Суд спыніў справу па зыску адлічанага студэнта

2007 2007-07-06T09:22:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Справа па зыску Юрася Алейніка спынена “ў сувязі з непадведамаснасцю суду”. Такое рашэнне прыняла 5 ліпеня суддзя Кастрычніцкага раённага суда г. Мінска Соф’я Пракаповіч.

Суддзя спаслалася на тое, што статут Акадэміі кіравання пры прэзідэнце РБ не прадугледжвае для студэнтаў магчымасці судовага абскарджання загадаў аб адлічэнні. Адметна, што гэткае рашэнне яна прыняла, калі практычна ўсе судовыя працэдуры былі выкананыя і працэс падыходзіў да завяршэння.

Зыскоўца і яго прадстаўнікі катэгарычна не згодныя з рашэннем суда. Грамадскі прадстаўнік Ю. Алейніка, юрыст БХК Алег Гулак у гутарцы з прэс-службай ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” зазначыў: “На нашу думку, пад час слуханняў склалася такая сітуацыя, што суд не мог не задаволіць патрабванняў зыскоўца і таму вырашыў увогуле спыніць справу. Гэта незаконна і неканстытуцыйна. Гэта - адмова ў правасуддзі”.

“Мы лічым, што Юрый Алейнік меў права звярнуцца ў суд з зыскавай заявай , і будзем абскарджваць рашэнне суда ў вышэйшай інстанцыі”, – заявіла ў гутарцы з БАЖ адвакат зыскоўца Ларыса Атаманчук.

Падаць скаргу можна напрацягу 10 дзён.

Нагадем: Юрый Алейнік, студэнт-выдатнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, патрабаваў адмяніць загад рэктара аб яго адлічэнні і аднавіць яго на 4-м курсе, даўшы магчымасць здаць сесію. Ён быў адлічаны загадам рэктара ад 15 траўня нібыта “за сістэматычнае парушэнне вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку”. Яго вінавацяць у тым, што ў красавіку г.г. ён прагуляў 22 акадэмічныя гадзіны без важкіх прычын. Сам былы студэнт цвердзіць, што большасць гэтых заняткаў ён прапусціў небеспадстаўна. Ён прадаставіў суду даведкі са студэнцкай паліклінікі, а таксама заяву маці, якой па стане здароўя ў красавіку была патрэбная дапамога ў выхаванні малодшага сына.

Зыскоўца ўпэўнены, што яго адлічылі “за перакананні і актыўную жыццёвую пазіцыю”. Ю. Алейнік з’яўляецца сябрам БАЖ і пазаштатным карэспандэнтам газеты “Наша ніва”, старшынём Мінскай абласной арганізацыі Таварыства Беларускай мовы імя Ф. Скарыны, а таксама ўдзельнікам вулічных акцый пратэсту і актыўным збіральнікам подпісаў супраць адмены ільгот студэнтам. Удзел у гармадскім жыцці ніяк не ўплываў на яго поспехі: пад час апошняй, зімовай сесіі яго сярэдні бал складаў 9.0 з 10 магчымых. Акрамя гэтага, прааналізаваўшы сітуацыю з пропускамі іншых студэнтаў Акадэміі, Ю. Алейнік высветліў, што шмат хто з іх, маючы значна больш прагулаў і горшую паспяховасць, працягваюць навучанне.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international