viasna on patreon

ДЭКЛАРАЦЫЯ АБ АДЗІНСТВЕ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ БЕЛАРУСІ

2004 2004-09-09T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суайчыньнікі, грамадзяне Беларусі!
7 верасьня 2004 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў рэфэрэндум аб працягу сваіх паўнамоцтваў. Гэтая заява была зробленая ў дзень жалобы, калі яшчэ ня высахла кроў на руінах школы ў Беслане, калі па ўсім сьвеце адбываліся жалобныя мітынгі ў памяць бязьвінна палеглых ахвяраў тэрору. Цынічна выкарыстоўваецца момант, калі ўвага беларускага народу й міжнароднай супольнасьці адцягнутая ад незаконнасьці прапанаванай мэты рэфэрэндуму й яе неадпаведнасьці дэмакратычным міжнародным нормам.
Мэта Лукашэнкі -- дамагчыся права бясконца абірацца на пасаду прэзыдэнта. Для народу Беларусі гэта азначае існаваць пад пажыцьцёвай уладай аднаго чалавека, які засьведчыў сваю няздольнасьць кіраваць краінай і выкарыстоўвае падман, адміністрацыйны ўціск і фальсыфікацыі дзеля захаваньня асабістай улады.
Далейшае знаходжаньне Лукашэнкі пры ўладзе пагражае яшчэ большым пагаршэньнем жыцьцёвага ўзроўню і поўнай міжнароднай ізаляцыяй нашае краіны.
Мы, прадстаўнікі ўсіх дэмакратычных сілаў Беларусі, абвяшчаем аб сваім адзінстве й рашучасьці разам супрацьстаяць пагрозе ўсталяваньня ў Беларусі пажыцьцёвай і неабмежаванай улады аднаго чалавека.
Мы верым, што грамадзяне Беларусі заслугоўваюць таго, каб жыць, як іншыя народы Эўропы, у свабоднай і багатай дзяржаве, якую паважаюць у сьвеце. Ніхто ня можа адабраць у нас права выбіраць і мяняць кіраўніцтва нашай краіны. Каб захаваць гэтае права, усе павінны быць роўныя перад законам, і нікому нельга дазволіць мяняць Канстытуцыю і законы паводле сваіх капрызаў.
Абсалютная большасьць грамадзянаў Беларусі выступае супраць працягу паўнамоцтваў Лукашэнкі. І мы аб’ядналіся для таго, каб гэтая большасьць перамагла!
8 верасьня 2004 г.
А. Бухвостаў, В.Вячорка, С.Калякін, А.Кароль, А.Лябедзька, А.Саньнікаў, М.Статкевіч, В.Фралоў, Р.Барадулін, У.Колас, І.Кулей, А.Мілінкевіч, А.Жучкоў і інш. (Ліст адкрыты для падпісаньня.)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства