viasna on patreon

Шантаж і ціск – асноўныя метады працы акруговых камісіяў на дадзеным этапе выбарчай кампаніі

2004 2004-08-09T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасьля стварэньня акруговых выбарчых камісіяў пачаўся наступны этап выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў – рэгістрацыя ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у кандыдаты. Гэты этап падчас папярэдніх выбарчых кампаніяў не выклікаў асаблівых нараканьняў удзельнікаў выбарчага працэсу – усе ініцыятыўныя групы, як правіла, рэгістраваліся. Зараз жа пачалося актыўнае адмаўленьне прэтэндэнтам у кандыдаты ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, і перш за ўсё гэта тычыцца вядомых у рэгіёнах грамадзкіх дзеячоў.

Так, 4 жніўня ў акруговую выбарчую камісію Барысаўскай гарадзкой выбарчай акругі №77 падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы кіраўнік Грамадзкае ініцыятывы “За чысты Барысаў”, сябра Сойму Партыі БНФ, вядомы ў горадзе грамадзкі дзеяч Сяргей Салаш. На наступны ж дзень на сяброў ініцыятыўнай групы пачаў аказвацца вельмі моцны ціск. Некаторым з іх пачалі паступаць ананімныя тэлефанаваньні і патрабаваньні пацьвердзіць недабраахвотнасьць іх уваходжаньня ў ініцыятыўную групу С. Салаша. У нядзелю, 8 жніўня, прадстаўнікі акруговай выбарчай камісіі, якія не прадставіліся, прыйшлі дадому да сябра ініцыятыўнай групы С. Салаша Тамары Садчанка і пад ціскам прымусілі пісьмова адмовіцца ад яе сяброўства ў ініцыятыўнай групе. Пасьля размовы з С. Салашам жанчына напісала ў акруговую камісію новую заяву, у якой указала на ціск з боку выбарчай камісіі і пацьвердзіла сваё дабраахвотнае жаданьне з’яўляцца сябрам ініцыятыўнай групы.
Сёньня, 9 жніўня, зраніцы кіраўніцтва аднаго з дзяржаўных прадпрыемстваў, на якім працуе сябра ініцыятыўнай групы С. Салаша Галіна Башкова, прыехала да яе на лецішча і пад пагрозай непрацягненьня з ёй працоўнага кантракту запатрабавала напісаць заяву і выйсьці з ініцыятыўнай групы. Жанчына, баячыся згубіць працу, была вымушаная напісаць такую заяву. На падставе гэтай заявы ў той жа дзень у 15.00 акруговая выбарчая камісія прыняла рашэньне аб нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргея Салаша. Самому прэтэндэнту ў кандыдаты і назіральніку, вылучанаму грамадзянамі, адмовілі ў праве прысутнічаць на паседжаньні камісіі, дзе вырашалася гэтае пытаньне.

Падчас гэтага ж паседжаньня было адмоўлена ў рэгісрацыі ініцыятыўнай групы іншага вядомага грамадзкага дзеяча з Барысаву, аднаму з актывістаў АГП Льву Марголіну. Падставы былі падобныя з нерэгістрацыяй ініцыятыўнай групы С. Салаша. Такім чынам, у адной з акругаў Барысава былі зьнятыя ўсе кандыдаты Грамадзкай ініцыятывы “Пяцерка +”, якія карыстаюцца вялікай папулярнасьцю сярод жыхароў гораду.
Такія метады “працы” яшчэ не выкарыстоўваліся: улады, ня грэбуючы ціскам і шантажом асобаў, якія знаходзяцца на працоўных кантрактах, пачалі выключэньне з выбарчага працэсу асноўных кандыдатаў ад дэмакратычнай кааліцыі. На падставе падобных прыкладаў ужо на дадзены момант можна сьцвярджаць аб недэмакратычнасьці выбараў у парламент Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства