viasna on patreon

З Беларусі дэпартаваны брытанскі прафесар Алан Флаўэрз

2004 2004-08-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода
Прафэсара Кінгстаўнскага ўнівэрсытэту Алана Флаўэрза дэпартуюць зь Беларусі. На працягу найбліжэйшых пяці год яму забаронена перасякаць беларускую мяжу. Ніводны супрацоўнік пашпартна-візавай службы Партызанскага раёну Менску, куды навукоўца выклікалі для працэдуры дэпартацыі, не адказаў на пытаньне, што стала сапраўднай прычынай дэпартацыі.

31 ліпеня Супрацоўнікі пашпартна-візавай службы Партызанскага раёну Менску завяршылі працэдуру дэпартацыі Алана Флаўэрза. Яго азнаёмілі з пастановай, згодна зь якой прафэсар мусіць пакінуць межы Беларусі да 3 жніўня. У пашпарт паставілі штамп, паводле якога спадару Флаўэрзу забаронена перасякаць беларускую мяжу цягам пяці гадоў. Навукоўцу дазволілі пакінуць Беларусь самастойна, за свой кошт, бо ён меў пры сабе квіток на самалёт на 2 жніўня зь Вільні ў Лёндан.

Нагадаем, Алан Флаўэрз знаходзіўся ў Беларусі на запрашэньне БДУ з 9 ліпеня. Паколькі прафэсар цягам 12 гадоў наведваў Беларусь у рамках супрацоўніцтва Кінгстаўнскага ўнівэрсытэту зь беларускімі навуковымі інстытутамі ў галіне адукацыі, культуры й навукі, і зрабіў вялікі ўнёсак у справу добрых стасункаў паміж краінамі, беларуская амбасада ў Вялікай Брытаніі паставіла яму гадавую шматразовую візу бясплатна.

Алан Флаўэрз сам плянаваў 2 жніўня ад'ехаць у Лёндан. Але 29 ліпеня, калі прафэсар прыйшоў на сустрэчу з рэктарам Сахараўскага ўнівэрсытэту, яго сустрэлі два чалавекі – супрацоўнік пашпартна-візавай службы Партызанскага раёну й супрацоўнік КГБ. Яны склалі пратакол паводле першай часткі 185 артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу (парушэньні ў часе рэгістрацыі замежнага грамадзяніна).

Наступнага дня ў АВІРы спадару Флаўэрзу й віцэ-консулу брытанскай амбасады паведамілі, што ня маюць прэтэнзіяў што да рэгістрацыі. Прычынай дэпартацыі стала тое, што імя прафэсара трапіла ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Беларусь. Міліцыянты патлумачылі, што нічога ня ведаюць пра тое, калі імя прафэсара трапіла ў сьпіс, а пагатоў – зь якой прычыны.

Прафэсар Алан Флаўэрз ня можа зразумець, чаму ён зрабіўся “пэрсонай нон грата”. Навукоўцы, дзеячы мастацтва, студэнты, якія ведаюць прафэсара, таксама зьбянтэжаныя.

Алан Флаўэрз ня мае прэтэнзіяў да супрацоўнікаў міліцыі. Зьдзіўленьне выклікала іх выказваньне пра тое, што калі б спадар Флаўэрз быў грамадзянінам не Вялікай Братаніі, а Пакістану ці Індыі, яму зрабілі б дактыляскапію – працэдуру, прадугледжаную ў часе дэпартацыі: “Рашэньне пра дэпартацыю было пададзенае ў нармальнай, ветлівай форме. Афіцэры спаслаліся на добрыя стасункі паміж Беларусьсю й Вялікай Брытаніяй і дазволілі мне самастойна пакінуць краіну, не пад прымусам. Мне шкада, што ў Беларусі адбываюцца такія рэчы. Цягам дванаццаці гадоў я наведваў Беларусь, і шмат людзей атрымалі толькі карысьць ад маіх ініцыятываў у галіне культуры й навукі. Рашэньне спыніць мае кантакты зь людзьмі прымалі тыя, хто не разумее, што я ўсё гэта рабіў згодна з жаданьнямі мноства беларускіх грамадзянаў. Гэтае рашэньне не паўплывае на жаданьне кантактаваць з акадэмічнай супольнасьцю Беларусі, з выкладчыкамі й студэнтамі. У наш час інфармацыю можна зьбіраць і распаўсюджваць самымі рознымі спосабамі. Немагчымасьць фізычнай прысутнасьці не пазбаўляе магчымасьці кантактаваць са сваімі калегамі ў гэтай краіне й працаваць над сумеснымі праектамі. Галоўным вынікам, я упэўнены, стане тое, што такая сытуацыя не паўторыцца”.

У пашпартна-візавай службе Алану Флаўэрзу паведамілі, што ён можа абскардзіць пастанову аб дэпартацыі і на пэрыяд разгляду скаргі застацца ў Беларусі. Але ён хоча толькі даведацца ў супрацоўнікаў КГБ, чаму яго зрабілі пэрсонай “нон грата”.

Прадстаўнікі брытанскай амбасады два дні запар наведвалі разам з Аланам Флаўэрзам Партызанскі РУУС. Яны пакуль не камэнтуюць гэтага інцыдэнту, але паведамілі, што будуць мець пытаньні да беларускай амбасады ў Лёндане й да Міністэрства замежных справаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства