А.Пашкевіч: “Пісьменьнік павінен адстойваць права “людзьмі звацца”

2007 2007-06-27T13:12:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Вытрымкі з перадачы “Начная Свабода”, госьцем якой быў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.

Караткевіч: “Вам хутка будзе 35 гадоў. Як Вы далучыліся да думкі за Беларусь і беларускае адраджэньне?”

Пашкевіч: “Скажу шчыра – я ніколі не задумваўся над гэтым і ня думаю, што я неяк далучаўся. Фактам свайго нараджэньня я быў спалучаны з Цэнтральнай Беларусьсю – са Случчынай, “ускормлены суць па Бозе” быў беларусам, таптаў сьцежку і тапчу ў сваю Беларушчыну”.

“Першым пытаньнем сапраўднага літаратара павінна быць “у што я веру”

Караткевіч: “Алесь Пашкевіч быў удзельнікам перадачы “Ў што я веру” і ў сваім эсэ сказаў, што ён “на жаль, верыць у сябе”. Што такое “верыць у сябе” і чаму “на жаль”?”

Пашкевіч: “На жаль, застаецца толькі вера ў сябе. Я працытаваў хрэстаматыйнае Купалава “у народ і край свой толькі веру і веру ў самаго сябе”. На сёньня застаецца вера ў “самаго сябе”. Напачатку скажу шырэй пра ідэю і перадачы гэтага пытаньня. Якраз гэтае пытаньне – у што я веру – мусіць паўставаць першым у кожнага мастака, у кожнага творцы і ў літаратара прынамсі. Зазвычай так сталася, што творцы адказваюць на пытаньне “што рабіць?”. А першым пытаньнем сапраўднага літаратара, як мне бачыцца, павінна быць – “у што я веру”. А потым ужо, ад гэтага адштурхоўваючыся, думаць што рабіць, каб гэтую веру ня страціць і каб гэтую веру прывіць сваім чытачам, сваім суграмадзянам”.

Караткевіч: “Калі ў 1942 годзе ў Маскве хавалі Янку Купалу, на пахаваньне прыйшоў расейскі кампазытар Пракоф'еў і сказаў, што калі б у Янкі Купалы былі толькі радкі “мне сьняцца сны аб Беларусі”, ён бы застаўся вялікім беларускім паэтам. Якія радкі зь беларускай паэзіі, беларускай прозы, беларускага мысьлярства для Вас застаюцца знакавымі?”

Пашкевіч: “Гэта шырэй, ня толькі радкі. Гэта цалкам аўтаномныя тэксты – “Вянок” Багдановіча, ягоныя “Слуцкія ткачыхі”, ягоная “Пагоня”, многія паэмы Купалы, многія паэмы Коласа. Ну а з Купалавага на памяць прыходзіць трагікамэдыя “Тутэйшыя”.

Караткевіч: “Чаму, на Вашую думку, былі праблемы з пастаноўкай у Купалаўскімм тэатры – спачатку была, пасьля адмянілі, пасьля зноў вярнулі і быў аншляг?”

Пашкевіч: “Вось якраз з гэтае прычыны – з прычыны актуальнасьці, надзённасьці Купалавых ідэяў, якія не стасуюцца зь ідэалёгіяй сучаснай Беларусі. Пачынаючы ад Купалам моўленага “Жыве Беларусь!”, цяпер падмененага лёзунгам “За Беларусь” – гэта нібы нейкі тост за чаркай і шкваркай”.

“Калі беларусы не зьяднаюцца, праз гадоў 100 нашыя нашчадкі будуць жыць у іншай дзяржаве”

Караткевіч: “Мы сёньня правялі апытаньне – ці павінен пісьменьнік падтрымліваць палітычную ідэю або палітыка...”

Пашкевіч: “Цэлая мазаіка думак прагучала. Дазволю сабе выказаць сваю. У розных краінах стаўленьне літаратараў да палітыкі рознае. Найлепш калі пісьменьнік не цікавіцца палітыкай, калі палітыка ідзе паралельна ягонай творчасьці. Аднак на Беларусі традыцыйна склалася так, што творца – ня толькі пісьменьнік, але і мастак, і музыка – адарваным ад сучаснасьці, ад грамадзка-палітычнага жыцьця быць ня можа.

У нас складваецца наступная сытуацыя: калі ты не цікавісься палітыкай, палітыка зацікавіцца табой. Урэшце і гістарычна, традыцыйна склалася так, што ўсе, пачынаючы ад клясыкаў, пачынаючы ад ХІХ і пачатку ХХ стагодзьдзя, літаратары не маглі адарваць сябе ад грамадзка-палітычных працэсаў. Толькі два прыклады – першы кіраўнік Беларускай Народнай Рэспублікі Вацлаў Ластоўскі, як і першы кіраўнік ураду Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Цішка Гартны. Яны, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў нацыянальнай літаратуры, урэшце і стваралі Беларусь, стваралі дзяржаву, і бязь іх чыннасьці-дзейнасьці не было б і сёньня Беларусі, і нас з вамі – грамадзян Рэспублікі Беларусь”.

