АГП судзіцца з гарвыканкамам і гарсаветам з-за адмовы ўключыць сяброў партыі ў склад выбарчых камісіяў

2004 2004-08-16T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Магчыма, ужо 16 жніўня гарадзкі суд Менску разгледзіць 10 скаргаў сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі на дзеяньні сталічных гарвыканкаму й гарсавету. Упершыню ў практыцы правядзеньня парлямэнцкіх выбараў у Беларусі зафіксаваныя судовыя звароты з мэтай абскардзіць рашэньні гарадзкіх уладаў аб адмове сябрам партыі ўвайсьці ў склад акруговых камісій.

У сталіцы Беларусі абіраюцца 18 са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Адпаведна створаныя й 18 акруговых камісій. Сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі зьвярнуліся ва ўсе бяз выключэньня камісіі, каб іх уключылі ў склад выбарчых камісіяў. І ва ўсіх 18 яны атрымалі адмоўны адказ. А паколькі камісіі фармавалі гарвыканкам і гарсавет, то адпаведна яны і сталі адказчыкамі ў гэтай судовай справе. 10 з 18 партыйцаў зьвярнуліся ў суд Маскоўскага раёну Менску, паколькі на ягонай тэрыторыі разьмешчаныя й гарвыканкам, і гарсавет.

Сярод тых, хто падаў скаргу – і Ўладзімер Раманоўскі, які спрабаваў стаць сябрам акруговай камісіі ў 110-й Партызанскай акрузе.

(Раманоўскі: ) “Справа ў тым, што паўнамоцтвы, якімі мяне надзяліла Аб’яднаная Грамадзянская партыя, ёсьць фактычна і юрыдычна неад’емнымі, бо яны належаць мне паводле артыкулу 5 Канстытуцыі й паводле адпаведных артыкулаў Выбарчага кодэксу. А для адміністрацыйных і іншых органаў улады не прадугледжваецца ніякіх правоў ці ўказаньняў, якія б давалі ім падставу пазбавіць мяне маіх паўнамоцтваў”.

Пакуль суд Маскоўскага раёну разгледзеў толькі адну заяву – менавіта спадара Раманоўскага. Суд адмовіў яму, паколькі з пункту гледжаньня раённага суду, гэтая справа знаходзіцца па-за межамі ягонай кампэтэнцыі. Таму Ўладзімер Раманоўскі, згодна з заканадаўствам, напісаў новую скаргу, якую раённы суд разам з матэрыяламі справы перадаў у пятніцу, 13 жніўня, у гарадзкі суд. А паколькі выбарчыя калізіі мусяць разглядацца на працягу ня больш чым трох дзён, то магчыма ўжо сёньня справа спадара Раманоўскага трапіць на разгляд судзьдзяў больш высокай інстанцыі.

Не аднойчы даводзілася чуць, што ў Выбарчым кодэксе дакладна не прапісаны правілы фармаваньня выбарчых камісіяў. І менавіта з-за гэтага ўзьнікаюць як бы законныя магчымасьці для ўладаў ствараць камісіі адпаведна сваім патрэбам. Таму яшчэ падчас мясцовых выбараў летась уносіліся прапановы як камплектаваць камісіі з абмежаванай колькасьцю месцаў: напрыклад, адпаведна тэрміну падачы заяў, хто раней – той і трапляе ў камісіі.

Альбо яшчэ адзін варыянт – вызначаць жэрабем. Былі й іншыя прапановы, але далей справа не прасунулася. Але прадстаўнікі АГП акцэнтуюць увагу на тое, што ў дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сярод суб'ектаў выбарчага права палітычныя партыі адзначаюцца першымі. І гэта дае ім перавагу перад працоўнымі калектывамі ды грамадзянамі. Дарэчы, такі парадак пацьвярджае й старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

(Ярмошына: ) “У Выбарчым кодэксе наўпрост напісана, што выбарчая камісіі, акруговыя і ўчастковыя таксама, фармуюцца зь ліку прадстаўнікоў палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў і грамадзянаў”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international