Нанімальнікаў, якія ня хочуць браць на працу амаральных бацькоў, штрафуюць

2007 2007-10-05T17:21:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be
Няздольныя адмовіць прымусова накіраваным на працу, прадпрыемствы бяруць іх пераважна вучнямі з заробкам у 160 -180 тысяч.

Пакуль парламент прымае закон, па якім прадпрыемствы абавязаны ўладкоўваць на працу нядбайных бацькоў, у Віцебску ўжо аштрафавалі двух службовых асоб, якія адмовілі такім “працаўнікам”. Штраф немалы – 600 тысяч рублёў. І як паведамілі Еўрарадыё ў віцебскім цэнтры занятасці, калі яны не пагодзяцца ўзяць такіх работнікаў у другі раз, будуць пакараныя ізноў. Бо дзейнічае Дэкрэт прэзідэнта № 18: паводле яго бацькі, чые дзеці знаходзяцца на забеспячэнні дзяржавы, мусяць на гэта адлічваць грошы са сваіх заробкаў.

“Еўрапейскае радыё для Беларусі” высветліла, што адбываецца, калі адных прымушаюць працаваць, а другіх прымушаюць прымаць іх на працу.

На Мінскі аўтазавод цэнтр занятасці накіраваў на працу 25 такіх людзей. Але па словах начальніка аддзела кадраў Ларысы Калагрыў, з іх працуе каля 10, то бок менш за палову:

Калагрыў: Не ўсе ходзяць на працу. І мы кожны дзень даем справаздачу пра гэтых людзей у аддзелы працаўладкавання, а штомесяц высылаем табель у РУУС. Звычайна іх і дома няма, а калі ёсць, то яны ляжаць там п’яныя.

Натуральна, што такія працаўнікі амаль нічога не зарабляюць:

Калагрыў: Іх бяруць пераважна вучнямі з заробкам у 160 -180 тысяч рублёў. Для сваіх патрэбаў у іх з заробку мусіць заставацца 30%. А калі ў асноўным нядбайныя бацькі маюць запазычнасці больш за мільён, то я нават не ўяўляю, якія заробкі яны мусяць мець.

Некаторыя з прымусова ўладкаваных не маюць адпаведных дакументаў. Нават пашпарты ў іх савецкія. Супрацоўніца аддзела кадраў кажа, што працаваць такія людзі не імкнуцца, бо не працавалі ўжо даўно. Але звольніць лайдакоў і прагульшчыкаў, паводле прэзідэнцкага дэкрэту, завод права не мае. Быў толькі адзін выпадак, калі чалавека на год накіравалі ў лекава-працоўны прафілакторый. Пазбавіліся!

Тым часам, начальнік упраўлення кадрамі Мінскага трактарнага завода Васіль Тымановіч, у размове з журналістам Еўрарадыё стукае па дрэве, маўляў, “нядбайныя бацькі” ў яго нараканняў не выклікаюць. Тыя нават добраахвотна самі напісалі заяву на выдаткаванне грошаў з іх заробкаў:

Тымановіч: У нас пакуль няма праблемаў. Мы, канешне, баімся падаваць вакансіі, але мусім гэта рабіць. На нашае прадпрыемства зусім ненадзейных працаўнікоў не адпраўляюць, відаць, улічваючы складанасць нашай вытворчасці.

Але часам здараецца, што бацькі перавыхоўваюцца. Супрацоўніца мінскага цэнтра занятасці Іна Сямёнава прыгадала адзін такі выпадак:

Сямёнава: “У пятай бальніцы працуе жанчына, і працуе вельмі добра. Яна нават вырашыла забраць сваё дзіця дадому”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international