viasna on patreon

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь. 2004 год: Аналіз і папярэднія высновы першага этапу выбараў

2004 2004-08-11T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Раздзел І
Грамадска-палітычная сітуацыя напярэдадні і пасля абвяшчэння выбараў.

Выбары дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь былі прызначаныя Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2004 № 332. Датай правядзення выбараў было вызначана 17 кастрычніка 2004 г.
Грамадска-палітычная сітуацыя, якая склалася напярэдадні і пасля абвяшчэння выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь на працягу 2003 і ў першай палове 2004 году засталася такой жа складанай як і ў папярэднія гады. Існуючы ў краіне рэжым паслядоўна працягваў палітыку ўсталявання поўнага кантролю над грамадствам, не дапускаючы ніякіх рэформаў, скіраваных на дэмакратызацыю грамадска-палітычнага жыцця краіны.
У 2003 годзе рэзка ўзмацніўся ціск уладаў на грамадскія арганізацыі краіны. На працягу 2003 і ў першай палове 2004 года Міністэрства юстыцыі працягвала ініцыяванне судовых працэсаў па ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў. Вынікамі такой спланаванай уладамі акцыі стала ліквідацыя ў судовым парадку больш, за 50 грамадскіх аб’яднанняў. Асаблівасцю гэтага працэсу з’ўлялася тое, што ліквідаваліся найперш актыўныя арганізацыі, якія прымалі ўдзел у папярэдніх выбарчых кампаніях: у назіранні за выбарамі ці ўдзельнічалі ў мабілізацыйных кампаніях.
Не спыняліся на прыканцы 2003, першай палове 2004 года адміністрацыйны і крымінальны пераслед грамадскіх і палітычных актывістаў Беларусі. Толькі за студзень – ліпень 2004 года ўладамі было ўзбуджана 10 новых крымінальных справаў па палітычных матывах. Сярод ахвяраў палітычна матываванага пераследу былі атывісты палітычных партый, грамадскіх, у тым ліку правабарончых, арганізацый, моладзевага і прафсаюзнага рухаў.
На працягу ўсяго перыяду адбываліся адміністратыўныя затрыманні грамадска-палітычных актывістаў па ўсёй краіне. Толькі 21 ліпеня 2004 году ў Віцебску і Мінску было затрымана больш за 100 чалавек, 15 з іх былі асуджаныя на розныя тэрміны адміністратыўнага арышту.
Узмацніўся ціск на актывістаў па месцу працы і вучобы. У 2004 годзе былі зафіксаваныя факты ціску з боку КДБ на актывістаў моладзевага незалежнага руху, выключэнні іх з навучальных устаноў, звальненьні з месца працы.
Праваабарончымі арганізацыямі зафіксаваныя факты збіцця палітычных дзячоў і актывістаў невядомымі асобамі.
На працягу 2003 – першай палове 2004 года па дзяржаўным нацыянальным тэлебачанні працягвалася дэманстрацыя дакументальных фільмаў і перадачаў, у якіх дэскрэдытаваліся як асобныя палітычныя і грамадскія дзеячы так і палітычныя партыі ў цэлым. Палітычныя партыі, у сваю чаргу, не мелі доступу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і не маглі абвергнуць тую ілжывую, негатыўную інфармацыю, якая распаўюджвалася пра іх.
На працягу 2004 году актыўна праводзілася ініцыянаваная ўладамі кампанія па прымусовым пераводзе рабочых і служачых краіны на кантрактную сістэму працы. У большасці выпадкаў кантракты заключаліся тэрмінам на 1 год. Такая сістэма дазваляе ажыццяўляць маніпуляцыі ў тым ліку і выбарчымі камісіямі, паколькі большасць іх сябраў з’яўляюцца прадстаўнікіамі працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў.
Нягледзячы на неспрыяльныя грамадска-палітычныя ўмовы, дэмакратычныя партыі Беларусі прынялі рашэнне прымаць актыўны удзел у выбарах 17 кастрычніка. Пра байкот выбараў заявіла толькі адна партыя КХП-БНФ. Было створана некалькіх перадвыбарчых кааліцый. Сярод іх Народная Кааліцыя 5+, Еўрапейская кааліцыя, Маладая Беларусь, і кааліцыя парламенцкай групы “Рэспубліка.”
Аднак напрыканцы 2003 года ўлады істотна змянілі прававое рэгуляванне дзейнасці палітычных партый. Гэтыя змены аказалі сур’ёзны ўплыў на далейшую палітычную кампанію партый. 11 верасня 2003 года быў выдадзены Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 20, які ўнёс змены ў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.01.1999 г. № 2 “Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні дзейнасці палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб’яднанняў”. У адпаведнасці з унесенымі зменамі, дзяржаўнай рэгістрацыі падлягаюць у тым ліку і асацыяцыі (саюзы) палітычных партый.
Адпаведныя змены былі таксама ўнесеныя у Правілы афармлення і разгляду дакументаў, якія прадстаўленыя для дзяржаўнай рэгістрацыі палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскіх аб’яднанняў, а таксама пастаноўцы на ўлік і дзяржаўнай рэгістрацыі іх арганізацыйных структур (змены унесеныя Пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 29.10.2003 № 25).
Пры гэтым Закон “Аб палітычных партыях” не ўтрымлівае патрабаванняў аб неабходнасці дзяржаўнай рэгістрацыі асацыяцый (саюзаў) палітычных партый. Новы законапраект гэтага закону не быў прыняты Палатай прадстаўнікоў напярэдадні выбараў.
Варта адзначыць, што ні Дэкрэт № 20, ні Пастанова Міністэрства юстыцыі не ўтрымліваюць тэрміну “кааліцыя”. Аднак, нягледзячы на гэта, ў чэрвені-ліпені 2004 года Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджанні пяці палітычным партыям, якія ўваходзяць у Народную кааліцую 5+ з патрабаваннем у месячны тэрмін падаць дакументы аб рэгістрацыі кааліцыі ў Міністэрстве юстыцыі. Адначасова ў папярэжанні нагадвалася, што дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый, у тым ліку кааліцый, забаронена.
Сваю пазіцыю Міністэрства юстыцыі абгрунтоўвала спасылкамі на “толковый словарь русского языка Ожегова”, а не нормы заканадаўства, спрабуючы такім чынам даказаць што “кааліцыя” адпавядае тэрмніну “асацыяцыя” і адпаведна падлягае абавязковай рэгістрацыі.
Міністэрства юстыцыі ў ліпені 2004 года распачало актыўны прэсінг палітычных партый, якія ўваходзяць у Народную кааліцыю 5+ . Адносна адной з іх – Партыі працы, перад самым абвяшчэннем выбараў была распачата працэдура ліквідацыі ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь, які 2.08.2004 г. прыняў рашэнне аб ліквідацыі партыі.
У той жа час на шматлікія прапановы і патрабванні міжнароднай і беларускай супольнасці аб неабходнасці ўнясення зменаў у Выбарчы кодэкс з мэтай яго паляпшэньня, прадстаўнікі афіціыйных уладаў адказвалі, што на гэта ім не хапае часу і змяняць правілы правядзення выбараў за некалькі месяцаў да іх пачтаку яны не будуць.
Такім чынам, напярэдадні выбараў улады наўмысна змянілі правое рэгуляванне дзейнасці палітычных партый, стварылі “прававыя ўмовы” для ціску на створаныя кааліцыі, пакідаючы магчымасць ініцыявання працэсу ліквідацыі палітычных партый на гэтай падставе.

