viasna on patreon

Станіслава Шушкевіча вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру

2007 2007-08-24T14:48:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былога старшыню Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру. Ініцыятарам вылучэньня выступіў былы польскі прэзідэнт, лідэр “Салідарнасьці” Лех Валенса. Гэтую ініцыятыву Валенсы падтрымалі некалькі дзеючых кіраўнікоў краін сьвету, былыя генэральныя сакратары, прэзыдэнты, прэм’еры, прафэсары ўнівэрсытэтаў.

«Сытуацыя разьвівалася вельмі хутка і нечакана для мяне, — паведаміў «Нашай Ніве» былы старшыня беларускага парлямэнту. — Напрыканцы мінулага году я чытаў лекцыі ў Познаньскай вышэйшай палітычнай школе, якую патрануе былы лідэр «Салідарнасьці» і прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса. У адзін дзень я зайшоў у кабінэт канцлера школы ў той момант, калі ён размаўляў па тэлефоне з Валэнсам. Лех папрасіў, каб слухаўку перадалі мне, ён запрасіў прыехаць у той жа дзень да яго ў Гданьск. Мяне вызвалілі ад заняткаў і я насамрэч паехаў да Валэнсы. Мы сустрэліся ў ягоным бюро, якое разьмяшчаецца ў цудоўным двухсотгадовым будынку. Валэнса амаль адразу паведаміў, што хоча вылучыць мяне на Нобэлеўскую прэмію міру за 2007 год. Прызнаюся шчыра, што для мяне гэта было поўнай нечаканасьцю, бо па тэлефоне ён нічога мне не сказаў. Валэнса мае права вылучаць на Нобэля, бо сам атрымліваў прэмію ў 1983 годзе. Ён папрасіў мяне напісаць невялікія біяграфічныя зьвесткі. Пасьля чаго і накіраваў заяву ў Нарвэскі нобэлеўскі камітэт. Я пакуль не хачу называць тых людзей, хто яшчэ выступае за маю кандыдатуру. Скажу толькі, што сярод іх некалькі дзеючых кіраўнікоў краін сьвету, былыя генэральныя сакратары, прэзыдэнты, прэм’еры, прафэсары ўнівэрсытэтаў».

Станіслаў Шушкевіч на Нобэлеўскую прэмію міру быў вылучаны па пяці наступных пунктах:

1. Ініцыятыва і рэалізацыя вываду тактычнай і стратэгічнай ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі;

2. За ініцыятыву сустрэчы ў сьнежні 1991 году кіраўнікоў Беларусі, Расеі і Ўкраіны, якія падпісалі Белавескія пагадненьні, што фактычна замацавалі развал СССР;

3. За актыўны ўнёсак ў мірны раскол расейскай каляніяльнай імпэрыі, якая існавала ў выглядзе Савецкага Саюзу;

4. За ўклад у бесканфліктнае пераўтварэньне СССР у незалежныя рэспублікі;

5. За адданасьць прынцыпам міру, дэмакратыі, правоў чалавека і прапаганду гэтых прынцыпаў.

Усяго на прэмію штогод вылучаецца каля 200 кандыдатаў. Сярод вядомых намінантаў гэтага году — экс-віцэ-прэзыдэнт ЗША Альбэрт Гор за сваю дзейнасьць у абарону навакольнага асяродзьдзя, міратворац Намібіі, Ачэху й Косава Марці Ахцісаары, чачэнская юрыстка Лідзія Юсупава.

Летась на Нобэля міру вылучалі кіраўніка незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага.

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне міру стане вядомы ў другой палове кастрычніка ў Осла (Нарвэгія).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства