“Праваслаўная ініцыятыва” выдала яшчэ дзьве атысэміцкія кніжкі (Радыё Свабода)

2004 2004-07-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Менскае выдавецтва ЗАТ “Праваслаўная ініцыятыва”, вядомае сваёй кнігай “Вайна па законах нізасьці”, што абразіла пачуцьці беларускіх гэбраяў і сталася прадметам шматлікіх судовых разьбіральніцваў, выпусьціла яшчэ дзьве навінкі аналягічнага зьместу.

Новыя кніжкі “Праваслаўнай ініцыятывы” можна вольна купіць у кнігарні “Праваслаўная кніга” ў цэнтры Менску. Першая — аўтарства Андрэя Кураева пад назвай “Як робяць антысэмітам”. Яна аздобленая выразна антыгэбрайскімі карыкатурамі — сярод якіх, напрыклад, стылістычнае абазначэньне фашызму і сіянізму як дзьвюх галінак аднаго дрэва. Другая кніга завецца “Няма дрэнных народаў”. У ёй, напрыклад, сьцьвярджаецца, што сыстэма першых гадоў савецкай улады была пабудаваная паводле ўзору гэбрайскага кагалу.

Кніжкі былі падпісаныя ў друк у лютым і сакавіку. Сваімі ўражаньнямі ад іх дзеліцца намесьнік старшыні Саюзу гэбрайскіх арганізацыяў і грамадаў Якаў Басін: “Праваслаўная ініцыятыва” выдала два зусім жудасныя антысэміцкія выданьні, зусім жудасныя. З антыгэбрайскімі карыкатурамі, якія, па-мойму, яны з гітлераўскага антысэміцкага часопісу “Штурмэр” перадрукоўваюць, зноў пра рытуальнае забойства царскай сям’і, зноў – “Пратаколы сіёнскіх мудрацоў”.

Якаў Басін паведаміў, што летась у лістападзе і сёлета ў лютым на ЗАТ “Праваслаўная ініцыятыва”, якую ўзначальвае Ўладзімер Чартовіч, ад імя Саюзу гэбрайскіх арганізацыяў і грамадаў ужо падаваліся скаргі ў пракуратуру Беларусі — за распальваньне міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасьці. Звароты датычыліся выпадку, калі “Праваслаўная ініцыятыва” распаўсюджвала антысэміцкую літаратуру на казацкім зьезьдзе.

Аднак, як гаворыць юрыст менскага прадстаўніцтва міжнароднай праваабарончай арганізацыі Саюз радаў у падтрымку савецкіх гэбраяў Артур Ліўшыц, пакуль ні пракуратура Беларусі, ні Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, ні Міністэрства інфармацыі ніякага крыміналу ў публікацыях “Праваслаўнай ініцыятывы” ня бачаць. Ня можа спыніць гэтых публікацыяў і Менскі экзархат праваслаўнай царквы.

Мінінфармацыі сёлета парэкамэндавала гэбрайскім арганізацыям падаваць на выдаўцоў у суд. Аднак вынік судовых працэсаў у сучасных умовах фактычна вырашаны наперад. Гэбрайскія арганізацыі і актывісты ўжо прайшлі ўсе судовыя інстанцыі, патрабуючы пакараць “Праваслаўную ініцыятыву” за публікацыю бруднай кніжкі пад назвай “Вайна па законах нізасьці”. Аднак усе менскія суды прызналі, што гэтая кніга ўтрымлівае зьвесткі навуковага характару. У тым ліку і сумнавядомыя “Пратаколы сіёнскіх мудрацоў”, што апублікаваныя ў ёй.

Па факце публікацыі чарговых антысэміцкіх кніг беларускія гэбрайскія арганізацыі зноў рыхтуюць зварот у пракуратуру Беларусі.

Тым часам у пракуратуры Менску зь мінулай восені праводзіцца дасьледаваньне фактаў публікацыі й распаўсюду антысэміцкіх выданьняў ЗАТ “Праваслаўная ініцыятыва”. Пакуль пра ягоныя вынікі ў пракуратуры нічога паведаміць не змаглі. Беспакаранасьць і штурхае выдаўцоў чарнасоценнай літаратуры на новыя выданьні, упэўнены Якаў Басін.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international