1 чэрвеня ў Менскім гаспадарчым судзе пачаўся разгляд пазову БХК да падатковай інсьпекцыі Маскоўскага раёну Менску, якая дамагаецца выплаты падаткаў і штрафных санкцыяў больш як на 75 тысяч даляраў

2004 2004-06-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы лічаць гэтыя прэтэнзіі неабгрунтаванымі. Калі гэтага ня ўдасца даказаць у судзе, кіраўніцтва БХК сядзе на лаву падсудных. Нагадваем, пракуратура ўжо завяла крымінальную справу супраць старшыні БХК Тацяны Процькі й галоўнай бугальтаркі арганізацыі Тацяны Руткевіч. Ім за нявыплату падаткаў пагражае некалькі гадоў турмы і канфіскацыя маёмасьці.

Вядзе працэс у Менскім гаспадарчым судзе судзьдзя Аксана Міхнюк. Яна пачала з высьвятленьня пазыцыяў што да праблемы нявыплаты падаткаў. Адказчык — падатковая інспэкцыя Маскоўскага раёну — не аспрэчвае права БХК на льготы, але заяўляе, што кіраўніцтва арганізацыі ня выканала належнай працэдуры іх атрыманьня. “Яны маглі атрымаць вызваленьне ад падаткаў, але не атрымалі. Прычынай ёсьць іх бязьдзеяньне”, — заявіла суду прадстаўніца падатковай інспэкцыі. Яна прывяла прыклад, калі адно прадпрыемства з Горадні нават заднім чыслом аформіла льготу, і забраныя ўжо падаткі яму былі вернутыя.

У Беларускім Хэльсынскім камітэце лічаць такі шлях непрымальным і незаконным. У БХК спасылаюцца на дамову паміж Беларусьсю і ўрадам Эўрапейскага Зьвязу, якая прадугледжвае аказаньне грашовай дапамогі Беларусі на розныя мэты па праграмах ТАСІS пры абавязковай умове вызваленьня ад падаткаў. Сярод праграмаў — як пабудова мытных тэрміналаў на мяжы з краінамі Эўразьвязу, так і разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Менавіта рэалізацыяй такіх грамадзянскіх праграмаў займаліся праваабаронцы з БХК. Яны заўважаюць, што калі цяпер суд вырашыць браць зь іх падаткі, гэта будзе фактычным скасаваньнем ранейшых міжнародных дамоваў і паставіць крыж на будучых праграмах дапамогі Беларусі. Гэтак лічыць старшыня БХК Тацяна Процька: “Я казала пра праграму “Новыя суседзі”, на якую цяпер Эўрапейскі Зьвяз выдзяляе 1 мільярд эўра. Гэта на чатыры краіны: Беларусь, Малдова, Украіна і Расея. Але ў чым прэцэдэнт? Калі мы цяпер будзем асуджаныя і нас вымусяць плаціць, такім чынам Беларусь страціць недзе 300 мільёнаў эўра”.

На судовым паседжаньні таксама высьветліліся цікавыя тэхнічныя акалічнасьці канфлікту. У прыватнасьці, стала відавочна, што расейскі пераклад дамовы аб аказаньні дапамогі па праграмах ТАСІS, якім карысталіся ў падатковай інспэкцыі, істотна розьніцца ад ангельскага арыгіналу. Судзьдзя абвесьціла перапынак, каб было падрыхтаванае заключэньне адмысловага перакладчыка, а таксама быў зроблены пераклад іншых істотных дакумэнтаў. Паседжаньне адновіцца 9 чэрвеня.
Паводле Радыё Свабода

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international