“Народная грамада” просіць тлумачэньняў Цэнтарвыбаркаму

2004 2004-08-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада” просіць патлумачыць, ці мае яе Цэнтральны камітэт права вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты.

У мінулыя выходныя БСДП “Народная грамада” на паседжаньні свайго Цэнтральнага камітэту вылучыла 56 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Напярэдадні паседжаньня старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына зазначыла, што кандыдаты ад партыяў, вылучаныя ня зьездамі, а нейкімі іншымі органамі, ня будуць зарэгістраваныя. Выбарчы кодэкс патрабуе, каб кандыдатаў вылучалі “вышэйшыя рэспубліканскія органы” партыяў, у статуце ж “Народнай грамады” да такіх аднесеныя і зьезд, і Цэнтральны камітэт. Гаворыць лідэр партыі Мікола Статкевіч: “Мы з усіх бакоў абмеркавалі гэтую сытуацыю, яшчэ раз уважліва паглядзелі Выбарчы кодэкс і свой статут, і прыйшлі да высновы, што мы дзейнічаем у прававых рамках. Цяпер ужо кандыдаты вылучаныя, і на працягу пяці дзён, з суботы, пратаколы ЦК будуць перададзеныя ў акруговыя выбарчыя камісіі ў адпаведнасьці з артыкулам 66 Выбарчага кодэксу”.

Мікола Статкевіч паведаміў, што ад імя ЦК партыі накіраваны запыт у Цэнтарвыбаркам з просьбай афіцыйна патлумачыць гэтую сытуацыю. Што перашкаджае “Народнай грамадзе” да 6 верасьня, да канца тэрміну вылучэньня, правесьці і зьезд партыі? Мікола Статкевіч кажа, што ёсьць пэўныя статутныя цяжкасьці: на правядзеньне чарговага зьезду патрабуецца тры месяцы, тэрміны ж арганізацыі пазачарговага зьезду не рэглямэнтаваныя. Аднак ёсьць і пэўны прынцыповы момант. Гаворыць спадар Статкевіч: “Мы баімся, што калі яны да такіх відавочных рэчаў чапляюцца, зразумелых, запісаных у законе… У нас статут перарабляўся пад дзейны Выбарчы кодэкс, там фармулёўкі нават такія самыя. Рэспубліканскія кіроўныя органы — у нас ёсьць разьдзел... Але калі ў такіх відавочных сытуацыях нейкія трактоўкі, то што будзе ў іншым… Вось мы пра гэта думаем. Мы будзем шукаць выйсьця”.

Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік прызнаў, што ёсьць пэўныя супярэчнасьці ў гэтай сытуацыі, але ЦВК сам ня можа сказаць, ці правамоцны Цэнтральны камітэт БСДП вылучаць кандыдатаў: “Мы ня будзем тут аналізаваць юрыдычнай карэктнасьці таго ці іншага запісу. Хутчэй за ўсё, мы прапануем разабрацца ў гэтай сытуацыі Мінюсту”.
Паводле Радыё Свабода

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international