Усталяваць у Гданьску помнік Янку Купалу было ня вельмі проста

2007 2007-07-09T17:08:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Не сакрэт, што наш вялікі пясьняр Янка Купала пры жыцьці ні разу ня быў у Гданьску. Аднак гэта не перашкодзіла беларускай дыяспары ў гэтым горадзе ўшанаваць яго памяць на 125-годдзе ад нараджэньня. На Радзіме мерапрыемствы праходзяць і ў музэях, і ў тэатрах, і ў навучальных установах з кульмінацыяй 7 ліпеня (дзень народзінаў паэта), а ў паўночнапольскім горадзе за паўтысячы кілямэтраў ад Бацькаўшчыны беларуская суполка вырашыла “прапісаць” паэта і ў Гданьску.

 


Помнік адкрылі на скрыжаваньні вуліц Янкі Купалы й Мсьцівага ІІ у ціхім раёне Гданьск Аліва. На ганаровай шыльдзе каменя надпіс зроблены на клясычным правапісе й на польскай мове: “Янка Купала – Беларускі пясьняр” і “…сьняцца сны аб Беларусі”.

Насамрэч, усталяваць такі помнік было ня вельмі проста. Спадарыня Алена Глагоўская, старшыня беларускай грамады Гданьску, скардзілася, што беларуская амбасада спрабавала адцягнуць тэрмін адкрыцьця да восені: “А што восеньню?.. Не ў гадавіну ж рэвалюцыі кастрычніцкай адкрываць! Але трэба сказаць, што кансулят беларускі выканаў шыльду такую, якую трэба”.

 


Неспадзяваная сітуацыя адбылася з прадстаўнікамі амбасады Беларусі ў Польшчы. Амбасадар Павал Латушка за дзень да адкрыцьця быў у Гданьску, але пасьля нечакана хутка зьехаў у Варшаву па справах. Мясцовая “Газэта” пісала, што хутчэй за ўсё гэта зьвязана з канфліктам наконт заплянаванай песьні на верш “Прарок”. На думку дыппрадстаўніцтва, песьня “не адпавядае цяперашняму часу”. Тым ня менш, твор быў выкананы хорам. Хаця генэральны консул Беларусі ў Гданьску Руслан Есін, заявіў, што ніякіх спрэчак у беларускіх дыпляматаў з арганізатарамі не было.

 


Стаўленьне саміх палякаў да адкрыцьця помніка неадназначнае. Меркаваньні падзяляюцца. Частка ставіцца да гэтага адмоўна. “Пры чым тут нейкі камуністычны паэт да нашага горада?” – абураюцца некаторыя. Спасылаюцца на тое, што вуліца Купалы названа не ў гонар песьняра Беларусі, а паводле мітычнага бога. Улічваючы такія меркаваньні, кажуць, што нават шыльду на помніку ўмацавалі глыбей у камень, каб нельга было аддзерці.

Аднак мэр Гданьску Павал Адамовіч, род якога паходзіць зь Беларусі, расказаў, што ганарыцца тым, што ў ягоным горадзе паўстаў такі помнік: “У кожным з вас цячэ значная частка беларускай крыві, бо з Гданьску сапраўды шмат людзей, якія паходзяць зь Беларусі. Мы гэтым ганарымся і, дзякуючы Купалу, яшчэ раз усьведамляем”.

 


Таксама ў Гданьску прайшла выстава прац мастака Васіля Шаранговіча, прысьвечаных жыцьцю й творчасьці клясыка або напісаных паводле ягоных твораў.

Янка Купала быў бы прыемна зьдзіўлены тым, што, дзе б ні жылі беларусы, яго памятаюць паўсюль, бо для іх ён насамрэч прарок.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international