Аб геапалітыцы. На скрыжаваньні…

2007 2007-08-16T09:52:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Мінуў 2006-ы год — год шматлікіх абяцаньняў і раздушаных надзей, гераічнага змаганьня і разьбітых лёсаў — прэзыдэнцкіх «выбараў» на Беларусі. Шмат хто з нас нарадзіўся ўжо ў вольнай і незалежнай краіне, дзе канстутуцыйна былі замацаваны плюралізм, недатыкальнасьць дзяржаўных сымбаляў, самой канстытуцыі і нацыі. Аднак больш за 10 год дыктатуры шмат што зьмянілі ў жыцьці краіны і беларускага народа.

Пасьля правала жнівеньскага путчу ў 1991-ым і наданьня канстытуцыйнага статусу дэклярацыі аб сувэрэнітэце, вырваўшыся з савецкай імпэрыі, незалежная беларуская дзяржава ўпершыню за 70 год атрымала шанец самастойна вырашыць сваю будучыню, самастойна абраць сваё мейсца ў сьвеце. Трэба было шукаць варыянты вырашэньня энэргетычных і эканамічных праблемаў, абмежаваць уплыў Масквы на Беларусь.

Сяргей Навумчык к сваёй кнізе «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» піша:

«У ліпені 1993 году адбылася праведзеная з ініцыятывы Зянона Пазьняка і лідэра Народнага Руху Ўкраіны Вячаслава Чарнавіла канфэрэнцыя „Шляхі выхаду з паліўна-энэргетычнага крызысу”, на якой абмяркоўвалася стварэньне Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара. У канчатковым выглядзе калектар мусіў зьвязаць парты Чорнага і Балтыйскага мораў, для Беларусі гэта азначала б выхад да альтэрнатыўных крыніцаў нафты і ліквідацыю поўнай паліўнай залежнасьці ад Расеі. Былі падрыхтаваныя фінансавыя і тэхнічныя абгрунтаваньні.
<…>
Урад Кебіча, наадварот, усё мацней прывязваў Беларусь да расейскага прамысловага комплексу; праблемы з пастаўкай нафты, якія абвастрыліся ў канцы лета 1993 году, былі скарыстаныя афіцыйнай прапагандай для замацаваньня стэрэатыпу, што „Без России нам не прожить!”. Адсутнасьць рынкавых рэформаў у спалучэньні з намэнклятурнай прыватызацыяй спрыялі паглыбленьню эканамічнага крызысу, росту сацыяльнай напружанасьці. Менавіта ў 1993 годзе колькасьць памерлых пераўзышла колькасьць народжаных.»

 


Што ж зьмянілася за гэты час і якія пэрспэктывы для сучаснай Беларусі існуюць зараз? Можна вылучыць тры асноўныя накірункі і тры асноўныя геапалітычныя канцэпцыі, якія ўмоўна можна акрэсьліць як: расейская, эўрапейская і балта-чарнаморская.

Расейскі варыянт распрацоўваецца ўжо даўно і ніколі не спыняўся. Варта адзанчыць, што ён і ёсьць самы небясьпечны. Істотныя зрухі ў гэтым напрамку адбыліся зь першым падзелам Рэчы Паспалітай і працягваюцца дагэтуль. Гульні з такой вялікай дзяржавай (а фактычна ўсё яшчэ імпэрыяй з процьмай сваіх ваенных, эканамічных, палітычных і этнакультурных праблемаў) могуць скончыцца толькі праглынаньнем Беларусі, на што фактычна і накіравана палітыка Масквы. Некаторыя журналісты, палітыкі і «аналітыкі» (нават беларускія!) заяўляюць аб нецікавасьці Беларусі ў вачох Расеі, пра тое, што Расея субсыдуе беларускую эканоміку і г.д. Варта прывесьці пералік асноўных перавагаў аб’яднаньня для Расеі (з расейскіх дакумантаў) з артыкула А. Ціхамірава «Беларусь у вонкавай палітыцы Расіі»:

«Аб’яднаньне зь Беларусяй адпавядае нацыянальным інтарэсам Расіі, дае ёй шэраг геапалітычных і ў пэрспэктыве — эканамічных перавагаў. Да такіх перавагаў яны адносілі:

