Сэнатару Джону МакКэйн забаранілі ўезд у Беларусь

2004 2004-08-11T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода
“Я расчараваны, але, шчыра кажучы, ня зьдзіўлены апошнім антыдэмакратычным захадам беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. У гэтым месяцы я зьбіраўся ачоліць дэлегацыю амэрыканскіх сэнатараў у Беларусь, дзе мы плянавалі правесьці некалькі сустрэчаў, у тым ліку і з прэзыдэнтам. Баючыся, што мы будзем крытыкаваць ягоную таталітарную ўладу, спадар Лукашэнка адмовіў нам у візах і не дазволіў нам уехаць у краіну".

Поўны тэкст заявы сэнатара Джона МакКэйна з нагоды рашэньня прэзыдэнта Лукашэнкі адмовіць амэрыканскім сэнатарам ва ўездной візе ў Беларусь:

***

"Я расчараваны, але, шчыра кажучы, ня зьдзіўлены апошнім антыдэмакратычным захадам беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. У гэтым месяцы я зьбіраўся ачоліць дэлегацыю амэрыканскіх сэнатараў у Беларусь, дзе мы плянавалі правесьці некалькі сустрэчаў, у тым ліку і з прэзыдэнтам. Баючыся, што мы будзем крытыкаваць ягоную таталітарную ўладу, спадар Лукашэнка адмовіў нам у візах і не дазволіў нам уехаць у краіну. Хаця ні для каго ня ёсьць адкрыцьцём боязь дыктатара, які разглядае як пагрозу нават наведваньне абраных народам прадстаўнікоў, аднак адмова з боку Лукашэнкі сталася яшчэ адным сумным днём для беларускага народа. Беларускія людзі, аднак, павінны суцяшаць сябе веданьнем таго, што такая тыранія ня можа доўжыцца вечна.

Ва ўсім сьвеце сябры Беларусі, да якіх я сябе залічваю, са шкадаваньнем адзначаюць, што гэты крок ёсьць толькі апошнім інцыдэнтам у шэрагу правакацыяў супраць прыхільнікаў дэмакратыі. Хаця адмова нам у візах ёсьць яскравым доказам таго, што прэзыдэнт Лукашэнка не прымае дыялёг з абранымі ў свабодных выбарах палітыкамі, яна бляднее ў параўнаньні зь нядаўнімі падзеямі, што адбыліся ў самой Беларусі. Урад пад кіраўніцтвам спадара Лукашэнкі, як для яго звычайна, праводзіў перасьлед, арышты, зьбіцьцё абаронцаў дэмакратыі. Гэтыя дэмакраты часта не вінаватыя ні ў чым іншым, як толькі ў тым, што ўголас выказваліся й дэманстравалі супраць дыктатуры, да якой зьнізіўся іхны ўрад.

Спадар Лукашэнка не спыніў сваіх нападаў на любую прыкмету апазыцыі да ягонага адзінаўладнага рэжыму. На генэрала Валерыя Фралова, аднаго з найбольш відочных лідэраў дэмакратычнага руху, перад ягоным домам напалі чацьвёра людзей у масках і жорстка яго зьбілі. Міхаіл Марыніч, сябра і адзін зь лідэраў найшырэйшага дэмакратычнага аб’яднаньня Беларусі, кааліцыі “Пяцёрка+”, быў 26 красавіка арыштаваны і ўсё яшчэ трымаецца пад арыштам без абвінавачаньня. Беларуская партыя працы, сябра-заснавальнік “Пяцёркі+”, была нядаўна ліквідаваная Вярхоўным судом Беларусі.

Заходнія грамадзкія апытаньні паказваюць падзеньне падтрымкі спадара Лукашэнкі і ягонай палітыкі ўзору савецкага часу. Спадар Лукашэнка адказаў на гэта далейшым падаўленьнем свабоды слова, улучна з выдаленьнем з краіны некалькіх расейскіх журналістаў за тое, што яны падалі праўдзівую інфармацыю аб колькасьці ўдзельнікаў апазыцыйнага мітынгу пратэсту. Падчас гэтага мітынгу шматлікія мірныя актывісты былі арыштаваныя й зьбітыя аддзеламі дзяржаўнай міліцыі.

Зараз да гэтага нарастаючага сьпісу злоўжываньняў мы далучаем адмову ў візе сэнатарам Злучаных Штатаў. Прэзыдэнт Лукашэнка баіцца нават размаўляць з прыхільнікамі дэмакратыі, і з гэтай прычыны, як і з прычыны ўсяго таго, што адбываецца сёньня ў гэтай вялікай, але праблемнай краіне, сябры Беларусі ня могуць не адчуваць смутку. Урад і народ Беларусі павінны ведаць, што нашая ўвага да тамтэйшых падзеяў будзе нязьменнай, і што нашыя спадзяваньні на свабодную й дэмакратычную будучыню Беларусі вытрываюць".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international