Раздзел ІІ
Пазіцыя прэзідэнта А. Лукашэнкі ў адносінах да выбараў

Улічваючы канцэнтрацыю ўлады, якую засяродзіў у сваіх руках А.Лукашэнка, а таксама рэальную магчымасць уплываць на грамадска-палітычныя працэсы ў краіне праз выканаўчую вертыкаль і на дзейнасьць Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў праз персанальнае прызначэньне паловы ад складу яе сяброў, вельмі важнай у ацэнцы выбарчага працэсу з’яўляецца ацэнка пазіцыі А.Лукашэнкі.
20 ліпеня 2004 года на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне, датычнае ягонага ўплыву на будучы склад дэпутатаў парламента, А.Лукашэнка адказаў: “Ніякага ціску не будзе. Але я спытаюся ў мясцовых органаў улады, як яны выконваюць маё даручэнне: 30% гэтага складу парламента павінны быць у новым парламенце, каб забяспечыць пераемнасць, стабільнасць заканадаўчай улады. Мяне гэта павінна хваляваць? Павінна. Я даручыў, каб не меньш 30, да 40% у новым парламенце было жанчын. Гэта што дрэнна, нецывілізавана?” На гэтай жа прэс-канферэнцыі А.Лукашэнка таксама акрэсліў свае адносіны да дэмакратычнай апазіцыі: “Здраднікаў, адшчапенцаў і людзей, якія зараз пераапрануліся, як ваўкі, у авечую скуру, народ разгледзіць. Калі не разгледзіць, мы яму дапаможам”.
Выступаючы 27 ліпеня 2004 года на спецыяльнай нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў, А.Лукашэнка працягваў развіваць сваё разуменне будучага выбарчага працэсу. У прысутнасці прадстаўнікоў Цэнтральнай камісіі, прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта і выканаўчай улады, якія будуць адказваць за правядзенне выбараў, а таксама прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ ён паўтарыў свае патрабаванні да будучага складу парламента, адзначыўшы, што “не менш 30% ад народных выбраннікаў, якія ўжо маюць вопыт законатворчасці”, павінны ўвайсці ў новы парламент. Ён зазначыў : “Мы абавязаны захаваць найбольш канструктыўную частку дэпутатаў цяперашняга склікання”. Акрамя таго, “дастойнае месца ў ім павінны заняць жанчыны, моладзь, ветэраны”.
А.Лукашэнка лічыць, што “будучы склад заканадаўчага органа будзе самым актыўным і здольным вынікова вырашаць важнейшыя задачы на новым этапе развіцця краіны, у адзінай камандзе ўсіх галінаў дзяржаўнай улады”.
Прыцягвае ўвагу яшчэ адзін пасыл А.Лукашэнкі, прысвечаны пажаданаму правядзенню выбараў у адзін тур: “Ні ў якім выпадку нельга ўцягвацца ў нейкія дадатковыя туры, таму як гэта грошы, гэта адцягненне ўвагі, гэта страты ў эканоміцы”.
Зноў жа, характэрызуючы прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі і іх верагоднага ўдзелу ў выбарах, А.Лукашэнка выразна акрэсліў пазіцыю выканаўчых уладаў у выбарчым працэсе: “Трэба дакладна расказваць людзям, хто ёсць хто... На самацёк працэсы мы не можам пусціць. Улада павінна актыўна ўздзейнічаць на ўсе гэтыя пытанні, каб не дапусціць анархіі і дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне... Агалцелая, дыструктыўная апазіцыя падтрымкі ў нашым грамадстве не мае і наўрад ці атрымае падтрымку ад народа на будучых выбарах”.
Ацэньваючы гэты выступ, прадстаўнікі пяці дэмакратычных палітычных партый і буйных няўрадавых арганізацый падпісалі заяву, у якой адзначылі: “Улада публічна вызначыла, якія катэгорыі насельніцтва, у якіх працэнтных суадносінах павінны быць прадстаўлены ў Палаце прадстаўнікоў... За людзей ужо вырашылі, хто персанальна варты быць дэпутатам, а каго без залежнасці ад падтрымкі выбаршчыкаў пастараюцца не прапусціць у Палату прадстаўнікоў. Гэта і ёсць сапраўдныя адносіны ўлады да выбаршчыкаў і грамадзянаў Беларусі. Яно непаважнае і цынічнае”.
Трэба адзначыць, што дадзеныя ўстаноўкі А.Лукашэнкі ўспрымаюцца выканаўчай прэзідэнцкай вертыкаллю як загад для выканання. Па выкананні гэтых установак будзе ацэньвацца эфектыўнасць працы кожнага чыноўніка на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях і далейшы іх кар’ерны лёс. Таму няма ніякага сумнення, што прэзідэнцкая вертыкаль зробіць усё, каб выканаць гэтыя ўказанні, нягледзячы на тое, што яны ідуць насуперак выбарчаму заканадаўству і будуць спрыяць недэмакратычнасці і непразрыстасці выбарчай кампаніі.
Відавочна, што выканаўчыя ўлады не ўспрымаюць дэмакратычную апазіцыю як палітычнага і сацыяльнага партнёра, вартага павагі, праз вусны кіраўніка выканаўчай улады, прэзідэнта А.Лукашэнкі, называючы яе прадстаўнікоў “здраднікамі і адшчапенцамі”, фармуючы напярэдадні выбараў яе крайне негатыўны вобраз у беларускім грамадстве.
Яшчэ раз пад час выступу А.Лукашэнкі было падкрэслена ягонае бачанне парламента як несамастойнай, залежнай галіны ўлады, якая павінна існаваць “у адзінай камандзе ўсіх галінаў дзяржаўнай улады”.
Такім чынам, аналізуючы вытупленні А.Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі і на спецыяльнай нарадзе, прысвечанай выбарам, мы адзначаем надзвычай высокі ўзровень мяркуемага ўмяшальніцтва выканаўчых уладаў у выбарчы працэс (указанне правесці выбары ў адзін тур), у фармаванне будучага складу парламента (указанне на працэнтныя адносіны дэпутатаў, якія “павінны” застацца ў парламенце і на працэнтныя адносіны гендэрнага і ўзроставага складу будучых парламентарыяў).
Гэтая “параметры” будучага парламента магчыма выканаць толькі праз жортскае выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу, задзейнічанне дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, поўны кантроль над выбарчымі камісіямі, фальсіфікацыі і іншыя злоўжыванні з боку выканаўчай улады пад час выбараў.