Караткевіч: “Вы сярод іншага дасьледавалі гісторыю беларускай літаратуры 1920-30-х гадоў. Скажыце, Гарэцкага “Дзьве душы”, эміграцыйнае “Між берагамі”... Беларусы могуць зьяднацца ў ідэі сваёй краіны?”

Пашкевіч: “А ў іх выйсьця няма. Калі яны не зьяднаюцца, праз гадоў 100 нашыя нашчадкі будуць жыць у іншым сьвеце, у іншай дзяржаве і ў іншых абставінах”.

Караткевіч: “У суседняй?”

Пашкевіч: “На гэтай зямлі, але ў іншых палітычных, дзяржаўных стасунках. Я думаю, што калі ў гэтым стагодзьдзі, у гэтых дзесяцігодзьдзях не адбудзецца якраз гэтае зьліцьцё-зьяднаньне – вялікае пытаньне над Беларусьсю”.

“Хацелася б, каб у вуліцы былі ўмураваныя беларускамоўныя тэксты, а на вуліцах гучала беларуская мова”

Караткевіч: “Алесь, Ваша жыцьцёвае і літаратурнае крэда?”

Пашкевіч: “Пытаньне складанае... Я б хацеў на яго цалкам адказаць гадоў праз 40-50. Цяпер – ёсьць кароткае слова “Быць”. Быць зь вялікай літары”.

Караткевіч: “У чым Вы спраўдзіліся, а ў чым яшчэ не пасьпелі? Ці, можа, пасьпелі ва ўсім?”

Пашкевіч: “На жаль спраўдзіцца я не пасьпеў амаль ні ў чым. Я толькі імкнуся гэта зрабіць – спраўдзіцца ня толькі як літаратар, але і як бацька, як муж, як мужчына – і гэтак далей, усе, якія могуць сустрэцца чалавеку па жыцьці функцыі і місіі”.

Караткевіч: “Я адзначу, што Алесь Пашкевіч жанаты, мае дачку Алеся і сына Багдана. Яны цікавяцца літаратурай?”

Пашкевіч: “Хацелася б, каб яны ўсе цікавіліся, каб хутчэй зацікавіўся сын – ён яшчэ цікавіцца толькі малаком. Дачка Алеся вучыцца ў беларускамоўным класе – якраз літаратурай са сваімі аднагодкамі імкнецца цікавіцца і чытае ня толькі тое, што ў школьных праграмах”.

Караткевіч: “Алесь, перад тым, як мы дамаўляліся на інтэрвію, я папрасіла Вас узгадаць Вашыя апошнія радкі...”

Пашкевіч: “Я іх узгадваў, аднак гэта не паэтычныя радкі, гэта радкі літаратурнага эсэ. Пасьля маёй вандроўкі ў Стакгольм напісалася эсэ “Словы на асфальце”. Якраз я б хацеў падзяліцца не радкамі, а думкай, выказанай у гэтым эсэ.

Над беларускай літаратурай другой паловы ХХ стагодзьдзя рэфрэнам гучалі радкі “сена на асфальце”. Якраз вяскоўцы, якія ішлі ў літаратуру, асядалі ў горадзе, жылі ў настальгіі, якраз ім недзе мроілася і сена вясковае, і вось гэты асфальт. Яны імкнуліся спалучыць вёску і горад.

У Стакгольме на адной з цэнтральных вуліцаў пасярод асфальту замест дарожнай разьметкі вылітыя словы клясыка швэдзкай літаратуры Стрындбэрга. І вось мне прымроілася, я захацеў бачыць на адной з цэнтральных вуліцаў Менску, нават і месца выбраў – гэта вуліца Карла Маркса. Мне б хацелася, каб гэтая вуліца мела назву аднаго з клясыкаў нацыянальнай літаратуры і на гэтай вуліцы былі б вылітыя выказваньні нашых літаратурных клясыкаў.

Можа, тады і будзе што ўспомніць ня толькі старэйшынам нашай літаратуры і спакайней уздыхнуць, але й сёньняшнім маладзейшым – ня толькі літаратарам, мастакам, музыкам, сьпевакам, але і тым людзям, якія патрапяць у нашую сталіцу і пройдуцца яе вулкамі, у якіх ня толькі будуць умураваныя беларускамоўныя тэксты, але і на гэтых вулках беларуская мова будзе гучаць годна і ўзьнёсла”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international