Тацяна Леановіч лічыць трэці арышт яе мужа Андрэя Клімава самым цяжкім

2007 2007-10-05T17:27:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be
Пасля сустрэчы з мужам Таццяна расказала Еўрарадыё пра спадзяванні на будучы Закон аб амністыі і пра тое, што зараз збірае цёплыя рэчы, якіх у Андрэя няма. А таксама пра тое, як надзея становіцца марай.

Таццяна Леановіч: Я сустрэлася з мужам адразу пасля суда, дзе разглядалася касацыйная скарга, якую падавалі абарона і Андрэй. Я прыйшла расказаць яму пра не вельмі суцяшальныя вынікі – вось з такой сумнай нагоды мы і сустрэліся…

Гэта ўжо трэцяя пасадка Андрэя. Як з кожным разам змянялася жыццё сям’і?

Я ўжо не зусім памятаю, што там адбывалася падчас першых разоў, але мне падаецца, што трэці раз – самы цяжкі.

Ці тлумачылі Вам як-небудзь, чаму гэтае пасяджэнне, як і папярэднія, было закрытым?

У Мінскім гарадскім судзе спаслаліся на тое, што суд першай інстанцыі прыняў рашэнне разглядаць справу Андрэя ў закрытым рэжыме. А ў судзе першай інстанцыі суддзя вынесла такое рашэнне, спаслаўшыся на артыкул №23. У ім гаворыцца, што падставай з’яўляецца дзяржаўная таямніца…

Ці чакаў Андрэй такіх вынікаў суда?

Я думаю, што кожны чалавек заўсёды чакае лепшага. Проста, калі надзея не грунтуецца на рэальных перадумовах, то гэта ўжо не надзея, а мара.

Ці ведаеце Вы, куды зараз павінны перавесці Андрэя?

На жаль, мне гэта не вядома.

Што наконт амністыі? Вось-вось павінны быць прыняты закон?..

Наконт амністыі я ведаю са СМІ. Праект знаходзіцца на разглядзе ў адмысловай камісіі Палаты прадстаўнікоў. Ён распрацоўваецца, там уносяцца нейкія папраўкі. У выніку руплівай дэпутацкай працы магчыма, нешта і атрымаецца. Але трэба будзе глядзець сам тэкст закону, ну а што там будзе – невядома.

Што пры сустрэчы гаварыў Андрэй?

Шчыра гаворачы, мы абмяркоўвалі такія бытавыя моманты, як яго лепш сабраць на этап. У яго, напрыклад, няма цёплых рэчаў, зімовага абутку. Мне трэба ўсім гэтым яго забяспечыць.

Які настрой у Андрэя?

Насамрэч Андрэй ужо заняты такімі задачамі, як штодзённае выжыванне.

Як адчуваюць сябе дзеці ў такой сітуацыі?

Вельмі дрэнна. Удар быў нанесены па нашай сям’і вельмі моцны. Да гэтага моменту ніхто ачуняць не здолеў. Зараз старэйшаму сыну споўнілася 18, малодшай дачцэ - 12 год.

Якое стаўленне да вашых дзяцей у школе, як ставяцца настаўнікі?

Ніякіх ганенняў на дзяцей, канешне, няма. Усе людзі нармальныя, усе развітыя. Гэта ж ужо не 37-мы год…

Таццяна, а ці працуеце Вы зараз дзе-небудзь?

Да гэтага моманту займалася справай Андрэя. Калі яго адправяць па этапе, буду шукаць працу па правазнаўчым профілі.

Як сябры, паплечнікі, калегі па бізнэсе? Ці працягваюць з Вамі мець стасункі?

Людзі насамрэч ужо прызвычаіліся да таго, што Андрэй такі змагар і ўвесь час знаходзіцца пад рызыкай трапіць пад крымінальны пераслед. А так безумоўна падтрымліваюць, інакш я б зусім задэпрэсавала.


ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ
У аўторак 2 кастрычніка Калегія Мінскага гарадскога суда адхіліла касацыйную скаргу па справе апазіцыйнага палітыка Андрэя Клімава. 1 жніўня 2007 года суд Цэнтральнага раёна сталіцы прызнаў Клімава вінаватым у публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнай змене канстытуцыйнага ладу з выкарыстаннем СМІ.

Падставай для абвінавачання стала публікацыя на сайце Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Палітык быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international