  • беспасярэдні выхад на межы Цэнтральнаэўрапейскага рэгіёну;
  • ухіленьне патэнцыйнай пагрозы стварэньня так званага “Балтыйска-Чарнаморскага поясу” ізаляцыі Расіі;
  • атрыманьне дадатковых моцных сродкаў узьдзеяньня на адносіны з Украінай, нэўтралізацыю магчымасьці пераўтварэньня Ўкраіны ў “буфэрную” антырасійскую дзяржаву;
  • узмацненьне пазыцыяў для дыялёгу з Польшчай і дзяржавамі Балтыі;
  • наданьне імпульсу дэманстрацыяй прыкладу разьвіцьця працэсаў далейшага збліжэньня ў “інтэграцыйным ядры” СНД (Расія, Беларусь, Казахстан, Кіргізія) і, магчыма, у Садружнасьці ў цэлым;
  • агульнае ўзмацненьне ўплыву Расіі ў міжнароднай палітыцы праз доказ сваёй здольнасьці да правядзеньня такой буйнамаштабнай акцыі, як аб’яднаньне з суседняй незалежнай дзяржавай;
  • павелічэньне вайсковых магчымасьцяў Саюзу дзьвюх дзяржаваў у галіне звычайных узбраеньняў коштам здабыцьця кантролю над дастаткова баяздольнай беларускай арміяй; атрыманьне дадатковых магчымасьцяў для ўдасканаленьня як уласнай сыстэмы СПА і СРА, так і аб’яднанай СПА;
  • ускладненьне дзейнасьці антырасійскіх сілаў у Беларусі;
  • сур’ёзнае аслабленьне сындрому “падзеленае нацыі” ў Расіі;
  • стварэньне супольнага рынку тавараў, працы і капіталу і скасаваньне бар’ераў на шляху іх руху;
  • магчымасьць выкарыстаньня выгаднага геаэканамічнага разьмяшчэньня Рэспублікі Беларусі і ейнай разьвітой транспартнай і вонкавагандлёвай інфраструктуры ў супольных эканамічных інтарэсах;
  • зьніжэньне кошту перавозак у Калінінградзкі анкляў Расіі;
  • удзел у прыватызацыі ў Беларусі;
  • атрыманьне Расіяй надзейнага транспартнага калідору для паставак газу і нафты ў Эўропу, абмінаючы тэрыторыю Ўкраіны і дзяржаваў Балтыі.»

Расейскі варыянт пасьлядоўна ажыцьцяўляе Аляксандар Лукашэнка (перадача беларускай маёмасьці, увядзеньня закона «аб роўных правах», спрыяньне эканамічнай і інфармацыйнай экспансыі з Расеі). Канкурэнцыю яму ў гэтым напрамку на мінулых «выбарах» спрабаваў стварыць Аляксандар Казулін, крытыкуючы Лукашэнку за непасьлядоўную і недастаткова эфэктыўную палітыку ў дачыненьні Расеі.

Эўрапейскі варыянт таксама добра ўсім зразумелы. Гэтую канцэпцыю падтрымлівае «аб’яднаная апазыцыя» і Аляксандар Мілінкевіч у прыватнасьці. Складана знайсьці слуп, дзе маркерам ці налепкай не адзначаны «эўрапейскі выбар». Ды і на шматлікіх палітычных акцыях ўжо цяжка адшукаць нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг сярод сініх штандараў з залатымі зорачкамі… Але ж улічваючы спэцыфіку беларускай эканомікі, аналізуючы праблемы нашых суседзяў, што абралі гэты шлях, нельга не зьвяртаць увагу на складансьць арганічнай інтэграцыі ў такую вялікую структуру са сваімі шматлікімі праблемамі, якія нам таксама прыйдзецца вырашаць. Канцэпцыя «нельга ўпаўзаць у Эўразьвяз на каленях» таксама мае багата сваіх прыхільнікаў.

У той жа час у 2005-ым годзе ў Кіеве ідэя стварэньня Балта-Чарнаморскай Садружнасьці (БЧС) ізноў пачала сур’ёзна абмяркоўвацца. Першыя захады ўжо зробленыя Украінай і Польшчай — нафтаправод «Адэса-Броды» ўжо пабудаваны, а праэкт «Адэса-Броды-Плоцк-Гданьск» неўзабаве таксама можа быць рэалізаваны. Такім чынам краіны рэгіёну спрабуюць вырашыць пытаньні энергетычнай і палітычнай бясьпекі ва ўмовах будаўніцтва Поўнача-Эўрапейскага газаправоду.

Ідэя БЧС на Беларусі амаль ніколі не ўзгадваецца, хаця эканамічныя і палітычныя (дзеля захваньня незалежнасьці кожнай крыіны-ўдзельніцы) наступствы для ўсёй Эўропы былі б вялізарыныя: гэтае ўтварэньне змагло б збалянсаваць Эўропу, зьмякчыць зносіны Расейскай Федэрацыі і Эўразьвязу, гарантаваць незалежнасьць і сувэрэнітэт, пазбаўленьне эканамічнага і палітычнага ціску з боку вялікіх суседзяў Беларусі, Украіне, Польшчы, Балтыйскім краінам. Калі часткі калектара Польшча і Ўкраіна могуць пабудаваць і выкарыстоўваць без Беларусі, то пабудаваць Садружнасьць без нашага ўдзелу не атрымаецца, аднак на беларускім палітычным полі акрамя Зянона Пазьняка актыўна гэтую канцэпцыю ніхто не падтрымлівае і нават не абмяркоўвае.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international