Мікола Маркевіч скардзіцца ў пракуратуру
19.05.2004.
18-га траўня Мікола Маркевіч падаў у пракуратуру Гарадзенскай вобласці скаргу на дзеянні супрацоўнікаў абласнога УКДБ, якія тыдзень таму ўчынілі ператрус ў офісе гарадзенскага аддзялення ТБМ, забраўшы дакументы і аргтэхніку. Сп. Маркевіч, які з'яўляецца старшынём аддзялення і галоўным рэдактарам газеты "День", лічыць, што ператрус рабіўся з грубымі парушэннямі заканадаўства. Ён патрабуе вярнуць сканфіскаваныя рэчы і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.У скарзе на імя пракурора Гарадзенскай вобласці Васіля Літвінава пералічаны шэраг парушэнняў, якія, на думку М. Маркевіча, дапусцілі супрацоўнікі УКДБ. Ён звяртае ўвагу на неадпаведнасць паміж заяўленай мэтай ператрусу і рэальнымі дзеяннямі групы. Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, заведзенай па факце распаўсюду ў Гродна ў канцы красавіка "антыпрэзідэнцкіх" ўлётак, аднак супрацоўнікі УКДБ найперш цікавіліся файламі, якія з'явіліся пасля 7-га траўня. "Гэта дае падставы для высновы, што ператрус быў толькі нагодай для вырашэння іншых задач, не звязаных расследаваннем крымінальнай справы... Магчыма, супрацоўнікі УКДБ мелі на мэце стварыць перашкоды маёй прафесійнай дзейнасці", - сказаў М. Маркевіч Прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", маючы на ўвазе сваю рэдактарскую працу ў газеце "День".
Дадаць камэнтар
Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма








