Што рабіць, калі вас хочуць схіліць да супрацоўніцтва з КГБ

2007 2007-08-10T15:32:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выклік у дэканат, размова з невядомымі, але абазнанымі ў вашым прыватным жыцьці дзядзькамі, прапанова даць інфармацыю ў абмен на вырашэньне праблемаў з вучобай, прозьба нікому не казаць пра размову, прапанова падпісаць пагадненьне пра супрацоўніцтва... У апошні час даводзілася па некалькі разоў выслухоўваць падобныя гісторыі ад моладзі: хлопцаў і дзяўчат, студэнтаў і не студэнтаў. Як вы ўжо здагадаліся, гаворка ідзе пра КГБ.

На падставе гэтых шматлікіх аповядаў складаецца пэўнае ўяўленьне пра сістэму працы “чэкістаў” з моладзю, іх падыходаў, якія, варта адзначыць, у большасьці выпадкаў зьяўляюцца аднатыпнымі.
У сваіх нататках мы паспрабуем даць парады як варта сабе паводзіць пры навязлівых сустрэчах з прадстаўнікамі гэтага ведамства. Паспрабуем змадуліраваць падобную сітуацыю:

Як паказвае практыка такога кшталту кантакты адбываюцца, як правіла, па месцы вучобы – ва ўніверсітэце. Студэнта, інфармацыя пра грамадска-палітычную дзейнасьць якога ўжо патрапіла ў поле зроку КГБ (раней затрымліваўся ў “нехарошых” кампаніях, ці падчас несанкцыянаваных акцыяў, за распаўсюд друкаваных матэрыялаў і г.д.), выклікаюць у дэканат, каб паразмаўляць з ім пра пытаньні, датычныя навучальнага працэсу. Калі студэнт прыходзіць у дэканат, там (дэкан ці ягоны намесьнік) паведамляюць яму пра тое, што з ім хочуць паразмаўляць двое таварышаў (альбо адзін). Сам дэкан, як правіла, пры далейшай сустрэчы не прысутнічае. Вось тут і пачынаецца самае цікавае. Двое дзядзькоў прадстаўляюцца якімі-небудзь Іванамі Сяргеевічамі і, між іншым, намякаюць вам: маўляў, спадзяемся, што вы разумееце з якой мы “арганізацыі”, альбо адкрыта паведамляюць, што яны з КГБ.

Далей “харошыя дзядзькі” паспрабуць паказаць вам сваю абазнанасьць у вашым прыватным жыцьці. Распавесьці, што бачылі вас у кампаніі “кепскіх” хлопцаў з Маладога Фронту ці з ЗБС, а таксама, што ім ўсё вядома пра вашую апошнюю паездку ў Польшчу, Літву ці Украіну. Або пра іншыя факты з вашага жыцьця. Мэта гэтых дзеяньняў – паказаць вам, што ўсёбачнае вока КГБ сочыць за вамі і ўдзень і ўначы, а “кантора” ведае пра вас усё. Іх цікавіць найперш вашая псіхалягічная рэакцыя на пачутае. І калі вы напалохаліся, нярвуецеся – тое што трэба, “дзядзькам” можна паступова падыходзіць да іншых частак размовы. Далей яны скажуць вам, што іх вельмі цікавіць інфармацыя пра дзейнасьць вядомых вам асобаў, моладзевай групы і г.д. Затым вам паабяцаюць паспрыяць вырашэньню ўсіх вашых праблемаў ва ўніверсітэце (здачы “хвастоў” на сесіях, добрае размеркаваньне, вырашэньне праблемаў з войскам і г.д.), ці ўлагодзіць нейкую іншую праблему. Далей дзядзькі дадуць вам нумары іхніх мабільных тэлефонаў і час на роздум. Праз тры (пяць, сем) дзён яны паабяцаюць вярнуцца да размовы. А на разьвітаньне дзядзькі папросяць вас нікому не казаць пра вашую размову, гэта ж канфідыцыйна, вы ж дарослы і ўсё разумееце…

Дык што ж рабіць? Вы ў разгубленасьці, вамі авалодаў страх.
Настойліва раім вам -- не палохайцеся і ні ў якім выпадку не паказвайце ім, што вы нярвуецеся. Момант нечаканасьці першай сустрэчы – пачатак далейшага стандартнага метаду працы з вамі супрацоўнікаў КГБ. Спачатку паспрабуем разабраць тое, што трэба было зрабіць пры размове адразу:

Напачатку размовы папрасіце невядомых вам Іванаў Сяргеевічаў прадставіцца і прад’явіць вам службовыя пасьведчаньні. Абавязкова запомніце, а лепей, не сьпяшайцеся і запішыце іхнія прозьвішчы. Пры адмове з іх боку прадставіцца, паведаміце невядомым, што працягу вашай размовы ня будзе, паколькі з невядомымі вам асобамі вы не размаўляеце. Разворочвайцеся і сьмела вяртайцеся ў аудыторыю (ці куды-небудзь у іншае месца па сваіх справах). Калі яны ўсё ж прад’явяць вам свае службовыя пасведачаньні – пацікаўцеся, што ім ад вас трэба і чаму б ім не выклікаць вас афіцыйна – праз позву (павестку). Яны, вядома, могуць сказаць, што ім трэба ўзяць у вас тлумачэньні, альбо нават паказаньні сьведкі па нейкай там справе. У дадзенай сітуацыі зноўку ж патрабуйце выклікаць вас афіцыйна, позвай, у якой будзе ўказана, хто, куды, і ў якасьці каго вас будзе выклікаць. Скажыце, што прыйдзеце не адзін, а з адвакатам, паколькі арт. 62 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам краіны юрыдычную дапамогу (гэта на выпадак, калі яны пачнуць вам распавядаць што сьведкам і пры дачы тлумачэньняў адавакат “не палагаецца”). Калі ж яны будуць настойваць на дачы нейкіх там тлумачэньняў – нагадайце дзядзькам, што вы маеце права – ніякіх тлумачэньняў не даваць!

