Алесь Бяляцкі: “Створаная Лукашэнкам сістэма бязьлітасна зьнішчае беларускую мову”

2007 2007-08-29T15:31:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 

Пасьля правядзеньня рэферэндуму 1995 года і скасаваньня статуса адзінай дзяржаўнай беларускай мовы ўлады вярнуліся да практыкі поўнамасштабнага ўдушэньня мовы тытульнай нацыі. Цягам апошніх дзесяці гадоў створаная Прэзідэнтам Лукашэнкам дзяржаўная сістэма бязьлітасна зьнішчае беларускую мову.

Незразумела і крыўдна, што гэта адбываецца ў незалежнай Беларусі. Але факты сьведчаць пра тое. Сёньня роўныя правы, якія дэкларуюцца беларускай і рускай мовам артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, засталіся толькі на паперы. Уладамі пасьлядоўна і метадычна звужаецца асяродак выкарыстаньня ў грамадстве беларускай мовы. Барацьба з ёй ідзе на палітычным і ідэалагічным узроўні.

Абласныя і раённыя газеты практычна ўсе пераведзеныя на рускую мову, такая ж сітуацыя з праграмамі на радыё і тэлебачаньні. На нацыянальных тэлеканалах нават з беларускамоўнымі суразмоўцамі карэспандэнты падкрэсьлена размаўляюць па-руску.

У краіне перасьледуюцца дэмакратычныя беларускамоўныя пісьменьнікі і паэты. Іхняя творчасьць апынулася пад негалоснай забаронай, а самі яны шальмуюцца залежнай ад Лукашэнкі прэсай. За апошні год існуе шмат прыкладаў, калі ўлады перашкаджалі правядзеньню творчых вечарынаў, выступаў, сустрэчаў выдатных беларускіх творцаў з аматарамі прыгожага пісьменства. Толькі кожная дзесятая кніга, выдадзеная сёлета ў Беларусі, выйшла на беларускай мове.

Дзяржаўнае і ведамаснае справаводства ў краіне амаль цалкам зрусіфікаванае. Многія дакуманты проста немагчыма атрымаць на роднай мове. Сітуацыя часам даходзіць да поўнага абсурду, калі за патрабаваньне беларускага грамадзяніна мытнай дэкларацыі на дзяржаўнай мове ўзбуджаецца адміністратыўная справа. Міністры культуры і адукацыі падкрэсьлена не размаўляюць па-беларуску, гэтым самым дэманструючы “ўзровень” свайго разуменьня нацыянальнай культуры і адукацыі. А сам Прэзідэнт Лукашэнка любіць устаўляць у размову беларускія словы ў падкрэсьлена абразьлівай манеры, тым самым зьневажаючы беларускую мову на вачах усяго народу.

З кожным годам становіцца ўсё складаней атрымаць адукацыю на беларускай мове. Сёлета на роднай мове ў Беларусі навучаецца толькі каля 20 % школьнікаў.

Прыкладна каля 100 беларускамоўных школ зачыняецца штогод па розных падставах. Для гэтага улады выкарыстоўваюць самыя розныя спосабы: зачыняюцца малакамплектныя вясковыя школы, некаторыя беларускамоўныя школы пераводзяцца ў ліцэі і ў іх неабгрунтавана зьмяняецца мова навучаньня. У краіне парушана сістэма непарыўнасці беларускамоўнага адукацыйнага працэсу, паколькі за рэдкім выключэньнем адсутнічаюць беларускамоўныя дзіцячыя садкі і ясьлі, амаль няма навучаньня на беларускай мове ў каледжах і тэхнікумах. Нягледзячы на шматтысячныя подпісы грамадзянаў з падтрымку адкрыцьця беларускамоўнага універсітэту, беларускія ўлады ніяк не рэагуюць на гэта. У краіне няма ніводнага універсітэту, дзе б навучаньне вялося па-беларуску. Такім чынам парушаецца права грамадзян на атрыманьне адукацыі на роднай мове, якое гарантаванае Асноўным Законам Рэспублікі Беларусь.

Нароўні з іншымі грамадзянскімі і палітычнымі правамі, беларускія ўлады дэманстратыўна і нахабна парушаюць культурныя і нацыянальныя правы беларускіх грамадзянаў, парушаюць Міжнародны пакт пра эканамічныя, сацыяльныя і культурныя правы.

Я заклікаю беларускія ўлады няўхільна прытрымлівацца ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь па захаваньні нацыянальных і культурных правоў грамадзян. Еўрапейскай супольнасьці мы каштоўныя сваёй мовай ды культураю. Дык давайце ж разам берагчы і разьвіваць тое лепшае, што засталося нам у спадчыну ад нашых бацькоў і дзядоў!

Алесь Бяляцкі,

праваабаронца, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў,

дырэктар лімтаратурнага музею Максіма Багдановіча (1989-1998),

віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international