных зонах. Пакуль што не далі ніякага тлумачэньня, ніякага вызначэньня, які інтэрнэт-рэсурс можа расцэньвацца як сродак масавай інфармацыі, а які не. Сёньня прагучалі словы пра рэгістрацыю інтэрнэт-вэрсіяў друкаваных СМІ. Магчыма, яны пойдуць у такім накірунку. Але я думаю, гэта ніякім чынам не вырашае тых праблемаў, аб якіх кажуць прадстаўнікі беларускіх уладаў. Пакуль што не ўдаліся спробы стварыць дэфініцыю інтэрнэт-СМІ. А рэгістрацыя інтэрнэт-вэрсіяў пэрыядычных выданьняў як друкаваных СМІ ня вырашыла б гэтай праблемы. Таму ўлады хутчэй за ўсё пастараюцца вызначыць шырокае кола сайтаў, якія павінны рэгістравацца. Ці будуць кропкава прымяняць недасканалыя нормы закону.

Я думаю, што ўжо сёньня ў КДБ і выканкамах некаторыя людзі адсочваюць публікацыі. Тэхнічна можа ісьці шлях блякаваньня сайтаў, якія зьмяшчаюць некарысную для ўладаў інфармацыю. Падставай да гэтага могуць назваць парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Але гэта хутчэй будзе кропкавая зьява, а не ў татальным варыянце, -- выказвае меркаваньне намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international