Раздзел ІІІ
Прававое рэгуляванне выбараў

Спадзяванні беларускай дэмакратычнай супольнасці на дэмакратызацыю беларускага выбарчага заканадаўства напярэдадні выбараў засталіся няспраўджанымі. Рэкамендацыі БДІПЧ/АБСЕ, зробленыя пасьля правядзення выбараў 2000 і 2001 гадоў так і не былі выкананыя. Дэпутатам парламенцкай групы “Рэспубліка” удалося ўнесці на разгляд чарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў законапраект аб унясенні зменаў у Выбарчы кодэкс, аднак, у выніку галсавання, гэтыя прапановы былі адхіленыя. На рашэнні парламентарыяў не паўплывала нават бестэрміновая галадоўка дэпутатаў парламента В. Фралова, У. Парфяновіча, С. Скрабца і некалькіх актывістаў дэмакратычных партый.
У ліпені 2004 г. паміж АБСЕ і афіцыйным прадстаўніком Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпататам Міхаілам Ардой была падпісана Дэкларацыя аб правядзенні парламенцікх выбараў. Згодна з ей, беларускія ўлады дэкларавалі імкненне да правядзення дэмакратычных, празрыстых выбараў у адпаведнасці са стандартамі, выпрацаванымі АБСЕ. Пры гэтым трэба адзначыць, што падпісаны дакумент насіў дэкларатыўны характар і не ўтрымліваў абавязкаў для беларускага боку.
Такім чынам, правядзенне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь будзе рэгулявацца дзеючым Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь і Пастановамі Цэнтральнай камісіі.
У адпаведнасці з арт. 33 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Цэнтральная камісія мае права выдаваць Пастановы з мэтай растлумачэння прымянення асобных артыкулаў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
15 ліпеня 2004 г. на сваім паседжанні Цэнтральная камісія зацвердзіла 11 пастановаў і метадычныя рэкамендацыі: “Арганізацыйна-прававыя пытанні працы акружных выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”, а таксама “Арганізацыйна-прававыя пытанні працы ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”, якія не былі змешчаны на сайце Цэнтральнай камісіі. Трэба адзначыць, што большасць пастановаў былі прынятыя 15 ліпеня 2004 г., аднак размяшчаліся яны на сайце ЦВК не адразу. Такім чынам, суб’екты выбарчага працэсу не мелі магчымасць азнаёміцца з імі адразу пасля іх прыняцця.
Што датычыцца саміх Пастановаў Цэнтральнай камісіі, то яны не ўнеслі ніякіх новых растлумачэнняў па арганізацыі і правядзенні выбарчага працэсу ў параўнанні з мінулымі выбарамі.
Участковыя і акруговыя камісіі, як і раней, не маюць індывідуальных пячатак. Згодна з пастановай Цэнтральнай камісіі ад 15.07.2004 № 17, акруговыя камісіі карыстаюцца пячаткамі раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) у гарадах з раённым падзелам – мясцовых адміністрацый; участковыя выбарчыя камісіі -- пячаткамі, вырабленымі на папярэдніх выбарах, застаюцца тыя ж зборна-разборныя драўляныя скрыні з адкіднымі вечкамі.
Што тычыцца парадку накіравання назіральнікаў на ўчасткі, пастанова Цэнтральнай камісіі ад 15.07.2004 г. № 13 палепшыла сітуацыю ў параўнанні з мінулымі мясцовымі выбарамі і вярнула працэдуру, якая рэгулявала дадзенае пытане падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2001 годзе. Згодна з гэтай пастановай, рэспубліканскія кіруючыя органы палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў маюць права накіроўваць назіральнікаў на паседжані выбарчых камісій усіх узроўняў і на ўчасткі для галасавання.
Зацверджаныя Пастановай Цэнтральнай камісіі ад 20.05.2004 № 5 метадычныя рэкамендацыі “Арганізацыйна-прававыя пытанні працы акружных выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” утрымліваюць рэкамендацыі для працы акруговых камісій па ўсіх асноўных этапах выбарчай кампаніі:
паўнамоцтвы і статус сябраў акруговых камісій;
стварэнне выбарчых акругаў;
вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў;
правядзнне агітацыі;
устанаўленне вынікаў галасвання на акрузе і інш.
Трэба адзначыць, што ў адрозненні ад мінулагодніх выбараў, Цэнтральная камісія зрабіла дадзеныя рэкамендацыі даступнымі для азнаямлення. У той жа час, уважлівае азнаямленьне з рэкамендацыямі Цэнтральнай Камісіі пераконвае нас, што некаторыя палажэнні дадзеных рэкамендацый могуць прывесці да пэўных цяжкасцяў пры правядзенні выбарчай кампаніі.
Так, у раздзеле рэкамендацый, якія рэгулююць парадак рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па вылучэнні кандыдата ў дэпутаты, утрымліваецца запіс аб тым, што да рэгістрацыі камісія павінна праверыць наяўнасць беларускага грамадзянства ва ўсіх сябраў ініцыятыўнай групы. Пры гэтым не даецца тлумачэння якім чынам камісіі павінны ажыццяўляць гэтую праверку. У некалькіх выбарчых акругах, у прыватнасці, у віцебскай-горкаўскай выбарчай акрузе № 17, гэта прывяло да таго, што аднаму з будучых кандыдатаў адмовілі ў прыёме заявы і спіса ініцыятыўнай групы на падставе таго, што ён не прынёс пашпарты ўсіх сябраў ініцыятыўнай групы.
У разделе рэкамендацый, які рэгулюе парадак запаўнення падпісных лістоў, некарэктна сфармуляваныя правілы запаўнення графы падпіснога ліста “Дата нараджэння”. У рэкамэндацыях гаворыцца: “у адносінах выбаршчыкаў, якім у бягучым годзе споўнілася 18 год, указваецца чысло, месяц і год нараджэння, у адносінах астатніх выбаршчыкаў можа ўказвацца толькі год нараджэння”. Пры гэтым няма ніякіх ўказанняў ці дапускаюцца скарачэнні пры напісанні гэтых дадзеных, не прыведзены ўзор напісання. У той жа час у часцы раздзела, які тлумачыць парадак запаўнення графы падпіснога ліста “Дата подпісу выбаршчыка”, указваецца, што чысло, месяц і год унясення подпісу ўносяццца ў поўным ці скарочаным варыянтах і прыводзіцца прыклад: 10 жніўня 2004 г., ці 10.08.2004 г., ці 10.08.04.
На практыцы гэта можа прывесці да таго, што сябры ініцыятыўных груп могуць няправільна запоўняць графу падпіснога ліста “Дата нараджэння”, напрыклад, запаўняць яе па аналогіі з графой “Дата подпісу выбаршчыка” што прывядзе да прызнання подпіса несапраўдным.
У раздзеле метадычных рэкамендацый, які рэгулюе выраб перадвыбарчых плакатаў, утрымліваецца адкрытае супярэчанне палажэнням Выбарчага кодэксу. У дадзеным раздзеле сцвярджаецца, што на выраб перадвыбарчых плакатаў кандыдатаў у дэпутаты выкрыстоўваюцца толькі сродкі, якія выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэта і па-за бюджэтнага фонда, які ствараецца Цэнтральнай камісіяй. Не дапускаецца выкарыстанне на гэтыя мэты сродкаў кандыдатаў у дэпутаты, давераных асобаў, палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый, грамадзян. У той жа час ч. 8 арт. 45 Выбарчага кодэкса гаворыць, што з моманту рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты адпаведнай камісіяй, палітычныя партыі, працоўныя калектывы, грамадзяне, якія вылучылі кандыдатаў, кандыдаты ў дэпутаты маюць права на выраб перадвыбарчых плакатаў, заклікаў, заяваў, надпісаў, аркушоў, фотаматэрыялаў (плакатаў).
Што датычыцца метадычных рэкамендацый “Арганізацыйна-прававыя пытанні працы ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”, то яны так і не далі растлумачэння па пытаннях захавання выбарчых бюлетэняў і выбарчых скрыняў пад час правядзення датэрміновага галасавання.
Асаблівую заўвагу выклікае раздзел рэкамендацый, які рэгулюе працэдуру падліку галасоў на ўчастку. Працэдура запаўнення пратакола аб выніках падліку галасоў з трох выбарчых скрыняў (папярэдняга галасавання, галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў, скрыні для галасавання ў дзень выбараў) апісваецца наступным чынам : “дадзеныя аб колькасці бюлетэняў, якія знаходзяцца у кожнай з вышэйуказаных скрыняў для галасавання, і вынікі падліку галасоў павінны быць адлюстраваныя ў пратаколе паседжання ўчастковай выбарчай камісіі. У пратаколе аб выніках галасавання, складзеным па форме, устаноўленай Цэнтральнай камісіяй, указваецца агульны вынік галасавання”.
Такім чынам, участковыя камісіі будуць працаваць з двумя пратаколамі: пратаколам паседжання участковай камісіі і пратаколам аб выніках галасавання, складзеным па форме, устаноўленай Цэнтральнай камісіяй.
Гэта супярэчыць патрабаванням арт. 55 Выбарчага кодэкса, які прадугледжвае наяўнасць толькі аднаго пратакола, які пасля яго запаўнення павінен неадкладна вывешвацца для азнаямлення з вынікамі выбараў. У адпаведнасці з прынятымі Цэнтральнай камісіяй рэкамендацыямі вывешвацца будзе толькі адзін пратакол, які складаецца па ёй зацверджанай форме. Абавязкаў вывешваць пратакол “паседжання участковай камісіі” ў рэкамендацыях няма.
Гэта азначае, што, на практыцы, назіральнікі, давераныя асобы кандыдатаў не змогуць з ім азнаёміцца. Адпаведна, яны не змогуць даведацца вынікі падліку галасоў па кожным галасаванні асобна (датерміновым і галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў), паколькі ў пратаколе, які запаўняецца па форме, устаноўленай Цэнтральнай камісіяй, указваецца толькі агульны вынік галасавання.
У рэкамендацыях таксама не сказана куды павінен прыкладаца першы (пратакол паседжання участковай камісіі) пратакол камісіі. Перадача гэтага пратаколу ў акружную камісію не рэгламентуецца ніякім чынам. Няма ўказаньня захоўваць яго і перадаваць у акруговую камісію разам з іншымі матерыяламі камісіі.
Усё гэта стварае дадатковыя магчымасці для фальсіфікацыі вынкіаў галасавання на ўчастку.
У адпаведнасці з арт. 21 Выбарчага Кодэксу спісы грамадзян прадстаўляюцца для ўсеагульнага азнаямлення за 15 дзён да выбараў. Грамадзянам забяспечваецца магчымасць азнаёміцца са спісамі і праверыць правільнасць яго складання ў памяшканні ўчастковай камісіі.
Аднак метадычныя рэкамендацыі, зацверджаныя Цэнтральнай камісіяй “Арганізацыйна-прававыя пытанні працы ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” сур’ёзна абмежавалі права выбаршчыкаў на азнаямленне са спісамі выбаршчыкаў, стварылі магчымасць утойвання рэальнай лічбы выбаршчыкаў, зарэгістраваных на ўчастку ад грамадскасці і ад назіральнікаў.
Метадычныя рэкамендыцыі далі тлумачэнне працэдуры азнаямлення са спісамі выбаршчыкаў. Згодна з гэтымі тлумачэннямі, участковая камісія прадстаўляе выбаршчыку магчымасць азнаёміцца з фактам ўключэння яго ў спіс грамадзян, удакладніць дадзеныя пра сябе і аб пражываючых з ім паўнагадовых членах сям’і. Пры гэтым не дапускаецца перадача выбаршчыку на рукі ўсяго спісу ці яго асобных частак. Азнаямленне павінны праводзіць сябры ўчастковай выбарчай камісіі з выкананнем патрабаванняў па забеспячэнні захавання спіса выбаршчыкаў. Зыходзячы з гэтага тлумачэння можна зрабіць выснову, што спісы выбаршчыкаў наогул не будуць вывешвацца для ўсеагульнага азнаямлення. Дадзенае тлумачэнне выходзіць за межы арт. 21 Выбарчага кодэкса і супярэчыць прынцыпу празрыстасці выбарчага працэсу, робіць інфармацыю аб колькасці зарэгістраваных выбаршчыкаў недаступнай для грамадзян, прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў.
Спісы грамадзян, якія маюць права браць удзел у выбарах, удакладняюцца участковымі выбарчымі камісіямі напярэдадні кожнага тура галасавання. У сувязі з рэкамэндацымі Цэнтральнай камісіі, калі колькасць выбаршчыкаў на ўчастку будзе ўтоена. Гэта дае дадатковыя магчымасці для ўчастковых камісій маніпуляваць са спісамі выбаршчыкаў і безкантрольна мяняць лічбу выбаршчыкаў, зарэгістраваных на ўчастку, што, безумоўна, стварае магчымасці для фальсіфікацый вынікаў галасавання.

Раздзел ІV
Фармаванне акруговых камісій

Для правядзення выбараў Палаты прадстаўнікоў на террыторыі Рэспублікі Беларусь ствараецца 110 выбарчых акругаў.
У адпаведнасці з календарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, зацверджаных Цэнтральнай камісіяй, не пазней 1 чэрвеня 2004 г. павінна была быць устаноўлена сярэдняя колькасць выбаршчыкаў на выбарчых акругах па выбарах дэпуатаў. Згодна з пастановай Цэнтральнай камісіі ад 20 траўня 2004 г. № 4 сярэдняя колькасць выбаршчыкаў на выбарчай акрузе ўстанўлена ў колькасці 64585 чалавек. Пастановай Цэнтральнай камісіі ад 15 ліпеня 2004 г. № 11 па прадстаўленні абласных выканаўчых камітэтаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта былі створаныя выбарчыя акругі. У адпаведнасці з арт. 15 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь колькасць выбаршчыкаў на акрузе не павінна перавышаць 10 % ад сярэдняй колькасці выбаршчыкаў на акрузе. Між тым, на некаторых сфармаваных выбарчых акругах адхіленне ад сярэдняй колькасці выбаршчыкаў перавышае 10% у бок змяньшення. Напрыклад, Глыбоўская выбрачая акруга № 22 (колькасць выбаршчыкаў 57300), Міёрская выбарчая акруга №24 (колькасць выбаршчыкаў 57400), Пастаўская выбрачая акруга № 30 (колькасць выбаршчыкаў 57500), Талачынская выбарчая акруга № 31 (колькасць выбаршчыкаў 56200), Буда-Кашалёўская выбарчая акруга № 40 (колькасць выбаршчыкаў 57525).
Вылучэнне прадстаўнікоў у склад акруговых камісій пачалося з моманту апублікавання спісаў выбарчых акругаў і закончылася 30 ліпеня 2004 г.
Парадак вылучэння прадстаўнікоў у склад акруговых камісій рэгулюецца арт. 35 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Адмысловых пастановаў Цэнтральнай камісіі на гэты конт не выдавалася. Узоры дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у склад акруговых камісій ад палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і шляхам збору подпісаў, прынятыя Цэнтральнай камісіяй, былі змешчаныя на афіцыйным сайце камісіі, але са спазненнем на некалькі дзён ад пачатку працэсу вылучэння.
Згодна з арт. 35 Выбарчага кодэкса, палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы арганізацый ці калектывы іх структурных падраздзяленняў з ліку сваіх сябраў, а таксама грамадзяне шляхам падачы заявы могуць вылучыць у адпаведную акружную камісію толькі па адным прадстаўніку.
Вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў маюць права рэспубліканскія кіруючыя органы палітычных партый.
100 грамадзянаў, якія пражываюць на тэрыторыі акругі, маюць права накіраваць свайго прадстаўніка ў склад гэтай акруговай камісіі шляхам падачы заявы.
Палітычныя партыі вылучаюць сваіх прадстаўнікоў на паседжаннях кіруючых органаў.
Акруговыя камісіі фармаваліся Прэзідыўмамі абласных, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і абласнымі выканаўчымі камітэтамі, а таксама Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам.
Трэба адзначыць, што ні Выбарчы кодэкс ні пастановы Цэнтральнай камісіі не ўтрымліваюць крытэрыя адбора прадстаўнікоў у склад камісій. Выбарчы кодэкс не абавязвае органы, якія фармуюць камісіі, выклікаць на свае паседжанні, асобаў, якія падалі заявы аб ўваходжанні ў склад акруговых камісій, даваць ім пісьмовы адказ, праводзіць сумоўе з прэтэндэнтамі і г.д..
Запыт дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу У.Навасяда да Цэнтральнай камісіі з просьбай даць афіцыйнае растлумачэнне крэтэрыяў, якімі павінны кіравацца органы пры фармаванні камісіі, застаўся без адказу па прычыне “недахопу паўнамоцтваў Цэнтральнай камісіі па пашыранным тлумачэнні нормаў выбарчага заканадаўства”.
Між тым пад час адной з прэс-канферэнцый Страшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына выказала свае крытэрыі да прынцыпу фарамавання акруговых камісіяў, зазначыўшы, у прыватнасці, што яна непрыхільніца ўключэння ў склад акруговых камісій у парадку чаргі. Па словах Л.Ярмошынай ў камісіі трэба ўключаць асобаў з юрыдычнай адукацыяй, якія маюць досьвед працы ў выбарчых камісіях. Нягледзячы на тое, што фармальна Цэнтральная камісія не мае адносінаў да працэсу фармавання камісій, гэтыя словы маглі служыць пэўным крытэрыям пры адборы кандыдатаў у камісіі.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі актыўна вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых камісій. Ніжэй прыводзіцца табліца вылучаных у склад акруговых камісій сябраў дэмакратычных палітычных партый:

