viasna on patreon

Студэнты пратэстуюць супраць закрыцьця ЕГУ

2004 2004-07-28T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода
Студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту зладзілі акцыю пратэсту супраць закрыцьця ВНУ. Многія зь іх адмаўляюцца пераходзіць у іншыя навучальныя ўстановы й намерваюцца адстойваць сваё права навучацца ў сьценах ЭГУ. Адначасна кіраўніцтва ўнівэрсытэту правяло прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой паведаміла, што Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт будзе працягваць існаваньне – у іншых формах.

Акцыю пратэсту студэнты зладзілі ў выглядзе мастацкага пэрформансу – з выкарыстаньнем канспэктаў, плякатаў, творчых прац. У часе гэтае імпрэзы яны паведамлялі пра падзеі ва ўнівэрсытэце, а таксама расьпісвалі сьцены будынку на розных мовах з рознакаляровых балёнчыкаў.

(Карэспандэнтка: ) “Што вы пішаце?”

(Студэнтка: ) “Вярніце ЭГУ. У нас незаконна забіраюць унівэрсытэт”.

(Карэспандэнтка: ) “Не баіцеся, што прыцягнуць да адказнасьці?”

(Студэнтка: ) “Не, я не баюся адказнасьці. Няхай адказваюць тыя, хто забірае ў нас унівэрсытэт”.

(Студэнтка: ) “Заклікаем усіх пісаць асабістыя лісты прэзыдэнту й Міністэрству адукацыі. Гэта будзе часткай акцыі супраціву супраць незаконных дзеяньняў уладаў і парушэньня элемэнтарных свабодаў і правоў чалавека”.

(Студэнтка: ) “Мы не здамося. Калі з намі паступаюць гэтак, то мы будзем рэагаваць”.

Студэнты называюць дзеяньні ўладаў палітычна матываванымі й падтрымліваюць выкладчыцкі калектыў, рэктара ЭГУ Анатоля Міхайлава. Але адначасна выказваюць і незадаволенасьць дзеяньнямі пэдкалектыву.

Анатоль Міхайлаў і ягоны намесьнік Уладзімер Дунаеў гэтымі днямі знаходзяцца ў ЗША, дзе праводзяць перамовы з фундатарамі міжнародных адукацыйных цэнтраў пра магчымасьць захаваньня ЭГУ.
Адначасна кіраўніцтва ЭГУ распачало працэс пераводу сваіх навучэнцаў у іншыя навучальныя ўстановы Менску, а студэнты заявілі пра падрыхтоўку акцыі пратэсту да 5 жніўня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства