viasna on patreon

Сябрам ЦВК з дарадчым голасам хочуць абмежаваць тэмы для выступаў

2004 2004-09-09T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода
Прайшло першае паседжаньне Цэнтрвыбаркама з удзелам ягоных сябраў з дарадчым голасам – прадстаўнікоў партыяў, якія бяруць удзел у парлямэнцкіх выбарах. Прапанаваныя апазыцыяй сябры ЦВК вымушаныя адстойваць сваё права на выступ падчас паседжаньняў.

Пакуль не прыступілі да працы сябры ЦВК з дарадчым голасам Алесь Бяляцкі ад БНФ і Алена Скрыган ад ПКБ, якія знаходзяцца ў камандзіроўцы. Астатнія атрымалі свае пасьведчаньні й першы досьвед працы ў ЦВК, што называецца, на прыстаўных крэслах. На самой справе, прадстаўнікоў партыяў не пасадзілі за агульны стол у зале пасяджэньняў ЦВК. Але гэта – не адзінае абмежаваньне ў іх працы. Першымі ўражаньнямі дзеліцца сябра ЦВК з дарадчым голасам Міхаіл Пліска з АГП:

(Пліска: ) “Уражаньне ня вельмі такое, можа, задавальняючае, але ўсё-ткі наш удзел перадусім, можа, хоць крыху зробіць працу Цэнтральнай камісіі больш адкрытай і празрыстай. А спадзявацца на тое, што мы можам паўплываць на прыняцьце нейкіх рашэньняў – цалкам немагчыма”.

Міхаіла Пліску на першым паседжаньні некалькі разоў спрабавалі пазбавіць слова. І Лідзія Ярмошына, і іншыя сябры камісіі казалі, што іх выступы трэба абмежаваць толькі праблемамі партыяў, якія іх накіравалі, каб, маўляў, не ператвараць ЦВК ў дыскусійны клюб. Але ўрэшце агучаныя цытаты з дэкрэта А. Лукашэнкі наконт правоў сябраў за дарадчым голасам зрабілі належны ўплыў. Гаварыць сябрам з дарадчым голасам дазволілі.

Тым ня менш першую ж прапанову спадара Пліскі наконт парадку дня ЦВК сябры камісіі з правам голаса адзінагалосна адхілілі. Прапанова датычылася парушэньняў закону пры фармаваньні ўчастковых камісіяў у Менску, дзе былі праігнараваныя ўсе вылучэнцы АГП.

Пазьней спадарыня Ярмошына публічна абвясьціла, што сябры камісіі ад партыяў ня маюць права браць удзел у дыскусіі па пытаньнях правядзеньня рэфэрэндуму: маўляў, яны ўключаныя ў ЦВК толькі ў сувязі з выбарамі. Міхаіл Пліска з гэтым не пагаджаецца:

(Пліска: ) “У нас, прабачце, камісія не падзеленая на дзьве часткі, у нас камісія па выбарах і правядзеньні рэфэрэндумаў. Яна адна”.

Акрамя таго, кажа Міхаіл Пліска, тэмы выбараў і рэфэрэндуму пераплятаюцца, на іх арганізацыю працуюць адны і тыя ўчастковыя камісіі, дый пытаньне рэфэрэндуму, напэўна, будзе ў праграмах кандыдатаў. Аднак ужо на першым паседжаньні ЦВК спадару Пліску нагадалі, што калі ён і ягоныя калегі будуць зашмат турбаваць асноўны склад камісіі, то ад гэтага будзе залежаць лёс самога інстытута сябраў ЦВК з дарадчым голасам у далейшым.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства