Р Э З А Л Ю Ц Ы Я IV Кангрэсу Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі “АБ СТАНЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА І ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ Ў БЕЛАРУСІ”

2002 2002-10-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мы, дэлегаты IV Кангрэсу Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі лічым, што замацаваныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і іншых міжнародна-прававых актах правы і свабоды чалавека зьяўляюцца неад’емнымі і ня мусяць парушацца. Павага да свабоды слова і друку, свабоды сумленьня, свабоды асацыяцыяў і права на ўступленьне ў саюзы і асацыяцыі – гэта неабходныя ўмовы фармаваньня ў Беларусі дэмакратычнай прававой дзяржавы і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці.

Асамблея НДА Беларусі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі з занепакоенасьцю адзначае, што становішча з правамі чалавека ў краіне ў 2001-02 гадах значна пагоршылася:
— У краіне створаныя вельмі неспрыяльныя ўмовы для разьвіцьця грамадзкіх аб’яднаньняў. Дзяржава робіць захады, скіраваныя на вынішчэньне “трэцяга сэктару”. Хваля рэпрэсіяў супраць грамадзкіх аб’яднаньняў, распачатая ў 2001 годзе, не спыняецца да гэтага часу. Яна адзначаная ліквідацыяй такіх арганізацыяў, як “Задзіночаньне беларускіх студэнтаў”, Моладзевы Інфармацыйны Цэнтар, Цэнтар “Вежа”, шматлікімі выпадкамі канфіскацыяў маёмасьці сябраў Асамблеі, што бралі ўдзел у мабілізацыйнай кампаніі і кампаніі назіраньня падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Сучасная практыка вынясеньня папярэджаньняў грамадскім аб’яднаньням стала сродкам для шантажу пагрозай іх ліквідацыі. Ва ўмовах, калі дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў забароненая і цягне адміністратыўную адказнасьць, калі бесьперапынна праводзяцца вобыскі, канфіскацыі, праверкі і судовыя працэсы на падставе Дэкрэту №8 за 2001 год і іншых рэпрэсіўных актаў заканадаўства, - самое існаваньне “трэцяга сэктару” ў Беларусі знаходзіцца пад пагрозай.
— Дзяржава вядзе рашучы наступ на свабоду слова. Ён адзначаны ліквідацыяй і забаронай газэты “Пагоня”, крымінальным пераследам і забаронай на прафэсію журналістам Міколу Маркевічу, Паўлу Мажэйку, Віктару Івашкевічу, ціскам на недзяржаўныя мэдыі з боку Міністэрства інфармацыі і іншых органаў дзяржаўнае ўлады, канфіскацыямі накладаў выданьняў і абсталяваньня, цэнзурай, безпадстаўнымі арыштамі журналістаў, беспадстаўнымі зыскамі дзяржаўных службоўцаў да газэтаў. Артыкулы 367 “Паклёп на Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, 368 “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, 369 “Абраза прадстаўніка ўлады” Крымінальнага Кодэксу сталі сродкам барацьбы са свабодай слова і незалежнай прэсай, зрабілі немагчымай аб’ектыўнае адлюстраваньне грамадзкага жыцьця і крытыку дзеяньняў уладаў. Крымінальны Кодэкс стаў сродкам барацьбы зь іншадумствам.
— Парлямэнт краіны без уліку грамадзкай думкі, міжнародных нормаў, Канстытуцыі Беларусі прыняў недэмакратычны і рэпрэсыўны “Закон аб свабодзе веравызнаньня і рэлігійных арганіцыях”, які распальвае міжканфэсійную варожасьць і скасоўвае ў Беларусі свабоду сумленьня. Ва ўмовах гістарычнай поліканфэсійнасьці закон уводзіць у краіне адзіную дзяржаўную рэлігію, папярэднюю цэнзуру рэлігійнай літаратуры, істотна абмяжоўвае магчымасьці стварэньня рэлігійных арганізацыяў, адначасова забараняючы вернікам супольна вызнаваць сваю рэлігію без рэгістрацыі аб’яднаньня. З моманту прыняцьця закону беларускія мусяць прасіць дазвол з боку ўладаў дзеля ажыцьцяўленьня рэлігійных абрадаў. У прэамбуле да закону замацавана нераўнапраўе канфэсіяў.

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі разглядае гэтыя факты недапушчальнымі, асуджае курс існуючага рэжыму на ліквідацыю правоў чалавека і, грунтуючыся на прынцыпах, абвешчаных папярэднімі Асамблеямі,
— прапануе органам дзяржаўнай улады, мясцовага самакіраваньня, прадпрыемствам незалежна ад формы ўласнасьці супольна з няўрадавымі арганізацымі працаваць на карысьць беларускага грамадзтва;
— заклікае беларускія ўлады стварыць спрыяльны заканадаўчы клімат у дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў і грамадзянскіх ініцыятываў дзеля рэалізацыі грамадзянскай актыўнасьці;
— заклікае ўлады Беларусі спыніць ціск на недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі і стварыць роўныя ўмовы для дзейнасьці ўсіх мэдыяў незалежна ад формы ўласнасьці;
— заклікае ўлады Беларусі спыніць крымінальны перасьлед журналістаў;
— заклікае Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу адклікаць з Крымінальнага Кодэксу артыкулы 367, 368, 369;
— асуджае прыняцьце дыскрымінацыйнага Закону “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыяў”, патрабуе ад Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь адмовіцца ад падпісаньня дадзенага Закону і стварыць пагаджальную камісію па выпрацоўцы дэмакратычнага варыянту закону, у якім будуць улічаныя меркаваньні ўсіх канфэсіяў і праваабарончых арганізацыяў.

Прынята ў Менску,
6 кастрычніка 2002 году

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international