Другі тыдзень доўжыцца галадоўка асуджанага Мікалая Костышава, які ўтрымліваецца ў калёніі №1 у Менску.

2007 2007-09-04T13:34:18+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пра пачатак галадоўкі Костышава былі паінфармаваныя ініцыятары стварэньня Беларускага камітэту абароны правоў зьняволеных "Над бар`ерам" праз аднаго зь ягоных сваякоў.

Костышаў спадзяецца, што галадоўка прыцягне ўвагу да ягонай крымінальнай справы, якую ён называе “праявай беззаконьня”. Костышаў асуджаны за разбой, крадзеж і падробку дакумэнтаў. Галоўныя аргумэнты неабгрунтаванасьці прысуду – Костышаў не прысутнічаў на судзе, а галоўны сьведка даўно напісаў заяву пра тое, што абылгаў асуджанага.

Мікалай Костышаў – грамадзянін Расеі. 6 ліпеня 2006 году паводле прысуду Аршанскага гарадзкога суду ён прызнаны вінаватым. Мера пакараньня – 12 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. У залі суду Мікалай не прысутнічаў. Паводле ягонай адвакаткі Вольгі Баранчык, гэта толькі адно з шэрагу парушэньняў судовага разбору справы:

“Яшчэ ня ўсе інстанцыі мы прайшлі, дзе можна абскардзіць прысуд. Тое, што ён ёсьць незаконным і неабгрунтаваным – гэта перакананьне і маё, як ягонай абаронцы, і ягонае ўласнае. Заўтра іду на прыём у Вярхоўны суд са скаргай у парадку нагляду. Буду дакладваць і пра тое, што галадоўка доўжыцца ўжо другі тыдзень”, – кажа Вольга Баранчык.

Адвакатка Мікалая ня ведае, ці прынясе плён гэткая мера, як галадоўка:

“Гэта цалкам ягонае рашэньне. Ці будзе яно дзейным – я папросту ня ведаю. Прынамсі, усе структуры пра гэта ўжо інфармаваныя.”

Па камэнтар да сытуацыі Мікалая Костышава мы зьвярнуліся да кіраўніка рэжымнага аддзелу калёніі Міхаіла Васілевіча.

“Напішыце яму – ён вам адкажа...”

Васілевіч: “А адкуль у Вас мой нумар тэлефона?”

Карэспандэнтка: “Ну, Менск даволі цесная тэрыторыя...”

Васілевіч: “Ніяк я ня буду камэнтаваць.”

Карэспандэнтка: “Галадоўка працягваецца?”

Васілевіч: “Як быццам, не... Я ня ведаю, доўга на працы ня быў, выходныя ў мяне...”

Карэспандэнтка: “А да каго я магу зьвярнуцца?”

Васілевіч: “Напішыце яму – ён Вам адкажа.”

Карэспандэнтка: “Мне патрэбны афіцыйны камэнтар.”

Васілевіч: “Ніхто Вам нічога камэнтаваць ня стане.”

Тым часам жонка Мікалая Алена кажа, што ўдзячная кіраўніку калёніі №1 Яўгену Ласю за тое, што мужа зьмясьцілі ў мэдычную частку:

“Ён яго пасадзіў не ў штрафны ізалятар, а пад мэдычнае назіраньне. За гэта яму – дзякуй. Аднак калі я прывезла мужу вітаміны ды мінэральную ваду, мне забаранілі гэта перадаваць. Ягоныя бацькі званілі, ім сказалі – маўляў, пералічыце грошы на рахунак, а ён сабе набудзе. Яны гэтак і зрабілі”.

Міхаіл Марыніч: “Галадоўка – гэта бессэнсоўна...”

Спадарыня Алена ўжо 5 дзён ня мела лістоў ад мужа, таму ня ведае, як той сябе пачувае ў стане галадаваньня. Як ставіцца да гэткай формы пратэсту, як галадоўка ў месцах пазбаўленьня волі, мы запыталіся Міхаіла Марыніча, былога палітвязьня. Сп. Марыніч правёў у той самай калёніі, дзе цяпер Мікалай Костышаў, 2 гады.

Марыніч: “Бессэнсоўна. Думаю, што ва ўмовах турмы, гэткага жорсткага рэжыму галадоўкі ня маюць сэнсу, але яшчэ і падрываюць здароўе. Трэба змагацца, дабівацца вызваленьня – пісаць скаргі, патрабаваць справядлівасьці.”

 Сярод самых вядомых галадовак пратэсту апошніх часоў можна ўзгадаць наступныя. Летась з 20 кастрычніка да 11 сьнежня палітвязень Аляксандар Казулін трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць улады Аляксандра Лукашэнкі й парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. За час галадоўкі палітык схуднеў амаль на трыццаць кіляграмаў. Эстафэтная галадоўка на абарону царквы “Новае жыцьцё” доўжылася 23 дні. Больш за месяц трымаў галадоўку Сяргей Скрабец, пратэстуючы супраць неабгрунтаванага, на ягоную думку, прысуду. Працяглую галадоўку трымаў таксама ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international