Пра лiнгвiстаў у пагонах i даверлiвых суддзяў

2007 2007-10-19T10:55:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

...Невялiкi кабiнет-пенал. Чырвона-зялёны афiцыйны сцяг, партрэт Аляксандра Лукашэнкi, а за сталом пад iмi — прыгожая, але хмурная жанчына. Я спецыяльна зранку паехала ў суд Цэнтральнага раёна Мiнска, каб яе пабачыць. У той дзень на разглядзе ў суддзi Паўлючук была справа пра вяртанне пазык. Ля кабiнета пад нумарам 408 — натоўп. Пытаюся: “У якасцi каго выклiкалi?” Высветлiлася — сведкi. Такiм чынам, Таццяна Паўлючук усё-такi выклiкае сведак у суд, хаця шмат хто з вядомых у Беларусi людзей у гэта наўрад цi паверыць.

Сярод прадстаўнiкоў беларускай апазiцыi Таццяна Паўлючук — легенда. Зусiм нядаўна актывiсты незарэгiстраванага “Маладога фронту” публiчна абвясцiлi, што будуць дабiвацца ўнясення ейнага прозвiшча ў спiс невыязных. Менавiта яна займалася справамi пастараў Яраслава Лукасiка i Антонiя Бокуна, менавiта па яе рашэннi за кратамi аказвалiся шматлiкiя грамадскiя актывiсты. Матыў судовага рашэння ў такiх выпадках для Таццяны Яўгенаўны просты — паказаннi мiлiцыянераў.

Моладзь сцвярджае, што Паўлючук з'явiлася ў судзе Цэнтральнага раёна вясной гэтага года, але людзi з больш доўгай апазiцыйнай бiяграфiяй яе таксама памятаюць. Проста Таццяна Паўлючук на тры гады сыходзiла ў сацыяльны адпачынак. Маладая мама... I проста не верыцца, што калi пад сценамi суда стаяў пяцiгадовы сын Антонiя Бокуна з кранальным самаробным плакатам, калi дзецi Яраслава Лукасiка пiсалi лiсты са слёзнай просьбай пакiнуць iхняга тату ў краiне, у Таццяны Яўгенаўны не здрыганулася сэрца.

Але апошняй кропляй, пасля якой мне проста захацелася зiрнуць на “унiкальнага суддзю”, стаў арышт Алеся Атрошчанкава.

Невядомыя пазванiлi ў дзверы Атрошчанкава з паведамленнем, што маюць iнфармацыю пра труп у ягонай кватэры. З-за абсурднасцi тлумачэнняў дзверы iм хлопец не адчынiў. Тады яны ўварвалiся ў кватэру на другiм паверсе праз вакно. I... адразу кiнулiся да камп'ютэра. (Напэўна, менавiта тут у наш час хаваюць мерцвякоў.) Знайшоўшы толькi налепкi да “Еўрапейскага маршу” ды iнфармацыйныя матэрыялы пра Еўрасаюз, мiлiцыянеры тым не менш не прынеслi прабачэнняў, што патурбавалi сям'ю маладога чалавека. Наадварот, загадалi Атрошчанкаву праехаць з iмi. Ён апрануўся, абняў ды пацалаваў жонку i выйшаў. Пазней высветлiлася, што Атрошчанкаў па дарозе ў пастарунак брудна лаяўся на тых, хто яго нi за што нi пра што вывалак з хаты. Шчыра кажучы, я дзiўлюся толькi таму, як ён стрымаўся i не начысцiў такiм праваахоўнiкам фэйс.

Справу разглядала суддзя Паўлючук. I ёй усё апiсанае вышэй сюжэтам для тэатра абсурду не падалося. Яна пакарала Атрошчанкава дзесяццю суткамi арышту.

“Брудна лаялася” i старшыня непрызнанага беларускiмi ўладамi Саюза палякаў Беларусi Анжалiка Борыс. Калi па стужках навiн прайшла iнфармацыя, што iнтэлiгентнейшую Борыс, былую настаўнiцу, арыштавалi i абвiнавацiлi ў лаянцы, я засумнявалася, цi адрознiваюць нашы “лiнгвiсты ў пагонах” нармальную размову ад лаянкi. Можа, усё, што не ўпiсваецца ў iхнi лексiкон, у пратаколах лiчыцца мацюкамi?.. Засумнявалiся ў нармальнасцi беларускай мiлiцыi i Мiнiстэрства замежных спраў Польшчы i кiраўнiк дэлегацыi Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Богдан Клiх, якiя запатрабавалi тэрмiновага вызвалення Борыс. Не засумняваўся толькi суддзя Дзмiтрый Мацеюк, якi выпiсаў спадарынi Борыс штраф у дзвесцi долараў. I гэта пасля таго, як жанчыну ўжо ноч пратрымалi ў камеры i як на яе абарону ўзнялася ўся Еўропа.

Былы маёр мiлiцыi Сяргей Парсюкевiч з Вiцебска неаднойчы сядзеў “суткi” менавiта за брудную лаянку. Зараз ён заўсёды возiць з сабой скотч. Вось i на гэты раз, як толькi напярэдаднi “Еўрапейскага маршу” мiлiцыянеры спынiлi машыну Парсюкевiча i папрасiлi яго праехаць з iмi, ён моўчкi, нi слова не кажучы, дастаў скотч i заляпiў сабе рот. “Каб усiм было зразумела, што я проста не мог лаяцца”, — тлумачыць свае паводзiны Парсюкевiч.

I самае ў гэтым страшнае, што нават скотч не дапаможа: заўсёды знойдуцца “сведкi”, якiм заўсёды “паверыць” суд... 25 грамадскiх актывiстаў перад Маршам былi асуджаны менавiта за брудную лаянку. Толькi ўдумайцеся, колькi людзей складалi пратаколы, сведчылi ў судзе, выносiлi рашэннi! Ну не знаходжу я лiтаратурных слоў, каб перадаць увесь комплекс пачуццяў, выклiканых гэтай сiтуацыяй. Адны мацюкi!

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international