Партыя БНФ патрабуе права на агітацыю “супраць” рэферэндуму

2004 2004-09-13T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, Менск, вул. Савецкая, 11
У Беларускую тэлерадыёкампанію, Менск, вул. Макаёнка, 9
У рэдакцыю газэты “Советская Белоруссия”, Менск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10А
У Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусі,
Менск, вул. Калектарная, 10
У Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусі,
Менск, пр. Машэрава, 11
Ад Партыі БНФ, Менск, вул. Варвашэні, 8
ЗАЯВА
7 верасьня 2004 года ўказам прэзыдэнта на 17 кастрычніка было прызначанае правядзеньне рэспубліканскага рэфэрэндуму ў пытаньні ўнясеньня зьменаў у артыкул 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі. Пачынаючы з 8 верасьня, у этэры беларускіх тэлевізійных каналаў ОНТ, Першага нацыянальнальнага, а таксама ў этэры дзяржаўнага радыё пачалі трансьлявацца агітацыйныя ролікі, відавочна скіраваныя на тое, каб пабудзіць выбарнікаў прагаласаваць “за” вынесенае на рэфэрэндум пытаньне. У кожным выпуску штодзённай праграмы Першага нацыянальнага тэлеканалу “Панарама” разьмяшчаюцца агітацыйныя матэрыялы, скіраваныя ў падтрымку вынесенага на рэфэрэндум пытаньня. Такім чынам, дзяржаўнае тэлебачаньне й радыё з 8 верасьня распачалі агітацыю “за” прыняцьцё рашэньня, вынесенага на рэфэрэндум.
У № 170 ад 9 верасьня 2004 году газэты “Советская Белоруссия”, адным з заснавальнікаў якой ёсьць адміністрацыя прэзыдэнта, зьмешчаныя агітацыйныя матэрыялы пад рубрыкай “референдум” (стар.2). У прыватнасьці, у нататцы “Веское слово” зьмешчаная заява грамадзкага фармаваньня “Республиканский координационный совет руководителей политических партий и общественных объединений”. У гэтым агітацыйным матэрыяле зьмешчаны заклік, адрасаваны чытачам газэтаў: “Мы, представители политических партий, профессиональных союзов... призываем вас высказать единодушную поддержку президенту А. Г. Лукашенко на конституционном референдуме и проголосовать за...” Таксама пад гэтай рубрыкай газэта зьмяшчае агітацыйныя звароты грамадзянаў замежных краінаў, што ёсьць грубым парушэньнем часткі 5 артыкулу 45 Выбарчага кодэксу, якая забараняе замежным грамадзянам браць удзел у агітацыі.
Паводле артыкулу 46 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусі палітычным партыям і іншым суб’ектам гарантаванае роўнае права пры агітацыі “за” ці “супраць” вынесеных на рэфэрэндум пытаньняў. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, сродкі масавай інфармацыі, якія часткова фінансуюцца зь дзяржаўнага бюджэту, а таксама сродкі масавай інфармацыі, адным з заснавальнікаў якіх выступаюць дзяржаўныя органы ці арганізацыі, абавязаныя забясьпечыць роўныя магчымасьці для агітацыі наконт рэфэрэндуму.
На падставе выкладзенага ПАТРАБУЕМ:
1. Ад Беларускай тэлерадыёкампаніі – даць Партыі БНФ інфармацыю пра паходжаньне сродкаў, зь якіх фінансуецца выраб і трансьляцыя агітацыйных ролікаў у падтрымку вынесенага на рэфэрэндум пытаньня.
2. Ад Беларускай тэлерадыёкампаніі -- даць Партыі БНФ магчымасьць выступіць у этэры рэспубліканскіх каналаў тэлебачаньня ОНТ і Першы нацыянальны канал, а таксама ў этэры дзяржаўных каналаў радыё з агітацыяй супраць вынесенага на рэфэрэндум пытаньня. Таксама патрабуем у штодзённай інфармацыйнай праграме “Панарама” штодзённа зьмяшчаць блёк інфармацыі з агітацыяй “супраць” вынесенага на рэфэрэндум пытаньня, роўны працягласьцю блёку з агітацыяй “за”. Партыя БНФ гатовая самастойна рыхтаваць такія блёкі й перадаваць у тэлевізійныя каналы.
3. Ад рэдакцыі газэты “Советская Белоруссия” – разьмясьціць у бліжэйшым нумары выданьня агітацыйныя матэрыялы супраць вынесенага на рэфэрэндум пытаньня, роўныя аб’ёмам матэрыялам з агітацыяй “за” вынесенае на рэфэрэндум пытаньне (тэкст першага выпуску агітацыйных матэрыялаў прыкладаецца да гэтай заявы й падлягае апублікаваньню на старонцы 2 газэты), а таксама надалей разьмяшчаць такія матэрыялы ў кожным нумары газэты. Партыя БНФ гатовая самастойна рыхтаваць такія блёкі й перадаваць у рэдакцыю газэты.
4. Ад Міністэрства інфармацыі – вынесьці папярэджаньне газэце “Советская Белоруссия” за парушэньне нормаў часткі 5 артыкула 45 Выбарчага кодэксу і прыняць захады дзеля забесьпячэньня прадстаўніцтва на старонках дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі месца для агітацыі супраць вынесенага на рэфэрэндум пытаньня.
5. Ад Міністэрства юстыцыі – правесьці праверку дзейнасьці арганізацыі “Республиканский координационный совет руководителей политических партий и общественных объединений” і высьветліць, ці прымалася кіроўнымі органамі арганізацыяў, якія маюць да яе дачыненьне, рашэньне пра падтрымку вынесенага на рэфэрэндум пытаньня.
6. Ад Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў – забясьпечыць выкананьне артыкулаў 45 і 46 Выбарчага кодэксу ў дачыненьні да ўсіх суб’ектаў выбарчага працэсу падчас агітацыйнай кампаніі ў межах рэспубліканскага рэфэрэндуму.
10.09.2004
Старшыня Партыі БНФ В. Вячорка

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international