Партыя БНФ -- вылучана 50
АГП -- вылучана 61
БСДГ -- вылучана 23
ПКБ -- вылучана 78
Партыя працы -- вылучана 26
БСДП (НГ) -- вылучана 80
Зацверджана:
Партыя БНФ -- 2 (г. Мінск --1, Брэсцкая вобл --1)
АГП -- 5 (Брэсцкая вобл. --1, Віцебская вобл --1, Гомельская вобл -- 3)
БСДГ -- 0
ПКБ -- 19 (г. Мінск -- 4, Брэсцкая вобл. -- 4, Віцебская вобл. -- 6, Гомельская вобл. -- 5)
Партыя працы -- 0
БСДГ (НГ) -- 2 (Брэсцкая вобл -- 1, Віцебская вобл --1)

Колькасць кандыдатаў вылучаных ад дэмакратычных партый у склад акурговых камісій скалала разам 318 чалавек, у камісіі было ўключана толькі 20 чалавек.
Агульная колькасць прадстаўнікоў дэмакратычных апазыцыйных партый ад агульнай колькасці сябраў камісій склала 2%. Разам з прадстаўнікамі праўрадавых партый агульная лічба прадстаўнікоў палітычных партый у камісіях склала крыху болей за 7 %.
Прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў складаюць 20% ад агульнай колькаці сябраў акруговых камісій. Пераважная колькасць з іх, гэта прадстаўнікі праўрадавых грамадскіх арганізацый (БРСМ, ФПБ, Саюз ветэранаў Афганістана і інш.). БРСМ мае ўключаныя ў камісіі 94 асобы на 110 выбарчых акругаў, ФПБ -- 80 , Саюз ветэранаў -- 66, Беларускі саюз жанчын -- 28. Між тым, прадстаўнікоў такіх буйных рэспубліканскіх неўрадавых арганізацый як ГА БНФ “Адраджэнне” (было вылучана 35 асобаў, прайшло – 2), Беларускі Хельсінкскі Камітэт (было вылучана 11, прайшло – 1) у склад камісій пераважна не ўключылі.
Такім чынам, улады ўжо на этапе фармавання акруговых камісіяў ствараюць умовы для поўнага кантроля над выбарчым працэсам з боку выканаўчых уладаў і магчымасьйцяў для фальсіфікацыяў і маніпуляваньня.
Асноўная колькасць сяброў камісіяў, вылучаная ад працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў (28,5 %), ад грамадзян (33,4%). Пры гэтым трэба адзначыць, што пры апублікванні спісаў сябраў акруговых камісій у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі пераважна не ўказанае месца працы сябраў камісій (з шасьці вобласьцяў і г.Мінска такія дадзеныя надрукаваныя толькі па Мінскай і Гродзенскай вобласці), што мае на мэце ўтаіць факт залежнасьці створаных акруговых камісіяў ад структураў выканаўчай улады.
Найбольшае прадстаўніцтва ў камісіях маюць сябры, вылучаныя шляхам падачы заяваў ад грамадзян. Пры гэтым трэба адзначыць, што як і падчас папярэдніх выбараў назірался тэндэнцыя, калі шляхам падачы заяваў ад грамадзян вылучаліся кіраўнікі дзяржаўных арганізацый і ўстаноў, прадстаўнікі структураў мясцовай выканаўчай улады. Так, напрыклад шляхам падачы заявы ад грамадзян вылучаліся: у акрговую камісію Барысаўскай сельскай выбарчай акргі №; 78 – Белагурава Л.Д. (вядучы спецыяліст аддзела па ўліку і размеркаванню жылля Барысаўскага гарвыкнкама), Гурко М.В. (намеснік начальніка па тылавому забеспячэнню папраўчанай установы “Папраўчая калонія № 14); у акруговую камісію Лагойскай выбарчай акргі № 82 – Баброўскі І.К. (начальнік Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Азёрны”); у акргуговую камісію Салігорскай гарадской выбарай акргі № 90 –Пальчанка Л.У. (інжэнер па аховепрацы і тэніцы беспяекі аддзела адукацыі Салігорскага гарвыканкама); у акруговую камісію Шчучынсай выбарчай акругі № 62 – Сакалоўскі І.Ю. (намеснік старшыні Шчучынсага райвыканкама), Сідор Т.П. (начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне Воранаўскага райвыканкама).
Такая ж тэндэнцыя назіралася і пры вылучэнні ў склад акруговых камісій ад працоўных калектываў. Так, напрыклад ад працоўных калектываў у склад акруговых выбарчых камісій вылучаліся: у акргуговую камісію Жодзінскай выбарчай акругі № 81 – Куракоў А.Е. (начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Смалевіцкаму р-ну), Шапкоўская Т.Ф. (намеснік старшыні Смалевіцкага райвыканкама); у акруговую камісію Стоўбцаўскай выбарчай акгугі № 92 – Каваленя А.В. (начальнік аддзела па справах моладзі Уздзенскага райвыканкама), Крамко Я.У. (старшыня аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Стоўбцаўскага райвыканкама); у акруговую камісію Навагрудскай выбарай акргі № 59 – Корбаль І.І. (галоўны юрытконсульт Навагрудскага райвыканкама)і г.д.
Аналіз акруговых камісій дазваляе сцвярджаць, што ў іх увайшлі ў асноўным прадстаўнікі райвыканкамаў, кіраўнікі дзяржаўных установаў і прадпрыемстваў, прадстаўнікі праўрадавых грамадскіх аб’яднанняў.

Брэсцкая вобласць:
прадстаўнікі палітычных партый -- 19
прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, прафсаюзаў -- 47
прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, органаў мясцовай улады, дзярдструктур -- 33
прадстаўнікі працоўных калектываў (у т.л. прадпрыемстваў бюджэтнай сферы) -- 70
сябры камісій, вылучаныя ад грамадзян -- 55

Віцебская вобласць
прадстаўнікі палітычных партый -- 13
прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, прафсаюзаў -- 51
прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, органаў мясцовай улады, дзярдструктур -- 0
прадстаўнікі працоўных калектываў (у т.л. прадпрыемстваў бюджэтнай сферы) -- 60
сябры камісій, вылучаныя ад грамадзян -- 84

Гродненская вобласць
прадстаўнікі палітычных партый -- 4
прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, прафсаюзаў -- 3
прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, органаў мясцовай улады, дзярдструктур -- 7
прадстаўнікі працоўных калектываў (у т.л. прадпрыемстваў бюджэтнай сферы) -- 6
сябры камісій, вылучаныя ад грамадзян -- 140

Гомельская вобласць
прадстаўнікі палітычных партый -- 16
прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, прафсаюзаў -- 37
прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, органаў мясцовай улады, дзярдструктур -- 31
прадстаўнікі працоўных калектываў (у т.л. прадпрыемстваў бюджэтнай сферы) -- 49
сябры камісій, вылучаныя ад грамадзян -- 88

Магілёўская вобласць
прадстаўнікі палітычных партый -- 4
прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, прафсаюзаў -- 26
прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, органаў мясцовай улады, дзярдструктур -- 4
прадстаўнікі працоўных калектываў (у т.л. прадпрыемстваў бюджэтнай сферы) -- 70
сябры камісій, вылучаныя ад грамадзян -- 63

Мінск
прадстаўнікі палітычных партый -- 38
прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, прафсаюзаў -- 71
прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, органаў мясцовай улады, дзярдструктур -- 32
прадстаўнікі працоўных калектываў (у т.л. прадпрыемстваў бюджэтнай сферы) -- 53
сябры камісій, вылучаныя ад грамадзян -- 40

Мінская вобласць
прадстаўнікі палітычных партый -- 7
прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, прафсаюзаў -- 34
прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, органаў мясцовай улады, дзярдструктур -- 34
прадстаўнікі працоўных калектываў (у т.л. прадпрыемстваў бюджэтнай сферы) -- 41
сябры камісій, вылучаныя ад грамадзян -- 105

Разам:
прадстаўнікі палітычных партый -- 101
прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, прафсаюзаў -- 269
прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, органаў мясцовай улады, дзярдструктур -- 141
прадстаўнікі працоўных калектываў (у т.л. прадпрыемстваў бюджэтнай сферы) -- 350
сябры камісій, вылучаныя ад грамадзян -- 574

Каментар:
Усяго ў краіне было створана 110 акруговых выбарчых камісій, агульная колькасць сябраў акруговых камісій склала 1430 чалавек.
Дадзены аналіз складу акрговых выбарчых камісій праводзіўся па спосабу вылучэння сябраў камісій. Пры дадзеным аналізе выкарыстоўвалася інфармацыя, якая была надрукаваная ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі.
Інфармацыя адносна прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў падаецца з улікам усіх палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку праўрадавых партый, афіцыйных прафсаюзаў і грамадскіх аб’яднанняў, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту. Ніжэй прыводзіцца інфармацыя аб колькасці месцаў, якія атрымалі прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у акруговых камісіях па кожнай вобласці:

Віцебская:
Партыі: ПКБ – 6, ЛДП -3, Патрыятычная партыя -1, БСДП (НГ) -1, АГП -1, КПБ -1
Арганізацыі: ГА ветэранаў -- 14; ФПБ – 13; БРСМ – 15; ГА “Усебеларускае аб’яднанае казацтва” – 1; ГА БНФ “Адраджэньне”- ; Беларускі саюз жанчын – 7.

