Сябра Рады Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў Сяржука Семянюка выключаюць зь Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэта (БДАТУ).

2004 2004-10-01T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яшчэ ўвесну супрацоўнікі КГБ наведалі дэканат і спрабавалі прымусіць Сяржука распавесьці пра міжнародную і праваабарончую дзейнасьць ЗБС. Пасьля катэгарычнай адмовы супрацоўнічаць з спэцслужбамі, Сяржук атрымаў нездавальняючую адзнаку па адным прадмеце. Зараз выкладчык адмаўляецца прымаць іспыт у студэнта. А дэканат не дазволіў Сяржуку здаваць іспыт на камісіі.

Выкладчык БДАТУ Мікалай Зайко ў пачатку верасьня заявіў, што Сяржуку Семянюку здавальняючую адзнаку на іспыце ён не паставіць ні ў якім разе. Сяржук пяць разоў падыходзіў да выкладчыка, але той увогуле адмаўляўся прымаць іспыт. Сяржук напісаў заяву ў дэканат з просьбаю здаваць іспыт камісіі, паколькі лічыць адзнаку неаб’ектыўнай і ўпэўнены ў сваіх ведах. Менавіта для вырашэньня непаразуменьняў між студэнтам і выкладчыкам і існуе ў адукацыйным працэсе такое паняцьце як “здача іспыта на камісіі”. 22 верасьня адбылося паседжаньне катэдры і дэканату, па выніках якога дэканат адмовіў просьбе Сяржука Семянюка. Відавочна, дэканат кіраваўся не прынцыпамі справядлівасьці і законнага права студэнтаў на аб’ектыўную ацэнку ведаў, а звычайным трусьлівым паслухмянствам перад загадамі ўладаў. 22 верасьня дэканат вывесіў сьпісы адлічаных  Сяржука Семянюка пакуль сярод іх няма.

Учора, 29 верасьня а 10:00, прадстаўнік спэцслужбаў затэлефанаваў Сяржуку на мабільны, які ўзяў у дэканаце. Ён прадставіўся Вадзімам і сказаў наступнае: “Я ведаю, што ў цябе праблемы з навучаньнем, але я магу іх вырашыць. Давай сустрэнемся”. Сяржук катэгарычна адмовіўся. На тэлефоне Сяржука застаўся нумар, зь якога тэлефанаваў так званы Вадзім  +375 17 667 33 44. Гэты нумар паводле базы дадзеных МГТС належыць будынку па адрасе пр-т Скарыны 17, дзе месьціцца КГБ.

Сяржук Семянюк зьяўлецца вельмі актыўным сябрам ЗБС, займае пасаду Сябра Рады ЗБС і рэгіянальнага каардынатара. Падчас апошняй акцыі Задзіночаньня “Шэсьце бяздомных студэнтаў” ён быў затрыманы яшчэ з дзьвума сябрамі ЗБС.28 верасьня ў судзе яго прызналі вінаватым у парушэньні артыкула №166 АК РБ  супраціўленьне пры затрыманьні, хоць сьведкі падцьвярджаюць, што супраціву з боку Сяржука ня было. На Сяржука накладзены штраф у памеры 7 базавых велічыняў.

Спроба спэцслужбаў націснуць на Сяржука праз відавочна незаконнае выключэньне з ВНУ расцэньваецца кіраўніцтвам ЗБС, як спроба ўладаў нанесьці шкоду арганізацыі ў цэлым. Але Рада ЗБС заяўляе, што будзе змагацца за права як сябраў ЗБС, так і ўсіх беларускіх студэнтаў на годнае навучаньне ў ВНУ.

З гэтага году Сяржук Семянюк пачынае навучаньне ў Віленскім педагагічным унівэрсытэце на факультэце беларускай філялёгіі і будзе працягваць актыўную дзейнасьць у межах Задзіночаньня.

За больш падрабязнай інфармацыяй зьвяртайцеся, калі ласка, да Сяржука Семянюка на нумар 8 029 685 52 39. Альбо тэлефануйце Старшыні Рады ЗБС Вользе Кузьміч на нумар 8 029 653 05 95.

Прэсавая служба ЗБС
Менск, вул. Дарашэвіча, 4-2,1 т./факс оф.: (017) 232 27 43,
http://bsa.org.by, e-mail: bsa@bsa.org.by

Даведка

Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў (па-расейску “Задзиночаньне Беларуских Студентов, па-ангельску “Belarusian Students Association”) – нацыянальная студэнцкая арганізацыя. У 1992 годзе была зарэгістраваная ў Міністэрстве Юстыцыі (МЮ) РБ як “Рэспубліканскае маладзёжнае грамадзкае аб’яднаньне “Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў”. 03.12.2001Г рашэньнем Вярхоўнага суда РБ ЗБС пазбаўлены рэгістрацыі фактычна за актыўнае правядзеньне кампаніяў па сацыяльных праблемах студэнтаў (разьмеркаваньне, малыя стыпэндыі, старыя падручнікі, недахоп інтэрнатаў ды інш.) і мабілізацыйнае кампаніі студэнтаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 года. Суд не зьвярнуў увагу на адсутнасьць юрыдычна абгрунтаваных аргумантаў з боку Міністэрства Юстыцыі, заявы больш за 30 эўрапэйскіх студэнцкіх і праваабарончых арганізацыяў. Ліст Міжнароднай Лігі правоў чалавека да А.Г.Лукашэнка з просьбай патлумачыць незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да ЗБС застаўся без адказу. ЗБС застаецца адзіным прадстаўніком Беларусі ў ESIB – Нацыянальныя студэнцкія зьвязы Эўропы і такім чынам прадстаўляе інтарэсы беларускіх студэнтаў на міжнародным узроўні.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international