Што патрэбна КДБ ад Сяргея Ушакова, або Пра стыль і метады “работы” гэтага ведамства на правінцыі

2007 2007-09-12T16:36:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 

 

Намеснік начальніка аддзелу збыту ў краіны далёкага замежжа ЗАТ “Бабруйскмэбля” Сяргей Ушакоў быў зьдзіўлены, калі напрыканцы чэрвеня да яго на працу завітаў оперупаўнаважаны мясцовага КДБ Аляксандр Харашкевіч і прадставіўся "куратарам прадпрыемства ад КДБ" (ёсьць такая пасада, хаця “Бабруйскмэблю” курыруе іншы супрацоўнік). Гэты “спец” быў вядомы Сяргею раней, паколькі пра яго распавядаў аднакласнік Максім Нэафіт Буйніцкі, якога ўвесну выклікалі на допыты па справе “Маладога Фронту”.


Кэдэбовец паведаміў, што прыйшоў чыста па працоўных пытаньнях і яго цікавяць адгрузкі ў краіны далёкага замежжа, а таксама прычына іх спыненьня. Некаторыя пытаньні "справы" не тычыліся: “Ці ёсьць ў вас на прадпрыемстве апазыцыйныя групоўкі і што вы робіце, калі яны зьяўляюцца?”, “Што кажуць замежнікі пра нашага прэзыдэнта, калі прыяжджаюць да вас?” Напрыканцы размовы опер сказаў, каб да наступнага разу для яго падрыхтавалі зьвесткі пра асноўных гандлёвых партнэраў з далёкага замежжа. Пра гэтую размову Ушакоў паведаміў камэрцыйнаму дырэктару, і той адказаў, што без афіцыйнага запыту мы маем права нікому нічога не прадастаўляць.


Наступны раз Харашкевіч з’явіўся на прадпрыемстве 7 ліпеня. Ён націскаў на тое, што мае права ўсё ведаць. Стаў запытвацца пра Алеся, Максіма (бабруйскія актывісты - Буйніцкі і Чыгір). На гэта Ушакоў паведаміў кэдэбоўцу, што ў 2006 годзе сапраўды займаўся зборам подпісаў за А. Мілінкевіча, і што Буйніцкі – былы аднакласьнік, а з Чыгіром не сустракаецца! Ён спытаў: “Чаму?” Ушакоў паведаміў, што гэта справа асабістая.


Урэшце, каб адчапіцца ад назойлівага суразмоўцы, Ушакоў запрасіў Харашкевіча прайсьці да камэрцыйнага дырэктара, каб той даў дазвол на інфармацыю пра замежныя фірмы. Камэрцыйны дырэктар незадаволена адказаў, што толькі на афіцыйны запыт да генэральнага дырэктара можа быць дадзена такая інфармацыя.


Праз два тыдні Харашкевіч пазваніў на мабільны тэлефон Ушакову з прапановай сустрэцца. Сяргей адмовіўся і прапанаваў выклікаць яго позвай.

Раніцай 27 ліпеня перад зыходам на працу Ушакоў знайшоў у паштовай скрынцы паперчыну, зусім не падобную на позву: без гербу, зробленую на ксэраксе, без подпісаў. Таму ў КДБ у прызначаны час не пайшоў. Харашкевіч яшчэ некалькі дзён тэлефанаваў Ушакову, аднак той на званкі не адказваў.


Напачатку жніўня Сяргея выклікаў камерцыйны дырэктар і рашуча патрабаваў з'явіцца ў КДБ, бо “як захочуць – даставяць у кайданках, а яшчэ прысудзяць штраф”. Камэрцыйны дырэктар сам набраў у сябе нумар і сказаў : "Ён будзе заўтра ў 10-00."

2 жніўня адбылася размова ў КДБ. Прычым разам з Харашкевічам прысутнічаў яшчэ адзін опер - Ахрэенка. Яны цікавіліся некатрымі парафіянамі і месцам знаходжаньня былога бабруйскага пробашча Акалатовіча. Прапанавалі як "чалавеку дзяржаўнаму", скантактавацца з сьвятарамі і выведаць, хто стаіць за імі і адкуль бяруцца грошы."

Ушакоў адмовіўся ад супрацы па стану здароўя. Аднак не так проста адбіцца ад гэтых навязьлівых мух! Напрыканцы жніўня Харашкевіч ізноў з’явіўся на “Бабруйскмэблі” і ў чарговы раз пачаў “калоць” Ушакова. Такая безпардоннасьць, увогуле, магла б абурыць урэшце рэшт любога чалавека. Таму можна зразумець Сяргея, які звярнуўся да супрацоўнікаў фабрыкі: “Глядзіце, вось агент КГБ, ня ведаю, што ён ад мяне хоча!”

Пасьля пакрыўджаны гэтым кэдэбовец пайшоў да камэрцыйнага дырэктара, каб паскардзіцца на незгаворлівага супрацоўніка.


Пакуль ад Ушакова адчапіліся, але непрыемнасьці з-за гэтай гісторыі могуць узьнікнуць па месцы працы. Тым больш, у апошні момант стала вядома, што бацька Сяргея, ветэран міліцыі, звярнуўся з гэтае нагоды ў бабруйскае міжраённае ўпраўленьне КДБ, дзе яму паведамілі, каб сын нікуды не ўмешваўся, бо нібыта ўсіх апазіцыянераў зьбіраюцца выганяць з працы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international