Гомельская:
Партыі: ПКБ – 5; КПБ – 5; АГП – 3, ЛДП -- 3
Арганізацыі: БРСМ – 13, ГА ветэранаў – 12; ФПБ – 10; ЛКСБ – 1, ГА БНФ “Адраджэньне” -- 1

Мінская:
Партыі: КПБ – 4; ЛДП - 3
Арганізацыі: ФПБ -11; БРСМ -14; ГА ветэранаў – 6; Беларускі саюз жанчын – 2;
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа – 1

Мінск
Партыі: КПБ –14; Сацыяльна-спартыўная партыя – 4; Аграрная партыя – 4; ЛДП – 11; ПКБ – 4; Партыя БНФ --1
Арганізацыі:
Беларускі саюз жанчын – 17; БРСМ – 18; ГА ветэранаў –14; ФПБ –12; Беларускае таварыства чырвонага крыжа – 5; Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў – 2; ГА “Здароўе – дзецям” – 2; ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” – 1

Магілёўская
Партыі: КПБ-2, ЛДПБ-2
Арганізацыі: БРСМ -9, ФПБ -10, Беларусае грамадзкае аб’яднанне “Ветэранаў”-5, ГА Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Аўганістане-1, Беларускае таварыства чырвонага крыжа -1,

Брэсцкая
Партыі: ЛДПБ -5, КПБ -8, ПКБ-3, БСДП (НГ)-1, АГП-1, БНФ-1,
Грамадскія аб’яднанні: БРСМ - 12, ФПБ-15, БХК-1, Беларускае грамадзкае аб’яднанне “Ветэранаў”-7, Беларускі саюз жанчын-12,

Гродзенская
Партыі:КПБ-4
Арганізацыі: Беларускае грамадзкае аб’яднанне “Ветэранаў-3

У Гродзенскай вобласці вылучэнне адбывалася двумя ці трамя шляхам адначасова: ад працоўных калектываў і шляхам падачы заявы грамадзян, ад палітычных партый ці грамадскіх аб’яднанняў і шляхам падачы заяваў ад грамадзянаў, ад грамадскага аб’яднання, працоўнага калектыву, шляхам падачы заявы ад грамадзянаўІнфармацыя была змешчаная ў газеце “Гродзенкая праўда”. Магчыма такі двайны варынт вылуэння ў акруговыя камісіі скарыстоўваўся і ўншых абласцях краіны. .
У вышэйпрыведзеным аналізе ўлічваліся дазеныя толькі па аднаму з шляхоў вылучэння (падача заявы ад грамадзянаў).
Інфармацыя адносна сябраў камісій –прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравня і выканаўчай улады падаецца з улікам толькі тых сябраў выбарчых камісій, якія былі ўключаныя ў слад камісій Прэзідыўмамі адпаведных абланых Саветаў дэпутатаў і выканкамамі.

Першыя паседжанні створаных акруговых камісій павінны былі адбыцца не пазней 5 жніўня 2004 г. Пачынаючы з гэтай даты пачалі сваю працу акруговыя камісіі. Але рэжым працы створаных акруговых камісій выклікае вялікія нараканні з боку ўдзельнікаў кампаніі. У шматлікіх выпадках акруговыя камісіі адмаўляюцца прымаць заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп і спісы сябраў ініцыятыўных груп. Сваю адмову яны тлумачылі тым, што ў адпаведнасці з прынятым камісіяй рэгламентам, працу яны пачнуць толькі з 8 жніўня. Акрамя таго, камісіі спасыліся на календарны план, зацверджаны Цэнтральнай камісіяй, дзе ўтрымліваецца запіс пра тое, што вылучэнне кандыдатаў пачынаецца з 8 жніўня 2004 г. У той жа час у рэкамендацыях для працы акруговых камісій запісана, што ў акруговай камісіі ўстанаўліваецца дзяжурства сябраў камісій для прыёма выбаршчыкаў: у буднія дні – з 10 да 19 гадзін (перапынак – з 14 да 15 гадзін), у суботу – з 10 да 14 гадзін. Адмова ў прыняцці заяваў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп да 8 жніўня супярэчыць арт. 65 Выбарчага кодэкса, які не ўтрымлівае такіх абмежаванняў па тэрмінах (заява і спіс ініцыятыўнай групы павінны быць пададзены не пазней 65 дзён да выбараў, г.зн. не пазней 12 жніўня). Такім чынам акруговыя камісіі стваралі штучныя, незаконныя перашкоды падчас рэгістрацыі ініцыятыўных груп кандыдатаў, стрымліваючы пачатак кампаніі па зборы подпісаў за кандыдатаў.

Раздзел V
Высновы
Дадзены аналіз дазваляе сцвярджаць, што:
1. Улады Беларусі напярэдадні выбараў змянілі прававое рэгуляванне парадку дзейнасці і рэгістрацыі палітычных партыяў, чым істотна абмежавалі магчымасці палітычных партыяў пад час правядзеньня выбараў.
2. Улады Беларусі не прынялі мер да дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства краіны ў мэтах правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у адпаведнасці з прынцыпамі адкрытасці, галоснасці і празрыстасці.
3. Улады Беларусі не ўлічылі рэкамендацый БДІПЧ/АБСЕ, якія былі выпрацаваныя пасля правядзення выбараў 2000 і 2001 гадоў.
4. Масавае неўключэнне ў склад акруговых выбарчых камісій прадстаўнікоў дэмакратычных партый Беларусі дазваляе заяўляць аб тым, што выбарчы працэс будзе праходзіць пад поўным кантролем выканаўчых уладаў.
5. Масавая прапаганда, якая была распачатая дзяржаўнымі СМІ напярэдані выбараў супраць апазыцыйных партый і асобных грамадзян, якія будуць вылучацца ў якасці кандыдатаў у дэпутаты, сведчыць аб заведама няроўных умовах кандытатаў пры правядзенні будучай агітацыйнай кампаніі.
6. Зацверджаныя Цэнтральнай камісіяй мэтадычныя рэкамендацыі для працы ўчастковых камісій істотна абмяжоўваюць правы выбаршчыкаў, стварюць шырокія магчымасці для фальсіфікацый вынікаў галасавання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства