viasna on patreon

6 верасьня – 10 год Маладому Фронту

2007 2007-09-04T14:34:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У праграме – суды ў Салігорску,
Нясьвіжы і Баранавічах, сьвяточнае шоу ў Менску
і Крапівенскае поле пад Воршай

6 верасьня спаўняецца 10 гадоў найбуйнейшаму руху беларускай моладзі – у гэты дзень у 1997 годзе ў Менску прайшоў Устаноўчы Сойм Маладога Фронту, у якім узялі ўдзел 239 дэлегатаў з усёй краіны.

Вось ужо дзесяцігодзьдзе Малады Фронт – прызнаны лідэр беларускай дэмакратычнай моладзі. Маладафронтаўскія акцыі –
“Горад – наш!”, “Дзень Сьвятога Валянціна”, абарона Курапатаў, “Беларусь – у Эўропу!”, шоу беларушчыны – ужо ўвайшлі ў найноўшую гісторыю Беларусі. Маладафронтаўскія лёзунгі “Люблю Беларусь”, “Беларусь – гэта святое”, “У нас адна дарога – Беларусь да Бога!” – робяцца дэвізамі для ўсяго беларускага руху. Менавіта Малады Фронт фармулюе ідэю і вобраз для новага пакаленьня адраджэньня Беларусі: “Нацыянальная ідэя – хрысьціянскія прынцыпы”.

Усе гэтыя 10 гадоў МФ быў сапраўднай лініяй фронту ў змаганьні з рэжымам. Нягледзячы на тысячы затрыманых і дапытаных, зьбітых і арыштаваных сябраў, Малады Фронт рабіўся толькі мацней. За апошнія паўтары гады праз турмы і крымінальныя справы прайшлі лідэры МФ Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, Павал Красоўскі і Зьміцер Хведарук, Наста Палажанка і Барыс Гарэцкі, Алег Корбан і Аляксей Янушэўскі.
У гэты юбілейны верасень рэжым вырашыў па-свойму адзначыць дзесяцігодзьдзе Маладога Фронту – і прымеркаваў на 4-е верасьня крымінальныя суды над кіраўнікамі Салігорскага МФ Іванам Шылам і Нясьвіскага МФ Настай Азаркай, а на 10-е верасьня – над лідэрам Баранавіцкага МФ Яраславам Грышчэням. З 12 крымінальных справаў паводле сумнавядомага 193-га артыкула 9 прыпадае на Малады Фронт – і гэта яшчэ раз сьведчыць пра небясьпеку МФ для сёньняшняй дыктатуры.

Але тых, хто верыць у Бога і любіць Беларусь – не спалохаць,
не купіць і не стрымаць!

Таму цяпер, на свой 10-гадовы юбілей Малады Фронт запрашае як на вялікую АКЦЫЮ САЛІДАРНАСЬЦІ ўсіх, хто прайшоў праз рух
у 1997 – 2007-х гг. і хто падтрымлівае маладафронтаўцаў зараз.

6 верасьня ў 18.00 у Менску на пр-це Машэрава, 8 плянуецца ўрачыстае паседжаньне зь віншаваньнямі.
8 верасьня на Крапівенскім полі пад Воршай – шоў з музычным конкурсам ды віктарынай.

Запрашаем усіх!

МАЛАДЫ ФРОНТ НЕ СПЫНІЦЬ!


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства