Рэпрэсіі актывістаў апазыцыі перад Эўрапейскім маршам узмацняюцца

2007 2007-09-28T17:55:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Менску і іншых гарадах працягваюцца судовыя працэсы над актывістамі апазыцыі. Многія справы зацягваюцца. Працяг судовых пасяджэньняў прызначаюць на кастрычнік – за тыдзень да правядзеньня Эўрапейскага маршу “За Свабоду”. Актывісты апазыцыі лічаць, што гэта робіцца наўмысна, каб ізаляваць іх потым на час правядзеньня акцыі.

27 верасьня пасьля 10 сутак арышту на волю выйшаў актывіст АГП Сяржук Клюеў. Сержука затрымалі спэцназаўцы на вуліцы і прымусілі паказаць, што ў кішэні. За некалькі ўлётак пра “Эўрапейскі марш” хлопца завезьлі ў міліцыю. Там яму выклікалі “хуткую”, бо ў яго была высокая тэмпэратура. У шпіталі мэдыкі паставілі дыягназ: востры бранхіт і прапісалі пасьцельны рэжым. Нягледзячы на гэта, Сержука адвезьлі ў суд, а потым у турму адбываць арышт.

Лідэр партыі Анатоль Лябедзька са сваімі паплечнікамі сустрэў Сяржука ля турэмнай брамы.

“Усё роўна знаходзяцца маладыя людзі, якія, нягледзячы на ўсялякія перашкоды, робяць сваю справу. Клюеў адзін з такіх маладых людзей. Мы з вялікімі цяжкасьцямі арганізавалі туды яму перадачу на Акрэсьціна. Сустрэлі яго. Бачым, што настрой баявы. Сёньня ж ён ужо ўключыўся ў працу ў падрыхтоўцы “Эўрапейскага” і “Сацыяльнага” маршаў”.

Анатоль Лябедзька лічыць, што незалежна ад колькасьці арыштаваных актывістаў “Эўрапейскі марш” будзе масавай акцыяй, на якую выйдуць дзесяткі тысяч чалавек.

Сёньня моладзевая актывістка партыі БНФ Ірына Сьмяян мусіць прыйсьці ў суд Маскоўскага раёну Менску для разгляду адміністрацыйнага пратаколу, паводле якога студэнтку пэдагагічнага ўнівэрсытэту абвінавачваюць у дробным хуліганстве. 17 жніўня Ірыну і яшчэ 15 чалавек затрымалі ў Івацэвічах за спробу ладзіць моладзевы летнік. Справы васьмі ўдзельнікаў летніку ўжо разгледзелі ў судах, але не прынялі ніводнай пастановы. Суды пераносяцца на даты ад 7 кастрычніка і бліжэй да правядзеньня “Эўрапейскага маршу”.

Справу Марысі Рудакоўскай разглядалі 27 верасьня, але дзяўчына, як і яе сябры, мусіць яшчэ раз прыйсьці на суд 9 кастрычніка. Марыся выказала сваё меркаваньне:

“З майго боку была сьведка. Справу перанесьлі на 9 кастрычніка з-за няяўкі сьведак з боку міліцыі. Мне падаецца, гэта невыпадкова, што суд перанесьлі бліжэй да “Эўрапейскага маршу”.

Сітуацыю камэнтуе актывіст Моладзі БНФ Франак Вячорка:

“Калі б улады сапраўды хацелі разабрацца хто хуліганіў, а хто – не, то гэтыя б суды адбыліся яшчэ ў Івацэвічах, ці праз пару дзён пасьля затрыманьня. Гэтыя суды штучна адцягваюцца да “Эўрапейскага маршу”, каб потым у гушчы тых рэпрэсіяў, якія будуць нас чакаць, затрымаць і пасадзіць нашую моладзь. Гэта такая спроба кантраляваць, трымаць на павадку тых актывістаў, якія, у прынцыпе, і складаюць аснову сучаснага дэмакратычнага руху”.

У турме на вуліцы Акрэсьціна застаюцца адбываць арышты Леанід Навіцкі, Алена Гладкая, Віталь Ціхановіч і Кастусь Грахаў. Іх затрымалі за распаўсюджваньне інфармацыйных матэрыялаў і эўрапейскай сымболікі да акцыі 14 кастрычніка.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international