Дэпутаты прызнаюць, што закон аб Інтэрнэце супярэчыць Канстытуцыі

2007 2007-10-12T13:12:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Парламентарыі нечакана прыслухаліся да міжнародных экспертаў і выключылі з праекту закону пра інфармацыю артыкул, які фактычна забараняў крытыку ў інтэрнэце.

- Незалежна ад нашага жадання законапраект атрымаў экспертную ацэнку, - з такой фразы пачалося паседжанне працоўнай групы Палаты прадстаўнікоў па праекце закону ”Пра інфармацыю, інфарматызацыю і абарону інфармацыі“.

Чакаецца, гэта будзе самы складаны праект закону на асенняй парламенцкай сесіі, бо вырашаецца, якім чынам дзяржава збіраецца рэгуляваць інтэрнэт.

Дэпутаты збіраюцца абмяркоўваць праект закону кожную сераду, гэтым разам разбіралі заўвагі міжнародных экспертаў, якія парламентарыяў уразілі:

“Першы раз я прачытала экспертызу з трымценнем, другі раз – больш уважліва. І ўжо толькі на трэці раз глядзела, што мы можам з яе для сябе ўзяць. Прыемна тое, што апроч негатыўных бакоў эксперты адзначаюць і станоўчыя”, - прызналася саветнік-кансультант аддзела па забеспячэнні дзейнасці парламенцкай камісіі Зінаіда Каробчанка. Пасля чаго дэпутаты дадалі, што “калі знойдзем што карыснае для сябе, дык прыслухаемся”.

На нашых вачах з законапраекта выключылі самы неадназначны 22-гі артыкул. Згодна з ім, сайтам было забаронена распаўсюджанне інфармацыі:

- накіраванай на прымусовую змену канстытуцыйнага ладу, прапаганду вайны, расавай , нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці;

- якая робіць замах на гонар і годнасць і дзелавую рэпутацыю грамадзян, а таксама юрыдычных асобаў;

- іншай інфармацыі, распаўсюд якой забаронены згодна з заканадаўствам ?эспублікі Беларусь.


Па словах кіраўніка праекта e-belarus.org Міхаіла Дарашэвіча, незразумела, для чаго патрэбны гэты артыкул, калі тыя ж пытанні зараз рэгулююцца грамадзянскім заканадаўствам. Да таго, эксперты заўважылі ў ім шмат падставаў для цэнзуры:

“Гэты артыкул быў яшчэ небяспечны і тым, што практычна любая крытыка магла быць інтэрпрэтавана як прыніжэнне нацыянальнага гонара і годнасці. Варта адрозніваць толькі два тыпы незаконнай інфармацыі – гэта дзіцячая парнаграфія і інфармацыя расісцкага кшталту. Усё астатняе павінна быць дазволена і ўсе выпадкі крыўдаў на штосьці павінны накіроўвацца ў суд”.

Цікава, што нават самі парламентарыі сення прызнаюць, што “некаторыя артыкулы разыходзяцца са здаровым сэнсам, некаторымі нормамі і, нават, Канстытуцыяй”.

Пытанні выклікаў і 26 артыкул законапраекта “Пра інфармацыю….”, які тычыцца падавання агульнадаступнай інфармацыі па запыце. Згодна з ім, не магчыма было выкарыстоўваць інфармацыю, атрыманую па запыце, у камерцыйных мэтах. Дэпутаты запэўнілі, што яны перагледзелі гэты пункт, і дазволяць распаўсюджваць інфармацыю ў камерцыйных мэтах. Ды наогул, законапраект скараціўся на 11 артыкулаў.

Але эксперты ўсё адно насцярожаны. Міхаіл Дарашэвіч упэўнены, што каб закон быў добрым, яго трэба абмяркоўваць і далей:

“Гэта не Богам абраныя людзі, яны абраныя людзьмі для таго каб раіцца з імі. Неабходны наступны этап – суадносна з доступам да інфармацыі, мы павінны бачыць новы законапраект, які яны прапаноўваюць. Яны штосьці змянілі, штосьці зрабілі, а потым выдадуць тое, што зусім не зразумела”.

Улічваючы традыцыі нашых парламентарыяў, калі законапрект могуць прымаць амаль без абмеркаванняў адразу ў двух чытаннях, такія хваляванні эскпертаў зразумелыя.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international