Калі вас усё ж такі афіцыйна выклікалі ў КГБ павесткай для дачы тлумачэньняў раім вам з’явіцца па выкліку, але катэгарычна адмовіцца ад дачы якіх небудзь тлумачэньняў. Таксама раім вам не падпісваць і незапаўняць ніякія паперы, анкеты, пратаколы і г.д. Адмовіцца ад дачы тлумачэнняў вашае законнае права! Адмова ад дачы тлумачэнняў не цягне за сабой ніякіх юрыдычных наступстваў.

Што датычыцца допыта сьведкі, то гэта працэсуальнае дзеяньне, якое рэгулюецца нормамі Крымінальнага Працэсуальнага Кодэксу . Сьведка дапытваецца па нейкай канкрэтнай узбуджанай крымінальнай справе.Паводле арт. 216 КПК, сьведкі выклікаюцца на допыт позвай, дзе павінна быць указана хто і ў якасьці каго выклікаецца, час яўкі на допыт, адрас.
Позва ўручаецца асобе, якая выклікаецца, пад роспіс. Таму, калі яны будуць казаць, што хочуць дапытаць вас як сьведку – патрабуйце афіцыйнай позвы. У любым выпадку паспрабуйце звесцьі вашу размову да мінімума і дайце ім зразумець, што размаўляць з імі ў вас няма ніякага жаданьня.

Пасьля размовы адразу ж паведамце пра гэтую сустрэчу незалежным сродкам масавай інфармацыі і праваабаронцам. Гэта важна зрабіць, паколькі пасьля гэтага далейшыя сустрэчы з “таварышамі”, як правіла, не адбываюцца. Каму ж патрэбны інфарматар пра кантакты якога з КГБ усім вядома? Калі ж вам усё ж такі прапанавалі супрацоўнічаць, памятайце, што паводле арт. 22 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь” ад 3 сьнежня 1997 г., супрацоўніцтва з органамі мае выключна дабраахвотны характар. Гэта значыць – з вашае згоды. Таму ўсялякія пагрозы “таварышаў” за адмову ад супрацоўніцтва будуць насіць незаконны характар. Калі ж яны былі – зьвяртайцеся са скаргай у пракуратуру і абавязкова надавайце такім фактам публічны характар.

Калі вас выклікалі ў камітэт для дачы паказаньняў у якасьці сьведкі вам трэба ведаць наступнае:
Паводле арт. 215 КПК РБ допыт адбываецца па месцы вытворчасьці папярэдняга сьледства. Сьледчы, дазнавальнік, маюць права, калі прызнаюць гэта неабходным, правесьці допыт па месцы знаходжаньня асобы, якая дапытваецца.
Паводле арт. 216 КПК РБ сьведка выклікаецца на допыт позвай. У ёй павінна быць указана, хто і ў якой якасьці выклікаецца, да каго і па якім адрасе, час яўкі на допыт, а так сама наступствы няўкі без паважнай падставы. Позва ўручаецца асобе, якую выклікаюць пад роспіс. Пры адстутнасьці гэтай асобы позва ўручаецца пад роспіс каму-небудзь з паўнагадовых членаў сям’і альбо адміністрацыі па месцы працы, якія абавязаныя перадаць позву асобе, якую выклікаюць на допыт.
Такім чынам першае, што трэба зрабіць калі вас вусна выклікаюць на допыт у якасьці сьведкі, гэта запатрабаваць афіцыйнага выкліку вас на допыт – праз позву.

Другім важным аспектам з’яўляецца тое, што перад пачаткам допыту сьледчы павінен, паводле арт. 217 КПК РБ, паведаміць асобе, якую выклікалі на допыт, па якой крымінальнай справе яна будзе дапытаная, растлумачваюцца правы і абавязкі, прадугледжаныя артыкуламі КПК, у тым ліку і права адмовіцца ад дачы паказаньняў у адносінах яго самога, членаў яго сям’і і блізкіх сваякоў. Асоба, якая выкліканая на допыт у якасьці сьведкі, папярэджваецца аб крымінальнай адказнасьці за ўхіленьне, альбо адмову ад дачы паказаньняў і за дачу загадзя непраўдзівых паказаньняў. Памятайце, што ўвесь ваш допыт мусіць фіксавацца ў пратаколе допыту, з якім, па яго завяршэньні, вас абавязаны азнаёміць. Патрабуйце вядзеньня пратаколу допыту, адмаўляйцеся размаўляць са сьледчым “з воку на вока”, без пратаколу. Калі вы ўспрымаеце пытаньні, якія задае вам сьледчы, як ськіраваныя супраць вас, адмаўляйцеся адказваць на іх, матывуючы сваю адмову гарантаваным вам арт. 27 Канстытуцыі правам не даваць паказаньні супраць сабе самога.

І напрыканцы яшчэ некалькі парадаў. Паспрабуйце мінімізаваць колькасьць вашых сустрэчаў з прадстаўнікамі КГБ. Памятайце, чым менш вы з імі сустракаецеся, тым лепей для вас. Не падпісвайце ні ў якім выпадку кантрактаў і пагадненьняў аб супрацоўніцтве з КГБ. Калі ж вас змусілі падпісаць нейкія паперы, памятайце, што супрацоўніцтва ажыцяўляецца толькі па вашай згодзе, а не па прымусу.

Валянцін Стэфановіч

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international