viasna on patreon

Узброеныя супрацоўнікі міліцыі абшукалі сяброў ініцыятыўнай групы

2004 2004-08-30T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 жніўня намесьнік старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла па запрашэньні Леаніда Невара, аднаго з лідэраў РГА “Персьпектыва”, патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, наведаў Рэцычу дзеля азнаямленьня з праблемамі, з якімі сутыкнулася ягоная ініцыятыўная група. Сябры групы скардзіліся на перашкоды з боку райвыканкаму. У прыватнасьці, кіраўніцтва выканкаму ў працоўны час не знаходзіцца на працоўным месцы, што стварае цяжкасьці падчас завярэньня подпісаў сяброў ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдата ў дэпутаты на падпісных лістах.
Леанід Невар і Гары Паганяйла наведалі старшыню акруговай выбарчай камісіі, намесьніка старшыні райвыканкаму Віталя Атаманчука і паказалі яму на шэраг праблемаў. У прыватнасьці – незаконнасьць сумяшчэньня абавязкаў намесьніка старшыні выканкаму і старшыні акруговай камісіі. На час выкананьня абавязкаў старшыні выбарчай камісіі В. Атаманчук павінен сыйсьці ў адпачынак на асноўным месцы працы. Акрамя таго, у склад камісіі ўваходзяць яшчэ некалькі супрацоўнікаў выканкаму.
Калі Леанід Невар і Гары Паганяйла вярнуліся дадому да Тамары Невар, дзе сабраліся сябры ініцыятыўнай групы, у двор уварваліся супрацоўнікі міліцыі ў бронежылетах, узброеныя аўтаматамі на чале з намесьнікам начальніка РУУС падпалкоўнікам міліцыі Паўлам Рыжко.
Супрацоўнікі міліцыі адмовіліся прадставіцца Леаніду Невару і назваць мэту візіту. Пасьля таго, як Невар прадставіў Гары Паганяйлу як свайго прадстаўніка, юрыста, супрацоўнікі міліцыі ўступілі ў перамовы і прад’явілі службовыя пасьведчаньні і працэсуальныя дакументы аб правамернасьці іх дзеяньняў.
Як высьветлілася, пасьля атрыманьня “сігналу аб стальбе ў доме” падпалкоўнік П. Рыжко вынес пастанову пра агляд дому, які быў санкцыянаваны міжрайпракурорам В. Будковым, дзеяньні праводзіў капітан міліцыі А. Грыцок сумесна з оперураўнаважаным лейтэнантам Г. Малюціным, відэаздымкі праводзіў лейтэнант В. Капусьняк.
Супрацоўнікі міліціі агледзены пабудовы ў двары, усе памяшканьні ў доме, праверылі сумкі, партфелі, кішэні прысутных на наяўнасьць зброі і іншых прадметаў, забароненых для нашэньня і хахаваньня. Праз гэтую прыніжальную працэдуру прайшлі ўсе сябры ініцыятыўнай групы, а таксама намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла і старшыня РГА “Персьпектыва” Анатоль Шумчанка. У многіх прысутных у двары былі ўзятыя тлумачэньні, з якой мэтай яны там знаходзяцца, хто іх запрасіў, чым займаюцца і г.д. За дзеяеньнямі супрацоўнікаў міліцыі на працягу трох гадзінаў назіралі суседзі Невара і мінакі. Скончыўшы вобыск і апытаньне, супрацоўнікі міліцыі ўказалі, што ніякіх незаконных прадметаў ня знойдзена і нічога ня будзе вымацца.
Супрацоўнікі міліцыі адмовіліся запратакаліраваць вусныя скаргі на свае дзеяньні, а таксама пакінуць копію складзенага пратаколу агляду памяшканьня. Копію пратаколу выдаў начальнік РУУС пасьля таго, як туды прыбылі Невар І паганяйла.
Па інфармацыі Гары Паганяйла, агляд праводзіўся павярхоўна і фармальна, без мэты знайсьці зброю. Леанід Невар і Гары Паганяйла падалі скаргу на незаконныя дзеяньні міліцыі міжрайпракурору.
БХК лічыць, што характар дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі сьведчыць пра тое, што фактычна праводзілася “аперацыя” па запалохваньні сяброў ініцыятыўнай групы і дыскрэдытацыі патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Леаніда Невара, -- паведаміла прэс-служба БХК.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства