Мінскія кніжныя крамы адмаўляюцца прадаваць часопіс "Arche"

2004 2004-10-28T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Шэраг сталічных кніжных крамаў адмовіліся прадаваць беларускі культуралагічны часопіс "Arche" пасля выхаду нумара, прысвечанага 10-годдзю кіравання А. Лукашэнкі (№4 за 2004 г.). Гэтую інфармацыю пацвердзіў агенцтву БелаПАН галоўны рэдактар выдання Валерка Булгакаў. Адміністрацыя некаторых крамаў запатрабавала, каб рэдакцыя забрала ў іх таксама ўсе папярэднія нумары часопіса.
Нумар, прысвечаны юбілею прэзідэнцтва А. Лукашэнкі, паступіў у продаж у канцы верасня. З пачатку кастрычніка яго адмовіліся прадаваць РУП "Белкніга", "Кнігарня пісьменніка", "Веды", "Падпісныя выданні". В. Булгакаў, тым не менш, лічыць, што дагэтуль дзеянні адміністрацыі гандлёвых прадпрыемстваў не наносяць вялікай шкоды часопісу: адмовы паступалі пакуль толькі з Мінска; да таго ж , кіёскі "Белсаюздруку" па-ранейшаму супрацоўнічаюць з выданнем.
Улетку мінулага года выданне ўжо сутыкалася з падобнай праблемай: мінская кніжная крама "Акадэмкніга" адмаўлялася прымаць часопіс на рэалізацыю. У гутарцы з карэспандэнтам "Нашай нівы" Аркадзем Шанскім дырэктар кнігарні Соф'я Жыбулеўская заявіла, што ў крамы "мала плошчаў". У сярэдзіне жніўня 2003 г. у Віцебску на складзе прадпрыемства "Аблкнігагандаль" таксама адмовіліся прымаць на рэалізацыю 25 асобнікаў выдання. Як патлумачылі таваразнаўцы прадпрыемства, распараджэнне зыходзіла ад намесніцы міністра Ліліі Ананіч. У часе візіту на фестываль "Славянскі базар" спн. Ананіч пабачыла "Arche" у гандлёвым шапіку, які працаваў на "Свяце славянскай паэзіі". Вярнуўшыся ў Мінск, чыноўніца патэлефанавала намесніку дырэктара "Аблкнігагандлю" і зрабіла яму вымову за "службовую халатнасць". Па інфармацыі Радыё "Свабода", намесніца міністра падкрэсліла, што часопіс "Arche" мае правамоцную ліцэнзію на рэалізацыю, але службовыя асобы "мусяць разумець, чым і дзе варта гандляваць".
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international